Рэцэнзент ы



страница7/10
Дата04.05.2016
Размер1.29 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10

Пытанні і заданні: 1)Вызначце ўсе рытмічныя чыннікі вершаў Ф.Савіча, У.Сыракомлі і Ф.Багушэвіча, устанавіце, якім памерам яны напісаны. 2)Пакажыце на прыкладзе верша Янкі Лучыны “Пагудка” ўплыў тагачасных народнай тонікі і літаратурнай сілаба-тонікі на беларускае сілабічнае вершаванне, што ўрэшце прывяло да канчатковай яго адмены ў беларускай паэзіі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст.
2.6. НАРОДНАЕ ВЕРШАВАННЕ

Паняцці і тэрміны для самакантроля



НАРОДНАЕ ВЕРШАВАННЕ — сістэма вершавання, якая выкарыстоўвалася і часткова яшчэ выкарыстоўваецца ў народнай паэзіі. Гэта — самая ранняя сістэма вершавання ва ўсходнеславянскай літаратуры, калі слова існавала разам з музыкай, жэстам, рухам. Народны верш спяваўся або прамаўляўся рэчытатывам (напеўнай дэкламацыяй). Так, рускія быліны, украінскія думы, беларускія замовы і галашэнні не проста чыталіся, як мы іх цяпер чытаем па фальклорных зборніках, а выконваліся нараспеў, рэчытатывам, прычым (за выключэннем замоў і галашэнняў) у суправаджэнні якога-небудзь музычнага інструмента (гусляў, кобзы, ліры). Таксама і беларускія народныя песні (гістарычныя, каляндарна-абрадавыя, любоўныя і інш.) паядноўвалі ў сабе слова і мелодыю, сэнс і гук. У Н.в. вялікую ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі — склада. У выніку гэтага слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася свайго граматычнага націску, дапускала перастаноўку гэтага націску з аднаго складу на другі, у вершаваных радках з’яўляліся лішнія словы — “зaтычкі”, асобныя склады “расцягваліся”, другія, наадварот, “сцягваліся” (так, замест “у” і “і” нават пасля зычных з’яўляліся “ў” і “й”) і г.д. Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова вызваляцца ад мелодыі, у якасці арганізуючага рытмічнага пачатку Н.в. выступіў моцны (або апорны) націск, які, нібы магнітам, прыцягнуў да сябе націскі некаторых суседніх слоў, і не толькі дапаможных, але і самастойных. Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках і стварыла рытм танічнага ў сваёй аснове народнага верша. Існуюць два тыпы народнага верша: песенны і рэчытатыўны, або гутарковы. Рэчытатыўны верш некалькі маладзейшы за песенны. У ім, у адрозненне ад песеннага, некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Самай распаўсюджанай яго формай з’яўляецца былінны верш — бязрыфменны верш, у радках якога звычайна па 4 апорныя націскі (з іх апошні — дапаможны), да гэтага — двухскладовыя анакрузы і клаўзулы. Песенны верш таксама пазбаўлены аднастайнасці. Як падкрэсліваў І.Насовіч у прадмове да зборніка “Беларускія песні” /1874/, “ва ўсіх беларускіх песнях, і асабліва старажытных, пануе танічнае вершаванне, у якім націск галоўнага па сэнсу слова падпарадкоўвае сабе ўсе астатнія склады і націскі”. Н.в. у двух яго асноўных тыпах паступова відазмянялася пад уплывам літаратурнага верша, які ў беларусаў узнік на самым пачатку XVI ст. Гэта быў антычны (метрычны) верш — у паэзіі на лацінскай мове і сілабічны верш — у паэзіі на старабеларускай мове. Літаратурны верш з яго роўнаскладовасцю вершаваных радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна паўплываў на чыста танічныя прынцыпы Н.в. Ужо з XVI ст. у вершы народных песень узнікаюць сілаба-танічныя формы, якія паядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавасць у радках рытмічных акцэнтаў) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавасць складоў у радках). У песнях з’яўляюцца рыфмы, а таксама строфы. У сваю чаргу, маладыя сілаба-танічныя формы Н.в. пачалі акзваць уплыў на літаратурны сілабічны верш, паскараць фармаванне сілаба-танічнай сістэмы, якая ў беларускай кніжнай пэзіі зараджаецца ў канцы XVIII ст. Што да чыста танічных форм народнага верша, то яны пазней знайшлі развіццё ў літаратурнай танічнай сістэме вершавання.
Вочы ў вочы,

мыслі ў мыслі!

Еду я на гадзе,

Чорнай пугай паганяю,

(Іванкава) сэрца замаўляю:

спаць бы ты не спаў,

хлебам не заядаў,

любіць бы мяне да смерці

не пакідаў!

(Замова-прысушка)

Звіх, звіх,

Не будзь ліх,

Не хадзі па касцях,

А хадзі па лясах,

Не ламі касцей,

А ламі хварасцей.

(Замова ад звіху)

Першым разам,

вячэрнім часам.

Вячэрняй зары пакланюся,

крынічнай вадой умыюся.

Вадзіца-царыца,

наша памачніца,

бяжыш ты з балот,

з імхоў, з розных ручаёў.

Змываеш ты горы

і ніцыя лозы,

белае каменне,

чорнае карэнне, —

змый (Марыльчыны)

сурокі-прыгаворы:

падумныя,

пагадныя,

пацешныя,

насмешныя,

хлапцоўскія,

дзявоцкія,

мужчынскія,

жаноцкія,

цыганскія,

паганскія, —

з буйнай галавы,

з белай касці,

з краснае крыві,

з пячонак-селязёнак,

з ручак, з ножак,

з пальчыкаў-сустаўчыкаў, —

каб белага ліца не сушыць,

крыві не турбаваць.

Амінь!


(Замова ад сурокаў)

Адна бяда ідзе,

другую за ручку вядзе.

***


Два на гаду Юр”і,

ды абодва дурні:

увосень халодны,

а ўвесну галодны.

***

На Бога спадзявайся,



але сам старайся.

***


Мілы той куток,

дзе рэзан пупок.

***

Адклад не ідзе ў лад.



***

Варвара ноч уварвала.

***

Як дбаеш, так і маеш.



***

Горка рэдзька, ды ядуць,

кепска замужам, ды йдуць.

***


З мілым па душы —

рай і ў шалашы.

***

Калі муж з жонкай сварыцца,



тады ў гаршку трасца варыцца.

(Народныя выслоўі)

Усе яго любяць, чакаюць,



убачуць — адразу заплачуць. (Сонца)

***


Прыйшла чорная карова,

увесь свет пабарола;

белая ўстала —

увесь свет пападымала. (Ноч і дзень)

***


Ляцелі тры галкі,

селі на праталкі.

Адна кажа — паляжым,

другая — пабяжым,



трэцяя — паківаемся (Камень, вада, трава)

***


Быў я на капанцы,

быў я на кружанцы,

быў на пажары,

быў на базары;

малады быў —

увесь свет карміў,

а як стары стаў —

пелянацца стаў;

давялося ж паміраць —

некаму касцей пахаваць. (Гаршчок)

(Народныя загадкі)

А мой мілюсенькі,

А мой раднюсенькі!

А цябе, як ты сам казаў,

Татка ды мамка

Маленькага кінулі.

Да табе была вельмі трудненька на свеце,

Да не было каму цябе глядзеці,

Да цябе надта ўсе крыўдзілі.

Да трэба было для пана паншчыну адбыці,

Да ў доме ўсенька зрабіці,

Да галоднымі гадамі хлеба прыкупіці,

Але трудна было скуль узяці,

Да трэба было на шыю сваю набраці,

Да прыдумаць, да прыгадаці,

Як потым грошы і квоту заплаціці…



(Хаўтурнае галашэнне)

Вох вы, людзі, людзі старыя,

Мужыкі вы праваслаўныя,

Ох вы, братцы, ды вы слухайце,

Во што буду я і сказываці,

Разгаворы разгаварываці,

Во што была пры старым цару,

Пры цару Івану Васільевічу,

Пры блажэннай яго памяці…

(Гістарычная песня)

Прыехаў дзед на паляначку

І пусціў коніка на папасачку,

А сам лёг на аддыханейка.

І прыйшло да дзеда сорак молайцаў,

Сорак молайцаў, усе разбойнічкі.

Хочуць дзеда у палон забраць,

Яго коніка у табун загнаць.

А стары дзедзя не ўлякаецца,

К сырому дубу прыграбаецца…



(Гістарычная песня)

Пытанні і заданні: 1)Уважліва прачытайце фальклорныя творы розных жанраў. Падумайце, якія моўныя з’явы, чаргуючыся, надаюць рытмічнасць гэтым творам. 2)Паразважайце над функцыямі рытму ў гэтых творах.
2.6.1. Літаратурныя імітацыі народнага верша

Кінуўшы, рынуўшы паўстанне,

Прыбег к табе, маспане.

Трасца паберы

Нашых жаўнеры!

Уздумалі Польшчу пану звараціць,

Ды бадай ці не лепей гасудару служыць.

Пагубілі народ, Польшчы не зрабілі,

А бяды сабе па вушы нарабілі.

Каб гарэлку дзялілі, хлеб, мяса давалі —

Слова нет, мы ўсю б Польшчу забралі.

Но як выйшлі ў поле, станулі ў доле,

Спаткаліся, як цёмная хмара, з маскалямі,

Так не зналі, што зрабілася з намі.



(Ананім. Віншаванне бондара Савасцея 1831)

Дождж, марозіць, — увесь чыста я змяк,

Хоць вазьмі ды скідай апошні армяк.

А яшчэ на паноў трэба з час пачакаць,

Пакуль дровы мае сабяруцца купляць.

Глянь я… пан падышоў, сышліся ў цане,

І дровы ўсе забраў у мяне.

Ну, і рад жа я быў! Куплю жонцы кажух, хлопцу штаны,

А сабе — што мацнейшай адборнай махры.

Калі гэтак з сабою гаворку вяду, —

Бачу цэркаў, ці што, на баку.

Гэткі дом. Як бы хат нашых дваццаць у адну

Паставіў высока, сцяна на сцяну!..

(Ананім. Тэатр. ХІХ ст.)

Пытанні і заданні: 1)Якія параметры вызначаюць раёшнік? Ці адпавядаюць прыведзеныя прыклады такому вершу? 2)Знайдзіце прыклады беларускага раёшніка ў зборніках беларускага фальклору і беларускай літаратуры ХІХ ст.


Гэй, павейце, разгуляйцеся,

Ветры вольныя, лёгкакрылыя,

Над старонкай над крывіцкаю

Зашуміце, неўгамонныя.

Паміж небам і зямліцаю

Віхрам-птахам пранясіцеся,

Леты даўна прамінуўшыя

Уздымайце з чорна попелу.



(Янка Купала. Гарыслава)

На Лявонавай кашулі вышыты галубкі;

Я за тое вышывала, што цалуе губкі.

На Сямёнавай кашулі вышыты лісточкі;

Я за тое вышывала, што цалуе вочкі.

На Сапронавай кашулі вышыты падкоўкі;

Я за тое вышывала, што цалуе броўкі.

(Максім Багдановіч. “…На Лявонавай кашулі”)

Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг

З таго дзерава ліванскага.

Ўшыркі гэтаму каўчэгу — сто лакцёў,

А ўдаўжкі — болей тысячы.

Ды ўзяў туды Ной і птах і звяроў,

Каб не звёўся іх род на зямлі.

Ды не плыў к яму з мора сіняга

Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.

Яго звычаі — арліныя,

Яго ўцехі — сакаліныя;

Пер”і-пер”ечкі бялеюцца

Ды на золаку агнявеюцца.

У яго ў крыле — трыста тры пяры:

Узмахне крылом — быццам бор шуміць,

Узмахне другім — што мяцель шуміць.



(Максім Багдановіч. Страцім-лебедзь)

Пытанні і заданні: 1)Перад вамі — вершы, якія імітуюць рытміку асобных народна-паэтычных твораў. Паглядзіце, наколькі ўдала праводзіцца такая імітацыя. 2)Вызначце, які(я) від(ы) танічнага верша выкарыстаны тут.
Гэй, пайду ж я па вуліцы

Ў тое поле за аколіцу.

Ля аколіцы і плот і гарод,

Завіваецца хмялінушка.

Ды чаму ж цябе, зялёную,

Градам-дожджыкам не выбіла?

Ты, хмялінушка вясёлая,

Раскудравая хмялінушка,

Загубіла буйну голаву,

Буйну голаву Максімаву.


Максім у карчомцы гуляе,

Ён гуляе — крыж прапівае,

Да таварышаў сваіх выгукае:

“Піва-мёд у карцы налівай,

Каб лілося аж за край, аж за край,

Песню гучную ямчэе завадзі

Ды цымбаламі падыгрывай!”
Гэй, як скрыпнуць, як утнуць гапака, —

Толькі сцены захадзілі у шынка.

Струны звонка вымаўляюць з-пад рукі,

Ёмкім дробам выбіваюць хадакі.

Іх сталёвыя падкоўкі звіняць;

Ля парога людзі добрыя стаяць,

Падпяваюць, прыгаварываюць

Ды Максіма ўсё пахваліваюць.

Ён сядзіць — не памалу п’е,

Пад цымбалы у далоні б’е,

І хмяльна жа яго галава,

Мова дзіўная так-такава;


“Магда, Магдачка,

Мая кветачка-пралесачка!

Не кахацца мне, хлопу, з табою,

Ваяводы старога дачкою.

Сёння з войтам цябе заручаюць,

Рушнікі вынімаюць,

Русу косу тваю прапіваюць.

То не траўка-павіліка расплятаецца, —

Наша вернае каханніца канчаецца.

Ўжо не будзеш гуляць, як бывала,

Цалаваць, як раней цалавала,

Выхадзіць у сад апаўночы,

Глядзець ненагляднаму ў вочы.

Ты марцовага снегу бялей,

Броўкі — долі сіроцкай чарней;

Не забыць іх сэрцу ніколі,

Не бачыць да веку патолі.

Лійся, піва, цячы, як вада,

Бо пала на сэрца нуда!”
У хмялю Максім гавора, не чакае гора,

Ды пачула тыя словы шынкароўна Сора.

Ўзяла Сора да палацу шпарка пабяжала,

Ваяводзе а прыгодзе ўсё пераказала.

Гэй, як грымне ваявода у памост нагою:

“Налажы ж ты, ледацюга, буйнай галавою!”

Толькі ўчулі тое слугі — зараз паспяшалі,

Ланцугамі хлопу ногі закавалі,

Павялі на пляц кірмашовы,

На памост высокі сасновы.

Людзі добрыя ўкруг стаяць.

Ён ідзе-не-ідзе, супыняецца;

Белы ручанькі па баках вісяць,

Ногі борздыя вагаюцца.

Ды не жаліцца да людзей Максім,

Толькі кажа ён аб цымбалы ім,

Хоча зноў пачуць тое гранніца

У астатні раз,

У смяротны час,

На апошняе са светам развітанніца.


Вокам кінуць — цымбалы дасталі,

На памост на высокі паклалі.


Устрахнуў Максім кудрамі — годзе плакаць, годзе.

Цяжка-важка, сумнёсенька ён заводзе:


“Не вятрыска са паўночы павявае —

Ціхі сон у камору ўступае,

Вочы мне стуляе, ацьмянжае.

То не птушка ў гняздзечку ўстрапянулася —

Маё сэрца улякнулася.

Снілась мне — я ўзмежкам іду,

Поруч збожжа калыхаецца,

Поруч збожжа калыхаецца,

Буйнай срэбнай расой асыпаецца.

Сёння споўніўся той нядобры сон,

Сёння споўніўся цераз дзевяць дзён:

Праз цябе, дзявоцкая краса,

Слёзы коцяцца, як буйная раса”.

Ціха ўсё — толькі струны звіняць,

Толькі песня разліваецца.

Людзі добрыя навокал стаяць, —

З болю сэрца разрываецца.

Гэй, было б табе, Максіме, не кахацца,

На вяльможную дачку не заляцацца.
Устрахнуў Максім кудрамі — годзе плакаць, годзе.

Цяжка-важка, сумнёсенька ён заводзе:


“Магда, Магдачка,

Мая зоранька ясная,

Маё сонейка прэкраснае!

Ой, ад сонейка

Па зямлі цвяты расцвітаюць,

Ад яго ж яны й пасыхаюць.

А ты, сонца, свеціш,

Залатое, святое,

І не ведаеш тое”.
Ціха ўсё — толькі струны звіняць,

Толькі песня разліваецца.

Людзі добрыя навакол стаяць, —

З болю сэрца разрываецца.

Гэй, было б табе, Максіме, не кахацца,

На вяльможную дачку не заляцацца.


Устрахнуў Максім кудрамі — годзе плакаць, годзе.

Цяжка-важка, сумнёсенька ён заводзе:


“Мае дзетачкі, мае дробныя,

Вы наплачацесь, нагалосіцесь,

Бо не стане у вас татачкі!

Хто вас будзе гадаваці, адзяваці?

І ад цёмнай ночы укрываці?

Станеце вы, дзеткі, жабракамі,

Пойдзеце барамі-лугамі,

Ды гасцінцамі-дарогамі.

А дарогі тыя без канца ляжаць, —

Без канца вам, дзеткі, гога горкае цярпець”.

Ціха ўсё — толькі струны звіняць,

Толькі песня разліваецца.

Людзі добрыя навакол стаяць, —

З болю сэрца разрываецца.


А як смерцю Максіма скаралі, —

Рукі белыя да брамы прыбівалі,

Рукі белыя да брамы мястовай,

Галаву — да вежы вартовай,

Каб дажджы яму кудры мачылі,

А вятры бы сушылі,

Каб крукі прыляталі — вочы дзюбалі,

Ўсе бы людзі пазіралі — ды не забывалі.



(Максім Багдановіч. Максім і Магдалена. 1915)

Пытанні і заданні: 1)Перад намі — поўны тэкст балады М.Багдановіча “Максім і Магдалена”. Вызначце, якімі сістэмамі вершавання і якімі відамі верша яна напісана. 2)Ад чаго залежыць пераход у творы ад аднаго віда верша да другога? Абгрунтуйце свой адказ.

6. РЫФМІКА. СТРОФІКА

Паняцці і тэрміны для самакантроля



РЫФМА /ад грэч. rhythmós — ïлаўнасць, суразмернасць/ — паўтаральная сугучнасць асобных слоў ці іх частак на пэўных, адных і тых жа месцах у вершаваных радках. Усталяванасцю сваёй пазіцыі Р. адрозніваецца ад іншых відаў гукавых паўтораў, што сустракаюцца ў вершы. Р. — з’ява гукавая, а не графічная. Таму, зусім зразумела, Р. лучацца гукаспалучэнні тыпу круг — завірух, сад — мат і г.д. У старажытнай беларускай паэзіі (як, дарэчы, і ў іншых даўнаславянскіх) Р. нярэдка ўтварала супадзенне апошніх складоў, незалежна ад месца націску ў іх (ягo — блiжняго, праклятая — святaя, рукa — лyка). Пазней галоўнай прыкметай Р. становіцца супадзенне націскных галосных і гукаў, што ідуць управа ад іх. У канцы XIX і асабліва на пачатку ХХ стст. уся ўсходнеславянская Р. значна “палявела”: для яе важным стала супадзенне не паслянаціскных, а пераднаціскных гукаў. Пачалі ўжывацца шырока недакладныя Р., у якіх супадалі толькі асобныя гукі. “Левізна” Р. — адна з асноўных прыкмет сучаснай усходнеславянскай, у тым ліку беларускай, Р., хоць яе можна сустрэць яшчэ ў першай палове XIX ст. (напрыклад, у Пушкіна). Аслабленне сугучнасці паслянаціскных складоў прывяло да ўзмацнення гукавой сузалежнасці не толькі складоў пераднаціскных, але і асобных слоў, што стаяць у вершаваных радках злева ад слоў-Р. (распыленая Р.). У цэлым жа сучасны рыфмарый, або слоўнік рыфмаў, уключае самыя розныя віды Р., што выпрацавала паэзія амаль за тысачу гадоў свайго рыфменнага развіцця. Р. як адзін з важнейшых элементаў паэтыкі верша вызначаецца некалькімі момантамі: характарам і ступенню сугучнасці, размяшчэннем у вершаваных радках (рыфмоўка) і, нарэшце, сваёй функцыяй. Характар і ступень сугучнасці ў словах-Р. залежыць ад націску, колькасці і якасці гукавых супадзенняў, дакладнасці гэтых супадзенняў, суадносін сугуччаў з сэнсава значнымі словамі. У зарыфмаваных словах абавязкова павінны супадаць націскныя галосныя. Гэтаму не супярэчыць адносна невялікая колькасць рознанаціскных Р. (сваім — маладзюсенькім, скончыўся — памыўся). Па месцы націску Р. могуць быць з націскам на апошнім складзе (ураган — курган) — мужчынскія, на перадапошнім — жаночыя (печы — плечы), на трэцім ад канца — дактылічная (долатам — волатам), на чацвёртым (і далей) ад канца — гіпердактылічная (выпешчана — Віцебшчына). У залежнасці ад колькасці і якасці гукавых супадзенняў адрозніваюць Р. багатыя (у словах-Р. супадаюць многія гукі: хмарамі — ударамі), глыбокія (супадаюць не толькі націскныя і паслянаціскныя, але, прынамсі, і два пераднаціскныя гукі: асаку — пасяку) і бедныя (мужчынскія адкрытыя Р., у якіх супадаюць толькі націскныя галосныя: сям’ю — п’ю). Што датычыць дакладнасці сугаччаў, то вылучаюць Р. дакладныя, або поўныя (супадаюць націскныя галосныя і ўсе наступныя гукі: нівы — шумлівы), а таксама цэлы шэраг недакладных (няпоўных, прыблізных). Сярод недакладных Р. бываюць: асанансныя (супадаюць толькі зычныя гукі: вышый — вішань), апорныя, або каранёвыя (супадаюць гукі ў націскных — апорных — складах, пры несупадзенні гукаў паслянаціскных: надзея — сядзела), усечаныя (у канцы нейкага са слоў-Р. недастае для поўнага сугучча аднаго гука: раса — сад), рознанаціскныя (у выразна сугучных словах націскі падаюць на розныя склады: рaдавалася — гадавaлася), няроўнаскладовыя (словы, якія рыфмуюцца, пасля аднолькавых націскных складоў маюць розную колькасць галосных: няпроста — выроствалі), анаграмныя (у сугучных словах асобныя гукі і нават склады ідуць не ў аднолькавым парадку: слава — звала). Р., як правіла, спалучаюць сугуччамі два самастойныя словы. Часамі ж сугуччы ахопліваюць і больш слоў, утвараючы састаўныя Р. (панічы — па начы). Як супрацьлегласць гэтаму сустракаецца (праўда, вельмі рэдка, ды і то ў выглядзе эксперыменту) т.зв. ламаная Р., якая “разломвае”, дзеліць словы на часткі. Функцыі Р. у вершаваным творы розныя і вельмі важныя. Як паўтор сгуччаў, яна ўваходзіць у сістэму гукавой арганізацыі вершаванай мовы і мае, такім чынам, гукапіснае значэнне. Інструментоўка верша ў многім залежыць ад колькасці аднолькавых Р., багацця гукавых супадзенняў у іх, частаты іх размяшчэння ў вершарадах. Р. адыгрывае ў вершаваным творы і значную інтанацыйную ролю.У прыватнасці, яна садзейнічае (асабліва пры сінтаксічным пераносе) узнікненню лагічнага націску на слове, што стаіць у канцы радка і рыфмуецца з іншым словам верша. Дзякуючы Р. часам ствараецца эфект акцэнтна-інтанацыйнай незвычайнасці (Р. ламаныя, рознанаціскныя, састаўныя, няроўнаскладовыя). Велізарная роля належыць Р. у рытмічнай арганізацыі верша. Яна з’яўляецца своеасаблівым сігналам аб заканчэнні вершаванага радка — гэтай рытмічнай адзінкі верша, указвае на месца міжрадковай паўзы. Асабліва гэта важна для вольнага верша, паколькі ў ім Р. з’яўляецца адзіным фіксатарам канца вершаванага радка. Р. уплывае на канкрэтны рытм верша, бо яна — не проста сугучнасць асобных слоў, а сугучнасць, звязаная з моўным націскам. Менавіта таму Р. мужчынскія і жаночыя, дактылічныя і гіпердактылічныя, рознанаціскныя, няроўнаскладовыя і састаўныя, ужытыя ў розных камбінацыях, надаюць творам, апрача ўсяго іншага, і своеасаблівы рытмічны малюнак. Р. выконвае таксама і кампазіцыйную функцыю. Яна не толькі разлучае вершаваныя радкі, але і спалучае іх у страфічныя комплексы, затым гэтыя комплексы аддзяляе адзін ад аднаго, уплываючы тым самым на архітэктоніку ўсяго твора. Унутраная Р., у адрозненне ад канцавой, звязвае не радкі, а паўрадкоўі, аднак адыгрывае тую ж рытмічную і кампазіцыйную ролю. Дарэчы, гэтым яна адрозніваецца ад многіх іншых унутраных сугуччаў, у якіх няма строга вызначанага месца ў вершаваных радках. Дзякуючы свайму месцу ў вершарадзе (канец радка, перад міжрадковай паўзай) Р. падкрэслівае, інтанацыйна вылучае пэўныя словы-паняцці. Апрача таго, яна асацыятыўна звязвае асобныя разуменні, падкрэсліваючы іх семантычную блізкасць або, наадварот, аддаленасць. На гэтай уласцівасці Р. засноўваюцца, у прыватнасці, т. зв. тэматычныя Р., якія дапамагаюць падкрэсліць найбольш важныя для ўсяго твора паняцці. Такім чынам, незвычайнасць Р., арыгінальнасць і багацце сугуччаў, што яе ўтвараюць, — якасці, якія маюць прамое дачыненне да сэнсу вершаванага твора. Менавіта таму злоўжыванне банальнымі рыфмамі, навізна якіх сцёрлася ад частага ўжывання, рыфмамі выпадковымі, аднароднымі зніжаюць агульную моц усяго твора, робяць уражанне беднасці творчых магчымасцяў паэта. Гэтаксама залішняе захапленне Р. рэдкімі (вышуканымі, экзатычнымі) ідзе толькі на шкоду твору. Акрамя ўжо названых функцый, Р. выконвае яшчэ адну. Яна мае мнеманічнае значэнне — дапамагае хутчэйшаму, лепшаму запамінанню рыфмаваных твораў. Пра гэта сведчыць наступны факт: белы верш або празаічны тэкст завучыць напамяць значна цяжэй, чым верш рыфмаваны. Усе свае магчымасці Р. раскрывае ў творы толькі ў цесным узаемадзеянні з іншымі кампанентамі мастацкай формы, служачы, разам з імі, выяўленню думак і пачуццяў вершатворцы.

РЫФМОЎКА — размяшчэнне рыфмаў у радках верша. Характар Р. залежыць ад месца рыфмаў у вершаваных радках, іх колькасці, спосабу іх сувязі вершаваных радкоў. Часцей за ўсё рыфмы бываюць у канцы вершарадоў. Аднак паэзія, апрача рыфмаў канцавых, ведае пачатковыя, калі сугучныя словы стаяць на пачатку суседніх вершаваных радкоў, і ўнутраныя, калі сугучнасць яднае словы, з якіх адно знаходзіцца ў сярэдзіне, а другое — ў канцы аднаго і таго ж радка. Разам з тым бываюць выпадкі, калі ўсе словы або частка слоў аднаго вершаванага радка рыфмуюцца з усімі словамі або часткай слоў другога (сумежнага) радка (пантарыфма).У залежнасці ад колькасці рыфмаў у страфе (дзве, тры, чатыры ці больш) Р. бывае парнай, трайной, чацвярной, мнагакратнай. Р., пры якой рыфмы, утвараючы строфы, рэгулярна паўтараюцца на адных і тых жа месцах у вершаваных радках, назывецца рэгулярнай. Па спосабу рыфменнай сувязі Р. чатырохрадкоўяў — найбольш распаўсюджаных у паэзіі строфаў — можа быць сумежнай (аабб), перакрыжаванай (абаб), апаясной, або кальцавой (абба). Часам нейкая рыфма праходзіць праз увесь твор (скразная Р.). У некаторых відах вершаў, пераважна класічных (напрыклад, у тэрцынах), асобныя радкі папярэдніх строфаў рыфмуюцца з радкамі строфаў наступных, утвараючы своеасаблівы рыфменны ланцуг (ланцуговая Р.). Падчас адна рыфма аб’ядноўвае ўсе радкі твора (манарыфма). У астрафічным (нестрафічным) вершы бывае нерэгулярная Р., пры якой з’яўленне рыфмаў у пэўных месцах твора нічым не рэгламентавана. Асобныя незарыфмаваныя радкі ў рыфмаваным вершы называюцца халастымі.



СТРАФА /грэч. strophē — зварот, змена/ — рытміка—сінтаксічная еднасць двух ці больш вершаваных радкоў, змацаваная агульнай для іх рыфмоўкай або клаўзацыяй. Аднолькавасць рыфмоўкі або клаўзацыі (размяшчэнне ў строфах рыфмаў або клаўзул) — важны, але толькі знешні элемент страфічнага комплексу. Асноўнае ў С. — гэта рытмічная цэласнасць, якая прадвызначае аднароднасць рытмічнага малюнку ў межах аналагічных С., а таксама еднасць інтанацыйна-сінтаксічная, дзякуючы якой С. набываюць адносную змястоўную завершанасць і самастойнасць, выразна адзяляюцца адна ад адной міжстрофнымі паўзамі, а на пісьме яшчэ — і графічна (прабеламі). Самыя розныя спалучэнні ў С. метрычнай, рытмічнай, інтанацыйна-сінтаксічнай будовы радкоў і рыфмоўка даюць у рукі паэта велізарныя магчымасці страфічнай арганізацыі верша. Адно толькі рознае размяшчэнне ў С. вершаваных радкоў пэўных памераў і выкарыстанне разнастайнай рыфмоўкі дазволілі М.Багдановічу стварыць 93 віды С. Страфічнасць надае вершу кампазіцыйную завершанасць, дапамагае лепш раскрыць яго ўнутраны змест. Характар С. залежыць ад ідэйнай задумы, намераў аўтара, яго схільнасцяў, творчай культуры, а таксама канкрэтнага зместу і жанру твора. У лірычных вершах і паэмах звычайна сустракаюцца простыя С. з двух, трох, чатырох і пяці радкоў, у той час як у эпічных паэмах, вершаваных аповесцях і раманах, што вызначаюцца ўскладнёнай архітэктанічнай будовай, — складаныя, у аснове якіх ляжаць тыя ці іншыя камбінацыі С. простых. Звычайна аднолькавыя рыфмы застаюцца ў межах адной С., аднак у некаторых класічных відах С. яны своеасаблівым ланцужком спалучаюць усе С., паступова пераходзячы ад адной страфы да другой (напрыклад, у тэрцынах). Наяўнасць пэўных відаў С. у паэзіі залежыць ад багацця нацыянальных літаратурных традыцый, сувязей роднай літаратуры з літаратурамі іншых народаў. Адны С. паступова відазмяняюца, нават адміраюць, другія выходзяць за нацыянальныя пэтычныя межы, становяцца набыткам сусветнай літаратуры. Першыя беларускія вершы Ф.Скарыны былі напісаны двухрадковай С. (змешчаны ў прадмове да кнігі “Ісход”, 1517). Самая пашыраная С. беларускай паэзіі — чатырохрадкоўе (катрэн) з рыфмоўкай перакрыжаванай (абаб), сумежнай (аабб) і апаясной (абба). Апрача чатырох- і двухрадковых (двухрадкоўе) С., якімі напісана пераважная большасць беларускіх вершаў, у нашай паэзіі ўжываюцца наступныя С.: трохрадкоўе, або тэрцэт (“…Я не лічыў бы салдатам сябе” М.Танка), пяцірадкоўе, або квінціла (“Смешная геральдыка” М.Лужаніна), шасцірадкоўе, або секстэт (“Бондар” П.Броўкі), сямірадкоўе, або септыма (“…У грымотах ашалелых веку” В.Зуёнка, вялікі цыкл сямірадкоўяў Н.Гілевіча), васьмірадкоўе, або актэт (“Тры мовы” С.Ліхадзіеўскага), дзевяцірадкоўе, або нона (“Панская ласка” Я.Коласа) і дзесяцірадкоўе, або дэцыма (“Палессе” Я.Коласа). Большыя па аб’ёму С. сустракаюцца рэдка. У беларускай паэзіі вядомыя яшчэ арыгінальныя дванаццацірадкоўе (Я.Колас, “Рыбаковая хата”; М.Танк, “Журавінавы цвет”) і шаснаццацірадкоўе (А.Куляшоў, “Маналог”, “Цунамі”). Наша паэзія асвоіла многія складаныя віды С., што прыйшлі да нас з іншых літаратур, у тым ліку анегінскую страфу з 14-і радкоў (праз пераклады “Евгения Онегина” А.Пушкіна) і так званыя цвёрдыя формы верша (санет, трыялет, рандо, актава, туюг, секстына і інш.). У пасляваенныя гады ў беларускай паэзіі з’явіліся такія рэдкія формы страфічнай арганізацыі верша, як вянок санетаў, віланела (“Дзень развітання” С.Панізніка), газель (“Кактэбельская газель” С.Ліхадзіеўскага), гашма (“На ўсе вякі” С.Панізніка), рытурнель (“Рытурнель” Э.Акуліна) і некаторыя іншыя. У паэзіі выразна пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі С. (раўнастрофны верш). Аднак пэўная частка вершаў не дзеліцца на паасобныя строфы, складаецца, па сутнасці, з адной С. або некалькі страфоідаў — асобных радковых груп, завершаных па думцы і свайму інтанацыйна-сінтаксічнаму малюнку. Падчас у вершаваным творы адны С. змяняюцца другімі без пэўных заканамернасцяў (разнастрофны верш) або ў ім строфы зусім адсутнічаюць (астрафічны верш). С. звычайна не прывязваюцца жорстка да таго ці іншага памеру або паэтычнага жанру, яны — агульны набытак усёй нацыянальнай вершатворчасці. Сярод беларускіх паэтаў асаблівым багаццем страфічнай арганізацыі верша вызначаюцца Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, М.Танк, Р.Барадулін, Я.Сіпакоў, Н.Гілевіч і інш. Раздзел вершазнаўства, які вывучае розныя віды С.. што існуюць у асобнага паэта, нацыянальнай паэзіі ці сусветнай паэзіі ўвогуле, называецца строфікай.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница