Рэцэнзент ы



страница8/10
Дата04.05.2016
Размер1.29 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10

3.1. Астрафічны і страфічны верш. Страфоід

Буду голымі біцца рукамі,

бо нягоднік, ілгун, прайдзісвет

зноў прыкінуліся ветракамі.

Хай любое аблічча яны

набываюць —

мяне не абдурыш!

Хай крычаць, што ілбом не разбурыш,

не парушыш каменнай сцяны —

без шчыта, без каня, без кап’я

я на крыўду іду ў наступленне,

і адзіная зброя — сумленне!

Бо мяняецца толькі адзенне —

не мяняецца сутнасць мая!



(Валянцін Тарас. Маналог Дон Кіхота)

Малапісьменная

Паводле дадзеных глухіх анкет,

Мама смела

Ведала свет.

Дзіўлюся рознабаковасці ведаў

Маці —

Ведала, што да чаго



На небе,

У лузе,


У хаце…
Яшчэ не ўмела ў горы хіліцца,

Яшчэ не ўмела

Маці хваліцца.

Так і не спасцігла

Цяжкой навукі —

Стаяць рукі ў бокі,

Сядзець склаўшы рукі.
Пакуль ёй рукі не сашчаміла,

Пакуль адпачыць не ўзяла магіла.


Гэта і ў сшытку неба

Занатавана зорамі —

Каб чытаў я да скону ў сораме,

Што не ведаю нічога без мамы,

Што без мамы

Я — непісьменны самы!



(Рыгор Барадулін. Веды)

  • Вы адкуль?

  • Мы — ад куль.

Мы — з вайны.

Мы — званы.

Мы — дамы.

Мы — дымы.

Каміны.

Камяні.


Стукае боль у грудзі,

Ваўчыцай завея вые.

Ходзяць па свеце людзі,

Нібы званы жывыя.



(Пятрусь Макаль. “…Вы адкуль?”)

Ой мурожна ды росна

ля быстрай вады.

Закасі мае вёсны,

касец малады…
Перапёлцы жалосна

і чуюць лугі:



  • Закасі мае вёсны,

касец дарагі.
Я сцяблінкай гатова

упасці ў пракос,

каб ты сніў мае бровы

і полымя кос.



(Анатоль Вялюгін. У чмяліным лузе)

Завіруха скача ноччу

Патарочай, плача, вые;

Пухавыя сыпе ў вочы

Снегавінкі мне; рагоча.

Йду навобмацк; ледзь жывы я,

Нежывыя суну ногі

Без дарогі. Цела ные,

Калянее; верставы я

Прамінаю слуп убогі,

Траярогі крыж збуцвелы,

Пасівелы, цёмны, строгі.

Не чакаю дапамогі…

(Алесь Гарун. Завіруха)

Пытанні і заданні: 1)Дайце вызначэнне гэтых вершаў з пункту гледжання іх страфічнай арганізацыі. Дзе вылучаюцца ў іх строфы, а дзе — страфоіды? 2)Пакажыце ролю рыфмаў у кампазіцыйнай і рытмічнай арганізацыі вершаваных твораў. 3)Асобна спыніцеся на гэтай ролі ў дачыненні да ланцужковых рыфмаў у вершы Алеся Гаруна, рыфмаў П.Макаля.

3.2. Віды простых строфаў

3.2.1. Двухрадкоўе

Помни дни святые святити,

Отца и матку чтити!
Не забивай ни едина,

И не делай греху блудна!


Не вкради, что дружнего,

А не давай свядецтва лживего!



(Францыск Скарына. З прадмовы да книги “Ісход”. 1517)

Поле палеглых дзяцей

Сінім барвенікам цвіце.
Срэбныя словы на плітах

аб справядліва забытых.


Не апраўдаць нябыт паміраннем,

хоць кожны дзень памірай.


А перад Змёртвыхпаўстаннем

Спавядаецца Край.



(Данута Бічэль. Поле)

У хмарах сонца стала патухаць

Спалохана трава прыціхла і прыгнулася.
Маланка мільганула галышом,

Красою асляпіла ўсіх і знікла.


На друзачкі, як шкло пад малатком,

Разбіўся гром аб востры грэбень лесу.


І лінуў дождж знянацку, бы з вядра,

Каб напаіць дасхочу ўсё жывое.



(Хведар Жычка. Першая навальніца)

Пытанні і заданні: 1)На якой падставе вылучаюцца двухрадкоўі ў вершах Ф.Скарыны, Д.Бічэль і Х.Жычкі? Што адыгрывае ў іх строфастваральную ролю? 2)Ці ўсе канцавыя сугуччы ў вершаваных радках Ф.Скарыны можна назваць рыфмамі? 3)Як называецца двухрадкоўе ў народаў Усходу? 4)Як называецца страфа (або від) антычнага (метрычнага) верша, першы радок якога гекзаметр, другі — пентаметр?
З.2.2. Трохрадкоўе (тэрцэт)

Я — спадчына вякоў, сын даўніх пакаленняў,

Я — быстралётны цень тысячалетніх ценяў,

Я — хуткамігі блеск ранейшых мігаценняў;


Я — тку далей узор няскончаных тканінаў,

Я — непрыметна плынь стардаўніх ручаінаў,

Я — кволая трава вячыстых лугавінаў.
Хачу я ўдаль зары да новых таямніцаў,

Хачу дастаць вады з няведамых крыніцаў,

Хачу дастаць агню з высокіх зараніцаў…

(Змітрок Бядуля. “…Я — спадчына вякоў”)

Журавель дон-н ды дон-н

У студні дно

Пaліцай.
Неба слупамі-дымамі

Дамы падтрымалі —

Не зваліцца.


Ружовашчокай бяглянкаю

Просіцца ў хату клямкаю

Раніца.

(Анатоль Шушко. Студзень)

Дацвітае чабор на палянах лясных.

Да наступнай вясны?

На палянах лясных дацвітае чабор…


Лагер спіць у начы. Хлопцаў радуюць сны

Незабыўнай вясны.

Хлопцаў радуюць сны. Лагер спіць у начы.
Родны бор, так трывожна не шапачы…

Дацвітае чабор на палянах лясных

Да наступнай вясны…

(Сяргей Панізнік. Да наступнай вясны)

Пытанні і заданні: 1)Вызначце вершаваны памер усіх трохрадкоўяў. 2)Якая рыфмоўка і якія віды рыфмы выкарыстаны ў творах? 3)Як называецца класічны трохрадковік у японскай паэзіі? 4)У якія класічныя віды строфаў (віды верша) уваходзяць трохрадкоўі? Прывядзіце прыклады.
З.2.3. Чатырохрадкоўе (катрэн)

Ніколі не ехаць

Хлапцу маладому

Да блізкага гаю,

Да роднага дому.
Над ім асыпаюцца

Слуцкія краскі,

Абсмалены колас

Схіліўся да каскі.


Ляжыць ён, як віцязь,

У стоптаным жыце.

Маці спаткаеце, —

Ёй не кажыце…



(Мікола Сурначоў. У стоптаным жыце)

Хто сказаў: “І я з народам”,

Хто з ім поплеч стаў, як з братам,

Хто пайшоў з ім роўным ходам,

К роўным зыскам, к роўным стратам, —

З тым і я. Няхай жа ліча,

Будзе трэба — хай пакліча.

Хто ж сказаў, а потым здрадзіў,

Хто пайшоў, а потым кінуў,

Хто ў душы сумленне згладзіў,

Ў кім апошні сорам згінуў, —

Хай дрыжыць! У дзень прысуду,

Ў страшны дзень, я сведчыць буду!

(Алесь Гарун. “…Хто сказаў”)

Вечар. Над Шчарай лягла

Белым прывідам імгла.

Вецер заціх, не шуміць.

Сном веснавым Слонім спіць.
Толькі адзін я не сплю —

Сэрца баліць, бо люблю!

Меру за крокам я крок,

Мчыць са мной думак паток…



(Сяргей Новік-Пяюн. Над Шчарай)

Жанчына…

Каханая ўстала над цёмнай ракой.

Жанчына…

Каханая доўга глядзела ў ваду.


На поплаве дальнім

Я потым русалку знайду,

Русалчыны вочы закрыю спакойнай рукой.
Пасля я — аслеплы — па беразе

Буду ісці,

І будуць дзве чорных гадзюкі

За мною паўзці.

Дагоніць адна з іх —

Ударыць маланкаю лютай.

Дагоніць другая —

І высмакча з раны атруту.



(Уладзімір Някляеў. “…Жанчына”)

Пытанні і заданні: 1)Пакажыце на прыкладах усе магчымыя віды рыфмоўкі чатырохрадкоўяў. 2)Як — з пункту гледжання строфікі —можна назваць верш Алеся Гаруна? 3)Якімі памерам і рыфмоўкай напісаны верш У.Някляева? Якія віды рыфмы (паводле націску, паўнаты супадзення сугуччаў) выкарыстаў паэт? 4)У якія цвёрдыя формы строфаў (віды верша) уваходзяць чатырохрадкоўі? 5)Як называюцца чатырохрадковікі на адну рыфму, з рыфмоўкай ааба і з такою ж рыфмоўкай, але з трыма рыфмамі-амонімамі? Прывядзіце прыклады.
5.2..4. Пяцірадкоўе (квінціла)

Зямля Беларусі! Бары і дубровы,

Жытнёвае поле, шаўковы мурог,

У промнях рабіны заход вечаровы,

Што клёкат буслоў — ручаёў перамовы

І ў шуме прысадаў істужкі дарог.


Зямля Беларусі! Вачамі азёраў

Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,

Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,

Знікаюць па водах, па чорных разорах,

Па травах, абсыпаных кроплямі рос.

(Пятрусь Броўка. Беларусь)

Полымя ружовых верасоў…

Я да соснаў, пэўна б, не прыйшоў,

Калі б лета сум мой загаіла,

Калі б восень зноў не запаліла

Полымя ружовых верасоў…


Светлая пароа юначых сноў…

Я сюды прыходжу зноў і зноў,

Наша ростань сум не загаіла,

Ў сэрцы назаўсёды запаліла

Полымя ружовых верасоў…

(Іосіф Скурко. Верасы)

Радаводных карэнняў маіх

Не знайсці ў гісторыі следу…

А ні бацьку майму, ні дзеду,

Толькі мне ў таежным краі

Давялося канцлагер зведаць.


Толькі я за чужыны сталом

Роспач радасцю разбаўляю:

Часта Случчыну ўспамінаю…

І блакітна-сівым кавылём

Ў ногу з Музаю кавыляю.

(Міхась Кавыль. Галашу, як умею…)

Пытанні і заданні: 1)Вызначце віды пяцірадкоўяў, пакажыце іх на схеме. 2)Як называецца і які выгляд мае класічны пяцірадковік у японскай паэзіі? Адшукайце прыклады.
З.3. Віды складаных строфаў

3.3.1. Шасцірадкоўе (секстэт)

Я ў сад пайшоў… Ўсё глуха, дзіка,

Усё травою зарасло.

Няма таго, што раньш было,

І толькі надпіс “Вераніка”,

На ліпе ўрэзаны ў кары,

Казаў вачам аб той пары.
Расці, ўмацовывайся, дрэва,

Як манумент жывы, ўставай

І к небу надпіс падымай.

Хай нерухомы словы спева:

Чым болей сходзіць дзён, начэй,

Тым імя мілае вышэй.



(Максім Багдановіч. Вераніка)

Не шасцяць каласы,

Звон не валіцца з касы,

Не кладуцца ў стог пласты,

Толькі сыплюцца лісты

На яловыя кусты,

На сухія верасы.
Не іскрыцца небазор,

Не цвіце трава чабор,

Не цыгліць птушыны стан,

Толькі поўзае туман,

Вецер б'е ў нямы курган, —

Шапаціць імглісты бор.



(Янка Купала. Адцвітанне)

Ой, бярозы ды сосны —

Партызанскія сёстры,

Ой, шумлівы ты лес малады.

Толькі сэрцам пачую

Тваю песню лясную

Ды успомню былыя гады…
Адышлі тыя годы,

Адгрымелі пахолды,

Толькі пушча за полем шуміць.

Ой, бярозы ды сосны —

Партызанскія сёстры,

Вас ніколі ў жыцці не забыць.



(Адам Русак. Лясная песня)

Шумі, сасоннік малады!

Жалейкай грай на ўсе лады.

Я чую пах смалістых хвой.

Ізноў мне Бацькаўшчына сніцца…

Ці не стаптаная суніца

Сцякае сокам над травой?
Цябе забыць я не магу…

І на выгнанні п'ю тугу,

Цярплю нязвыклую жуду.

Самотай сэрца халадзее.

А ўсё ж не згублена надзея:

Вярнуся, любая, прыду!



(Рыгор Крушына. Кантата самотных)

Пытанні і заданні: 1)Ахарактарызуйце мадэлі ўсіх прыведзеных строфаў. 2)Якія з шасцірадкоўяў можна аднесці да секстынаў? 3)Які выгляд мае секстына лірычная, хто з беларускіх паэтаў звяртаўся да яе?
6.2.2. Сямірадкоўе (септыма)

Часцей, часцей прыпамінай

Імёны паўшых смерцю храбрых

За родны край, наш мілы край, —

Каб над зямлёй, што млела ў ранах,

Плыў гэты сіні-сіні ранак,

Цвіў гэты белы-белы май, —

Часцей, мой друг, прыпамінай!



(Ніл Гілевіч. “…Часцей, часцей прыпамінай”)

Надзея, патрабуй жыцця!

Хай здані логікі і явы

Шабасяць —

ты на іх управа,

Адной табой хварэе права

Паверыць у вясны працяг,

У сэнс бязлітасны быцця, —

Надзея, патрабуй жыцця!

(Ніна Мацяш. “…Надзея, патрабуй жыцця”)

Наш мірны дзень напоўнены жыццём:

спакоем, рухам, шчасцем і журбою,

адчаем, верай, радасцю і болем, —

бо мы расцём, наперад мы ідзём,

змагаемся, шукаем, адкрываем,

адно — спыняцца права мы не маем.

Наш мірны дзень напоўнены жыццём.



(Хведар Жычка. Наш дзень)

Пытанні і заданні: 1)Запішыце рыфмова-клаўзальныя схемы гэтых строфаў. 2)Хто з беларускіх паэтаў яшчэ звяртаецца да сямірадкоўяў, да сямірадковікаў?
3.3.3. Васьмірадкоўе (актэт)

Беларусь, Беларусь — гэты зык

Паліць душу маю, як агнём.

Я не ведаю, чым ён вялік,

Але думак не змог я аб ём.

Як пачую яго, задрыжыць

Маё сэрца, заные ў грудзях,

І балюча так робіцца жыць,

І шукаеш чагосьці ў людзях.

(Уладзімір Жылка. Беларусь)
Гэй ты, маці, родна мова,

Гэй ты, звон вялікі, слова.

Звон магучы,

Звон бліскучы,

З срэбра літы,

З злота збіты,

Загрымі ты,

Загрымі!


(Алесь Гарун. Песня-звон)

Нооч маўкліва. Цёмна, глуха.

Прылажыла чутка вуха

За акном старая вішня.

Штось прамовіць: шу-шу-шу!

І заціхне, бы баіцца

Памыліцца

І сказаць што-небудзь лішне.

Я лажусь. Агонь тушу.

(Якуб Колас. Звон шыбаў)

Жытло маёй душы

Заселена табою,

Святло маёй тугі

Зацеплена табой.

Святло не патушы,

Бо ўцёмначы абое

Абралі шлях даўгі

З адвечнай варажбой.

(Рыгор Барадулін. “…Жытло маёй душы”)

Пытанні і заданні: 1)Чым вызначаюцца страфічныя мадэлі гэтых твораў? 2)Па восем радкоў маюць такія віды верша, як актава, трыялет, сіцыліяна. Ахарактарызуйце іх. Прывядзіце прыклады.
3.4. Класічныя і аўтарскія віды строфаў

Паняцці і тэрміны для самакантроля



КЛАСІЧНЫЯ ВІДЫ СТРОФАЎ, або ЦВЁРДЫЯ ФОРМЫ ВЕРША — віды строфаў і формы верша, якія ўзніклі пераважна ў сярэдневяковай класічнай паэзіі (але не толькі), набылі інтэрнацыянальнае бытаванне і вызначаюцца пастаянствам вершаванага памеру, рыфмоўкі, колькасці і размяшчэння вершаваных радкоў. Сюды адносяцца санет, трыялет, секстына, тэрцыны, актава, рандо, рандэль, анегінская страфа, хоку, танка і інш. Напрыклад, у трыялеце /франц. triolet, ад італ. trio — трое) з васьмі радкоў два першыя і два апошнія, а таксама першы і чацвёрты аднолькавыя. Першы радок, такім чынам, паўтараецца тройчы (адсюль і назва). Гэтым вымогам цалкам адпвядаюць усе першыя беларускія трыялеты М.Багдановіча (“…Мне доўгае расстанне з Вамі”, “…Ты быў, як месяц, адзінокі”, “…Калісь глядзеў на сонца я” і інш.). У секстыне /італ. sektina, ад лац. sex — шэсць/ усяго шэсць радкоў на дзве рыфмы (абабаб ці абабвв). У тэрцынах /італ. terzina, ад terza — трэцяя/, якія пішуцца трохрадкоўямі з ланцуговай кампазіцыяй, сярэднія радкі ўсіх папярэдніх строфаў рыфмуюцца з двума крайнімі строфаў наступных. Заканчваюцца тэрцыны асобным радком, што рыфмуецца з сярэднім радком апошняга трохрадкоўя. Такія дакладна і першая беларуская тэрцына М.Багдановіча (“…Ёсць чары у забытым, старадаўнім”), і тэрцыны іншых беларускіх паэтаў — У.Караткевіча (“Апошняя песня Дантэ”), А.Грачанікава (“Нам свецяць”), Я.Сіпакова (“Тэрцыны пра наручнікі”), Р.Крушыны (“Тэрцыны”), Э.Акуліна (“Тэрцыны”). Як К.в.с. можна вызначыць і лімерык гумарыстычна-сатырычны пяціскладовік з рыфмоўкай аабба, два першыя і апошні радкі якога пішуцца трохстопным, а трэці і чацвёрты — двухстопным анапестам. Верш гэты запазычаны з ірландскай паэзіі і зусім нядаўна абеларушаны А.Хадановічам (“Беларускія лімерыкі”). Беларуская паэзія ў выніку своеасаблівасці гістарычных умоў яе развіцця (афіцыйнае непрызнанне царскім урадам беларускай мовы, забарона — ажно да рэвалюцыі 1905—1907 гг. — беларускага друку і г.д.) багаццем К.в.с. авалодала толькі ў ХХ ст. Вялікі ўклад у абеларушванне разнастайных К.в.с. унеслі Я.Купала, М.Багдановіч, А.Гарун, У.Жылка, У.Дубоўка, Н.Арсеннева, М.Кавыль, А.Салавей, Р.Крушына, Н.Гілевіч, Р.Барадулін, Я.Сіпакоў, Э.Акулін і інш.

САНЕТ /італ. sonette, ад sonare — гучаць, звінець/ — від страфы, якая складаецца з чатырнаццаці радкоў пяці-, радзей шасці- ці нават чатырохстопнага ямба. Аб’ядноўвае два чатырохрадкоўі і два трохрадкоўі. Дзве рыфмы арганізуюць катрэны (абба абба ці абаб абаб), тры рыфмы тэрцэтаў размяшчаюцца ў залежнасці ад характару папярэдняй рыфмоўкі: ввг дгд ці ввг ддг. У С. кампазіцыйная будова цесна звязана са зместам. У катрэнах назіраецца развіццё тэмы, у тарцэтах — кульмінацыя і развязка. Як адзначыў М.Багдановіч, у першых васьмі радках “развіваецца тэма С., а ў астатнім — заключэнне да яе; ставіцца пытанне і даецца адказ; малюецца абразок і даецца паясненне да яго”. Асаблівая нагрузка падае на апошні тэрцэт, нават на апошні радок тэрцэта, які па думцы і вобразнасці павінен быць самым моцным у С. (санетны замок). Больш таго, па законах класічнага С. апошняе слова ў С. павінна быць своеасаблівым сэнсавым “ключом” твора. У той жа час ніводнае слова, выключаючы хіба дапаможныя, не павінна ў ім паўтарацца. С. узнік у Італіі /XIII ст./, потым пашырыўся ў іспанскай, партугальскай, французскай, англійскай і іншых літаратурах. Паступова рассоўваліся тэматычныя і жанравыя рамкі С. Напачатку быў прыналежнасцю выключна інтымнай лірыкі. У Шэкспіра напоўніўся філасофскім роздумам. Калі ж Іван Франко стварыў свае “вольныя” і “турэмныя” С., якія-небудзь тэматычныя абмежаванні для гэтай формы верша перасталі існаваць. З часам паэты ўразнастайвалі і саму форму С. Шэкспір, напрыклад, пісаў С. у форме трох чатырохрадкоўяў і аднаго заключнага двухрадкоўя (абаб вгвг деде жж). У С. прыходзіў акцэнтны верш, у ім знікала роўнастопнасць чацвёртага радка кожнага катрэна (храмы С.), прысутнічала толькі дзве рыфмы на ўвесь С. (суцэльны С.) або іх зусім не было (белы С.), катрэны і тэрцэты мяняліся месцамі (перавернуты С.), неставала аднаго катрэна (безгаловы С.) або катрэна і тэрцэта адначасова (напаўсанет), колькасць тэрцэтаў даходзіла да трох ці нават чатырох (хвастаты С.) і інш. У наш час, дарэчы, узоры многіх такіх форм С. даў украінскі паэт С.Крыжаніўскі. Аднак гэтыя “ўдаскаальванні” С. не выйшлі за межы эксперыментаў, прыжыўся, бадай, толькі С. шэкспіраўскага тыпу. У гісторыю літаратуры Беларусі С. упершыню ўвайшоў у 1610 г., калі М.Сматрыцкі змясціў у сваім славутым “Фрынасе” ўласны пераклад аднаго з С. Петраркі на лацінскую і польскую мовы. У XIX ст. з’яўляюцца перакладныя С. ( напрыклад, перакладзены А.Ельскім С. А.Міцкевіча “У буру”). Першыя арыгінальныя С. на беларускай мове апублікаваў Я.Купала (“Жніво”, “Па межах родных і разорах”, “Запушчаны палац” — усе 1910; да гэтага, у 1906 г., паэт напісаў сем санетаў на польскай мове; усяго ж на рахунку Я.Купала 22 санеты). Услед за ім у 1911 г. да С. звярнуўся М.Багдановіч (“…Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі”, “…Замёрзла ноччу шпаркая крыніца”, “…Прынадна вочы ззяюць да мяне” і інш.). Паэт пераклаў на беларускую мову некаторыя С. Верлена (“Шынок”, “Маладосць”), Арвера (“…Я тайну ў глыбіні душы хаваю”), даследваў гэтую вершаваную форму як літаратуразнавец (гісторыка-тэарэтычны нарыс “Санет”). Да С. даволі часта звярталіся і звяртаюцца розныя беларускія паэты. Вядомы С. Я.Коласа (санетны трыпціх “Наперад!”, першы беларускі санет-акраверш “Зорка”), З.Бядулі (“…Тут неба — даль бязбрэжная як,мора”), П.Труса (“Над кубкам возера”), У.Жылкі (“Меч”, “Каханне”, “Хараство”), У.Дубоўкі (“…Прамерыць гоні шмат разоў араты”, “… Ля Мядзела ёсць возера адно”). С. ёсць у К.Кірэенкі, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, Э.Валасевіча, Хв. Жычкі, М.Федзюковіча, С.Мінскевіча (цыкл “Мінскія санеты”) і інш. Некалькі дзесяткаў С., у тым ліку сатырычных, стварыў А.Звонак. Значным здабыткам беларускага санетапісання з’явіліся “Санеты” Шэкспіра, выдадзеныя ў 1964 г. у перакладах У.Дубоўкі. Беларускія паэты вызначыліся ў архітэктанічнай арганізацыі буйных санетных структур, ад санетных дыпціхаў (“Белыя санеты” Хв. Жычкі), трыпціхаў (“Гуманізм” А.Салаўя, “Радзіма” А.Звонака), тэтрапціхаў (“Год” Р.Барадуліна) і да больш значных. Так, у А.Звонака сустракаюцца цыклы з 5 (“Сумленне веку”, “Дзіва”) і нават з 6 С. (“Святлісты дзень красавіка”). А ў беларускіх паэтаў замежжа М.Каваля ёсць т.зв. карона С. “Мярэжа” з 7 твораў, у А.Салаўя — цыклы з 23 (“Несмяротнасць”) і нават з 25 С. (“На хуткіх крылах вольнага Пегаса”). Адна з найбольш складаных і рэдкіх архітэктанічных структур — вянок санетаў. У ім паўтарэннем асобных радкоў усе 14 С. звязаны паміж сабою, а таксама з магістралам — пятнаццатым, заключным С., што складаецца з першых радкоў папярэдніх С. Кожны наступны С. пачынаецца радком, якім заканчваецца папярэдні. Чатырнаццаты С. завяршаецца радком, якім пачынаецца першы. Гэты ж радок пачынае і магістрал. Такім чынам ствараецца арыгінальнае архітэктанічнае кола. Першыя беларускія вянкі С. напісалі М.Кавыль (“Цяжкія думы”, 1956; “Чорны мёд”, 1958), А.Салавей (“Вянок санетаў”, 1958) і Н.Гілевіч (“Нарач”, 1967). Затым да гэтай складанай вершаванай формы звярталіся Хв.Жычка (“Абеліск”), А.Сербантовіч (“Васілёк”, “Курганы”, “Салдат”), Я.Сіпакоў (“Жанчына”), Т.Бондар (“Шляхі”), П.Макаль (“Ворыва”) і інш. І ўжо самая складаная, вышуканая архітэктанічная санетная структура — вянок вянкоў С. Ён складаецца з 15 вянкоў С.; апошні, пятнаццаты, уключае ў сябе магістралы ўсіх папярэдніх. Першы беларускі вянок вянкоў С. “Апакаліпсіс душы” надрукаваў у 1992 г. З.Марозаў. У 1999 г. да яго далучыўся М.Віняцкі (“Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі…”), у 2000 г. — С.Шах (“Адухаўленне”). Наогул, у сусветнай літаратуры налічваецца сёння ўсяго некалькі твораў такой будовы.

Пытанні і заданні: 1)Знайдзіце ў беларускай паэзіі прыклады адычнай страфы, глосы, рандо, рандэля, анегінскай страфы. 2)Якія творы сусветнай класікі напісаны тэрцынамі, спенсеравай, адычнай, анегінскай страфой? Прывядзіце прыклады. 3)Ці ёсць у беларускай паэзіі прыклады дзевяцірадкоўя (ноны), дзесяцірадкоўя (дэцымы), адзінаццаці- і дванаццацірадкоўя? 4)Якая найбольшая ва ўсходніх славян аўтарская страфа і каму з беларускіх паэтаў яна належыць? Дайце прыклад. 5)Калі з’явіліся першыя беларускія санеты і вянкі санетаў? Хто іх аўтар? 6)Хто і калі з беларускіх паэтаў напісаў першы ў славянскім свеце вянок вянкоў санетаў? Апішыце гэтую страфічную форму.
Паэзія — дзіўная музыка слоў,

На ліры ігранне пачуццяў.

Хто вуха глухое на сэрца скалоў,

Той розум халодны ачмуціў.

Усю мілагучнасць, напеўнасць далоў!

Крыніцу пяском скаламуціў.

Паэма, той кажа, дурніца —

Нікому ніколі не сніцца.


Дзе бачылі гэткае, каб у жыцці

Гаворка была зрыфмаваная?

Ці ж дактыль і ямб у размове знайсці?

А форма? Нідзе не чуваная!

Паэзія ёсць адхіленне ад нормы,

Да простае прозы сапхнуць!

І музыку слоў, і складаныя формы,

І звонкіх радкоў самакруць —

З вышыняў Алімпу сапхнуць!

Не трэба ні вобразаў смелых,

Ні вершаў з рыфмоўкай, ні белых…

Навошта? Мазгоў не сушы!

Звычайны артыкул пішы.
Няўжо я не дам сабе рады?

Ад цёмнай развагі і рады

Далей адыйсці, каб не чуць!

Я цешуся, іншаму рады.


Я рады, калі на радкі

Натхненне кладзе свае знакі.

А часта ў жыцці мастакі

Не маюць ніякай падзякі.

За светлае слова, за песню вясны

І голад і холад спазналі яны.


Паэзія — дзіўная музыка слоў.

Сапраўдныя з ёю паэты

Ідуць да высокае мэты,

Хвалююць у целе застыглую кроў.


Сягоння і я ў мілагучнасць ізноў

Падсыпаў свае самацветы

І, восеньскім сонцам сагрэты,

Збіраю праменне для музыкі слоў.


Праменне ў сугучнасць збіраю.

І шчырае слова я ў песню бяру.

Спяваю я роднаму краю.
Хачу, каб звінела кантата

І ўсіх падымала высока ўгару,

Каб добра жыла і багата.
Паэзія — дзіўная музыка слоў,

Ігранне пачуццяў на ліры.

І голас прываблівы, шчыры:

Паэзія — дзіўная музыка слоў.

Жывымі радкамі кіруе любоў,

І тыя радкі — канваіры.

Паэзія — дзіўная музыка слоў,

Ігранне пачуццяў на ліры.


Няхай анамалія, нават ламаная,

А я на яе пазіраю з пашанаю.

З гарачай любоўю іду да яе,

Яна мне заўсёды і ўсюды пяе:

Паэзія — дзіўная музыка слоў,

Там моцна завязана сетка вузлоў.


Рандо, трыялеты, актавы, санеты,

Газелі, туюгі складайце, паэты!

Прыгожыя формы бярэце,

Багатыя і дасканалыя.

Я з вамі ў раскошнай карэце,

Я і ламаная анамалія.



(Рыгор Крушына. Лірычная кантата)
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница