Рэцэнзент ы



страница6/10
Дата04.05.2016
Размер1.29 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10

Пытанні і заданні: 1)Дакажыце, чаму прыведзеныя вершы можна аднесці да тактавікоў. 2)Вызначце ў кожным канкрэтным выпадку, колькі складоў займаюць у радках вершаў міжнаціскныя інтэрвалы. 3)Чым, на вашу думку, характарызуецца рытма-інтанацыйны лад тактавікоў?

3.4. Акцэнтны (чыста танічны) верш

А чалом, чалом, мае госцейкі,

Сабірайцеся на бяседачку,

На бяседачку ў хату новую,

У хату новую — сасновую,

Ды за столікі кляновыя,

За абрусікі бялёвыя, —

Ой, бялёвыя-саматканыя,

У узоры вышываныя.

Вышывала я у сем шаўкоў,

Вышывала каршуновы суд.

Ён суды дае — перасуд бярэ:

З большых птушак — хоць па пёрыйку,

А з драбнейшых — дык і цэлы хвост.



(Максім Багдановіч. Бяседная)

Рака жыцця не прывыкла паказваць броды.

Яна несупынная ў паваротах сваіх.

І помыслы ў сэрцы людскім — глыбокія воды,

Ды чалавек разумны вычэрпвае іх.

Чэрпаць поўным каўшом не стамляецца коўшаль.

І зоры начуюць у цёмных водах на дне.

У водах адстойваецца вякоў жаль,

І туманом таемным на дапытлівасць тхне.

Руплівасць не слухаецца пакорнай дагоды.

І сонца спасцігу ўзыходзіць з-пад вей.

Мялець не думаюць небародныя воды.

Чэрпае чалавек глыбей.

(Рыгор Барадулін. “…Рака жыцця”)

Тут,


дзе цябе ў задуменні шукаю,

Няміга,


Час прасуе бульдозерам

рэшткі руін.

Бывай, Няміга —

былога закрытая кніга,

Якую цяпер

не разгорне

мой сын.

На тваіх берагах

скрыжоўвалі прашчуры пікі,

Малацілі мячы харалужныя,

не цапы.

Умалот быў у бітве быліннай

вялікі:

Тут галовы братоў



слаліся, як снапы.

(Пятрусь Макаль. Бывай, Няміга)

Пытанні і заданні: 1)Падумайце, чаму гэтыя вершы аднесены да акцэнтных (чыста танічных). 2)Вызначце памер гэтых вершаў. 3)Верш П.Макаля — імітацыя верша Маякоўскага. Што характэрна для гэтага верша?

2.3. СВАБОДНЫ ВЕРШ (ВЕРЛІБР)

Паняцці і тэрміны для самакантроля

СВАБОДНЫ ВЕРШ, або ВЕРЛІБР /франц. vers libre/ — дысметрычны верш, у аснове рытму якога — чаргаванне вершаваных радкоў як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў. Надзвычай важнае значэнне набывае ў ім графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне міжрадковых паўз. Менавіта вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сінтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме — яшчэ і графічна), выступае ў С.в. у якасці асноўнай рытмічнай адзінкі. Інтанацыйная аднатыпнасць радкоў дасягаецца падабенствам іх унутранай лексіка-граматычнай структуры, што стварае ў вершы пэўную меру паўтора па “вертыкалі”. У радках С.в. паўтараюцца перш за ўсё дапаможныя рытмастваральныя кампаненты: аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі, аднолькавыя ці крыху відазмененыя радкі, аднолькавыя словы ці іх марфалагічныя формы, гукаспалучэнні, націскі на пэўных месцах у вершаваных радках і г.д. У асобных радках спарадычна можна сустрэць нават прыкметы метрычнага верша, падначаленыя агульнай інтанацыйнай структуры С.в. (чаргаванне моцных, або апорных, націскаў, рыфма і інш.). Прычым, у С.в. адсутнічае адзіная скразная мера паўтора, яна ўвесь час мяняецца. Так, напрыклад, у першых трох радках нейкага твора, напісанага С.в., заўважаецца аднатыпнасць іх сінтаксічнай пабудовы, у чатырох наступных — паўторы на пачатку назоўнікаў у пэўным склоне, яшчэ тры радкі суадносяцца рытмічнымі націскамі, што стаяць, скажам, на трэцім і сёмым складах, і г.д. Для С.в. характэрна надзвычайнае багацце і гнуткасць паэтычнага сінтаксісу, у тым ліку ўжыванне розных рытарычных фігур, сінтаксічных перыядаў, што стварае разнастайнасць інтанацыйнага малюнку (пералічэнне, далучэнне, супрацьпастаўленне і г.д.) у межах адной рытміка-інтанацыйнай структуры. Узнік С.в. у амерыканскай і еўрапейскай літаратурах сярэдзіны XIX ст. (У.Уітмен, У.Блейк, Г.Гейнэ), сустракаецца ў класічнай рускай паэзіі (А.Фет, Я.Палонскі, М.Міхайлаў). Пачынальнікам С.в. на Беларусі з’яўляецца М.Багдановіч (“…Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы”, 1915). У сучаснай беларускай паэзіі да С.в. звярталіся і звяртаюцца П.Панчанка. С.Дзяргай, К.Кірэенка. А.Вярцінскі, А.Лойка, Я.Сіпакоў, А.Наўроцкі, Я.Голуб, А.Разанаў, М.Купрэеў, Н.Загорская і інш. У М.Танка С.в. стаў адным з асноўных відаў верша. Ён найчасцей ужываецца ў яго філасофскіх і медытатыўных творах (“Мой хлеб надзённы”, “…Парог, вычасаны з успамінаў” і інш.).

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

І сказаць:

“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?”


(Максім Багдановіч. “…Я хацеў бы”)

Дзень хустачкай чырвонай захаду выцер пот.

Дзень утаміўся і ў клунках змроку

Звязаў неспакой, клапоты.

І пазяхнуў ветрам — лёгка, летункова.

Сутунелым крылом

Туліцца к вёсцы ціша,

І пахне скошаным сенам

І кароўім сырадоем.
Зараз прыйдзе Матка-Ноч.

Добрая, такая пяшчотная,

Пакрые коўдзеркай-цемнатой,

Заплюшчыць дню вочы:

“Спі, натомлены!”

(Уладзімір Жылка. Летні вечар)

Я пісаў зямлі многа лістоў

Пяром, якім пішуць лірычныя песні,

Гімны розныя,

маніфесты;

Пісаў я смыкамі ўсіх скрыпак,

Якія смяюцца і плачуць;

Пісаў спіцамі дрогкіх калёс,

Якарамі і мачтамі караблёў,

Штыком і


сапёрнай лапатай;

Пісаў кубкамі, з якіх п”юць

За здароўе і вечную памяць, —

Але пакуль што

Адказ атрымаў я

Толькі на ліст мой,

Напісаны плугам.

Вось ён.


Парэжце на скібы яго.

Частуйцеся.

Ешце.

(Максім Танк. Перапіска з зямлёй)

Парог, вычасаны з успамінаў,

Астаўся за мной;

Дзверы, на завесах цвыркуновай песні,

Асталіся за мной;

Вокны, зашклёныя вачамі блізкіх,

Асталіся за мной;

Хата, пакрытая крыламі ластавак,

Асталася за мной, —

Як жа мне не азірнуцца назад,

Нават калі б я застыў

Слупом солі?



(Максім Танк. “…Парог, вычасаны з успамінаў”)

Пытанні і заданні: 1)Уважліва прааналізуйце творы, высветліце іх рытмастваральныя кампаненты. 2)Чым, на вашу думку, кампенсуецца ў прыведзеных верлібрах т. зв. рытмічная недастатковасць (у параўнанні з сілаба-тонікай)? 3)Знайдзіце ў творчасці сучасных беларускіх паэтаў цікавыя вершы, напісаныя верлібрам.


2.4. АНТЫЧНАЯ СІСТЭМЫ ВЕРШАВАННЯ

(арыгіналы і імітацыі)

Паняцці і тэрміны для самакантроля



АНТЫЧНАЕ, або МЕТРЫЧНАЕ, ВЕРШАВАННЕ — сістэма вершавання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Узнікла ў VІІІ ст. да н.э. у Старажытнай Грэцыі, у ІІІ ст. да н.э. перайшла ў Рым, шырокае развіццё атрымала ў антычнай літаратуры (адсюль і назва). Гэта сістэма магла і можа ўжывацца толькі ў мовах, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Да такіх моў, апрача старажытнагрэцкай і ранняй латыні, адносяцца арабская, персідская, сербахарвацкая, славацкая і большасць індыйскіх моў. А.в. узнікла і развівалася ў еднасці з мелодыяй; антычны паэт выступаў у дзвюх асобах — і як складальнік вершаў, і як спявак, іх музычны інтэрпрэтатар. Асноўнай рытмічнай адзінкай А.в. з’яўлялася стапа, у якой у належнай паслядоўнасці ядналіся доўгія (/) і кароткія (—) склады. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага складу, называлася морай. У доўгім складзе былі дзве моры. Раўнамернае чаргаванне пэўных стопаў стварала выразны метрычны малюнак, або метр; паўтарэнне той ці іншай колькасці стопаў, аднолькавых па працягласці гучання, утварала памер вершаваны. У А.в. было 28 розных стопаў і дзесяткі памераў. Найчасцей сустракаліся ямб (двухскладовая стапа з кароткім і доўгім складамі), харэй (двухскладовая стапа з доўгім і кароткім складамі), спандэй (двухскладовая стапа з двума доўгімі складамі), пірыхій (двухскладовая стапа з двумя кароткімі складамі), дактыль (трохскладовая стапа з доўгім і двума кароткімі складамі), анапест (трохскладовая стапа з двума кароткімі і доўгім складамі), амфібрахій (трохскладовая стапа, у якой доўгі склад стаяў паміж кароткімі). Найбольш пашыранымі вершаванымі памерамі А.в. былі гекзаметр (шасцістопны дактыль з усечанай на адзін склад шостай стапой) і пентаметр (вершаваны радок з двух раздзеленых цэзурай паўрадкоўяў, кожнае з якіх мела два дактылі і адзін доўгі склад). А.в. не ведала рыфмы, аднак у радках строга вытрымлівалася чаргаванне аднатыпных заканчэнняў — клаўзул. Дзякуючы клаўзулам, а таксама вершаваным памерам асобныя радкі ядналіся ў строфы. А.в. выпрацавала свае віды строфаў. Найбольшую вядомасць з іх набыў элегічны двуверш, у якім папераменна чаргаваліся радкі гекзаметра і пентаметра. Элегічным двувершам напісана знакамітая паэма М.Гусоўскага “Песня пра зубра”. Імітацыю гэтага верша знаходзім, у прыватнасці, у М.Багдановіча. Не меншае пашырэнне ў А.в. набыў александрыйскі верш, які складаецца з папарна звязаных рыфмай вершаваных радкоў, напісаных шасцістопным ямбам з цэзурай пасля трэцяй стапы. Пры паўтарэнні ў вершаваным творы некалькіх такіх двухрадкоўяў абавязковым з’яўляецца паслядоўнае чаргаванне ў ім мужчынскіх і жаночых рыфмаў.Часам здаралася, што ў вершаваных радках чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці роўныя па характару стопы. Такія вершы называліся лагаэдамі. Надзычай багатая, тэарэтычна распрацаванае А.в. аказала велізарны ўплыў на ўсю еўрапейскую паэзію. Яно значна актывізавала развіццё паэзіі народаў свету, падаравала большую частку вершазнаўчай тэрміналогіі. Cілаба-танічная сістэма вершавання пераняла ў А.в., у прыватнасці, прынцыпы метрычнай арганізацыі стапы, вершаванага радка і страфы, паставіўшы толькі на месца доўгіх складоў — націскныя, на месца кароткіх — ненаціскныя. З А.в. былі запазычаны структурныя асаблівасці і назвы некаторых памераў (гекзаметр, пентаметр), строфаў (элегічны двуверш), жанраў і г.д. У беларускай сярэдневяковай паэзіі на лацінскай мове А.в. знайшло прамое прымяненне. Ім карысталіся такія беларускія паэты-лаціністы, як М.Гусоўскі, Ян з Вісліцы, І.Іяўлевіч і інш. А.в. напісана славутая паэма М.Гусоўскага “Песня пра зубра” /1523/. Што да спробаў Л.Зізанія і М.Сматрыцкага прывіць А.в. старабеларускай мове, то поспеху гэта не мела.
In medio quedam populo spectacula Romae

Contigerant nuper forte videnda mihi.

Dun fera dimissi miscebant proelia tauri

Densa relaxantes corpore tela suo

Et magis arrecta stimulis pungentibus ira

Versabant celeres caede frequente viros,

Cumque ego mirarer, quantum feritatis habebat

Plausibus accensus vulneribusque furor:

Incidit in socios arctoae mentio silvae.

Quaesitus coepi dicere multa palam…



(Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра)

Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай

Сведккам відовішча быў я — бою быкоў на арэне.

Люд пацяшаўся, гудзелі, як вулей, трыбуны,

Стрэлы ж і коп”і ўпіваліся ў цела жывёлін,

Боль прычыняючы ім невыносны. Пакуль мы глядзелі,

Як вар”яцеюць быкі і як бліскае ярасць

З позіркаў раненых, гул выклікаючы ў цырку, —

Хтосьці сказаў: “Як у нас на зубрынай аблаве”.

Я пагадзіўся і там жа ў сваім асяроддзі

Ўсё расказаў, што і ў нас у змаганні зацятым

Гэткім жа чынам адольваюць дцжага звера…



(Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра. Пераклад Язэпа Семяжона)

Неяк у тлуме людскім відовішча шумнае ў Рыме

Я і мае сябры блізка пабачыць маглі.

Жорсткая бойка ішла між быкамі й людзьмі на арэне:

Торгала ў цела жывёл коп’яў асцё, і быкі

З гневам, які нарастаў ад новых балючых удараў,

Порсткіх ганялі мужоў, носячы смерць на рагах.

Прагна калі я глядзеў, як многа той лютасці мела

Злосць, што ўскіпала ад ран, галасу, воплескаў рук,

Пушчу прыпомніў тады. Сябры мае, чуючы гэта,

Сталі пытацца, дык я колькі быліц прыгадаў…

(Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра. Пераклад Уладзіміра Шатона)

Пытанні і заданні: 1)Вызначце, якім памерам напісаны арыгінал — пачатак знакамітай “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага. Як назыаецца гэты памер? 2)Прааналізуйце імітацыю памера лацінскага верша ў перакладах Язэпа Семяжона і Уладзіміра Шатона. Які з перакладаў бліжэй стаіць да арыгінала па сваім метрычным малюнку? 3)Паразважайце пра эстэтычную вартасць аднаго і другога перакладу, падумайце, ці толькі ад метрычнай адэкватнасці яна залежыць.
Чыстыя слёзы з вачэй пакаціліся нізкай парванай,

Але, упаўшы у пыл, брудам зрабіліся там.

——-

Хіліцца к вечару дзень, і даўжэйшымі робяцца цені;



З болем пад захад жыцця ўспомніш пра гэтае ты.

——

З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —



Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.

Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай страмніны, —

Кожны каменьчык на дне, пэўна: пабачыш ты стуль.

(Максім Багдановіч. Пентаметры)

Келіхі, сябры, паўней! Асыпаюцца яблыняў кветы,

Гіне вясны хараство — бела-ружовы убор,

Дзеці ўздыхаюць па ім, але мудрага яснасць наўзрушна;

Там, дзе распукаўся квет, к восені выспее плод.

Келіхі, сябры, паўней! Час прызначаны кожнай праяве:

Моладасць прочкі імкне. Сталасці прыйдзе чарга!

(Уладзімір Жылка. Пентаметры)

Звозячы ўвосень плады, што паспелі на дрэве і ў полі,

Ў тайны прыроды ўнікаючы, я памятаю няўхільна —

Яркіх маланак агні і грымотаў працяглыя гукі,

Рэху, ўздыханні зямлі, ім адгучную гулка і згодна,

І дабрадзейных зямельцы дажджоў, навальніцы, і бачу

Мудрасць у гэтых праявах, у гэтым суладдзі адвечным.

(Уладзімір Жылка. Гекзаметры)

Пытанні і заданні: 1)Прачытайце вершы М.Багдановіча і У.Жылкі, названыя аднолькава — “Пентаметры”. Ці згодныя вы з такімі іх назвамі? Хто з паэтаў памыліўся, назваўшы свае вершы пентаметрамі? Які памер называецца пентаметрам? 2)Загаловак другога верша У.Жылкі — “Гекзаметры”. Ці меў рацыю паэт у дадзеным выпадку, даючы такі загаловак свайму твору?
З амфары гэтай даўно

Вінаградны сок выпілі госці.

П”яныя,

Потым разбілі яе.

Пенелопа

Вымела ўсе чарапкі

За парог свайго дому.

Цудам адзін ацалеў,

А на ім —

Цень музыкі з жалейкай.

І хоць вякі прамінулі,

Мы чуем ізноў “Іліяду”.



(Максім Танк. “…З амфары гэтай даўно”)

Пытанні і заданні: 1)Уважліва прачытайце верш Максіма Танка. Які антычны памер імітуе паэт? Дзеля чаго ён вершарады разбівае на асобныя радкі? 2)Растлумачце сэнс верша, скажыце, да якога жанру яго можна аднесці.
2.5. СІЛАБІЧНАЯ СІСТЭМА ВЕРШАВАННЯ

Паняцці і тэрміны для самакантроля

СІЛАБІЧНАЕ ВЕРШАВАННЕ /ад гр. syllabe — склад/ — сістэма вершавання, у аснове якой — раўнамернае чаргаванне аднолькавай колькасці складоў у вершаваных радках. Ужываецца пераважна ў мовах з пастаянным націскам у словах: французскай, армянскай, мовах цюрскіх народаў (націск на апошнім складзе), польскай (на перадапошнім), чэшскай, латышскай, шведскай (на першым) і інш. Асноўнымі рытмастваральнымі кампанентамі С.в., апрача аднолькавай колькасці складоў у радках (ад сямі да шаснаццаці; найбольш распаўсюджанымі былі васьмі-, дзесяці-, адзінаццаці-, дванаццаці- і трынаццаціскладовікі), з’яўляюцца: міжрадковыя паўзы, клаўзулы, рыфмы, цэзуры. С.в. сваёй дасканаласці дасягнула ў французскай і італьянскай паэзіі XI — XIII стст. Адтуль яно ў XV cт. перайшла ў Польшчу. З Польшчы, у сваю чаргу, С.в. на самым пачатку XVI ст. прыйшло ў беларускую літаратуру, з’явіўшыся, побач з антычным (метрычным) вершам, адной з першых сістэм вершавання пісьмовай паэзіі Беларусі. Адзін з першых беларускіх узораў С.в. — верш Ф.Скарыны з прадмовы да кнігі “Іова” /1517/ “Богу в троицы единому…”, у якім, аднак, не ўсе патрабаванні С.в. цвёрда вытрыманы. Пазнейшыя беларускія сілабісты (А.Рымша, Я.К.Пашкевіч, А.Філіповіч і інш.) больш дакладна трымаліся вышэй названых, а таксама некаторых іншых правіл беларускага С.в. (абавязковасць у вершы сумежнай рыфмоўкі, жаночых клаўзул). Тым не менш і на іх вершы аказвалі прыкметнае ўздзеянне танічнае народнае вершаванне і жывое беларускае маўленне з яго пераменным націскам у словах. Буйнейшым беларускім сілабістам першай паловы XVII ст. быў С.Полацкі /1629 — 1680/. Пераехаўшы ў 1664 г. у Маскву, ён у сваёй творчасці перайшоў са старабеларускай мовы на стараславянскую і паклаў пачатак рускаму літаратурнаму вершаванню, таксама сілабічнаму. С.в. пратрымалася ў рускай паэзіі да першай трэці XVIII ст., пакуль В.Традзьякоўскі і М.Ламаносаў не паклалі пачатак рускай сілаба-тоніцы. Што да беларускай паэзіі, то тут С.в. існавала даўжэй. Яшчэ ў XIX ст. ім карысталіся Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і іншыя паэты. З канца XIX ст. беларускае С.в., праслужыўшы паэзіі амаль чатырыста гадоў, перастала існаваць.
Богу в Троици единому ко чти и ко славе,

Матери его пречистой Марии к похвале.

Всем небесным силам и святым его к веселию,

Людем посполитым к доброму научению.



(Францыск Скарына)

Веруй в Бога единаго,

А не бери надармо имени его.

Помни дни светые святити,

Отца и матку чтити.

Не забивай ни едина

И не делай греху блудна.

Не вкради, что дружнего,

А не давай свядецтва лживаго.

Не пожедай жены ближнего,

Ни имения или речи его.

(Францыск Скарына)

Пытанні і заданні: 1)Які з гэтых вершаў Францыска Скарыны вытрымлівае патрабаванні сілабічнага вершавання? Як можна вызначыць памер гэтых вершаў? 2)Чым, на вашу думку, абумоўлены ў скарынаўскіх вершах адступленні ад сілабікі ў яе польскім варыянце?
Што две стрелы, што врубы, што лелеи значать,

То вси люди мудрые вельми горазд бачать.

Которых зацный тот дом за герб уживает,

Вер мне, иж там господу цнота свою мает.



(Андрэй Рымша. На герб… пана Астафея Валовіча)

Все можем своим оком лацно обачити,

Должыню и шырокость шнуром позначити.

И чоловека можем познати по твары,

Если в собе не маеть лишнее привары.

Але где цнота собе обрала оселость,

Там ростроп ест до всего и мужская смелость,

Которая зацные завжды домы буди

І клейноты роздаеть, тыми слынуть люди.

Бо такие николи з света не изходеть,

Але один по другом во веки славу плодеть.

(Андрэй Рымша. На… гербы… пана Льва Сапегі)

Не просто книжку называйте тую грамматіку,

Але наставницу добру словенскому языку.

Научает добре писати и добре читати,

Досконалым и певным быти, не в чом не партати.

(Лаўрэн Зізаній. Тыпограф младзенцам)

Польска квитнет лациною,

Литва квитнет русчизною.

Без той в Польсце не пребудзеш,

Без сей в Литве блазнем будзеш.

Той лацина езык дает,

Та без Руси не вытрвает.

Ведзь же юж Русь, иж тва хвала

По всем свете юж дойзрала.

Весели ж се ты, Русине,

Тва слава нигды не згине.

(Ян Казімір Пашкевіч)

Даруй покой церкви своёй, Христе Боже,

Терпети больш не вем, если з нас хто зможе.

Дай помощ от печали,

Абыс мы вцели зостали.
В вери ссвятой непорочной в милы лета,

Гды ж приходят страшные дни в конец света.

Вылучаеш, хто з нас, пане,

По правици твоей стане.



(Афанасій Філіповіч)

Пытанні і заданні: 1)Прааналізуйце ўсе вершы, дакажыце, што яны адпавядаюць патрабаванням сілабічнага вершавання. Вызначце іх памер. 2)Пакажыце, як на твор Афанасія Філіповіча паўплывалі танічныя прынцыпы арганізацыі верша, характэрныя для беларускай народна-песеннай творчасці.
Litwo! Ojczyzno moja! Ty jesteś jak zdrowie;

Ile cię trzeba cenić, ten tylko się dowie,

Kto cię stracił. Dziś piękność twą w całej ozdobie

Widzę i opisuję, bo tęsknię po tobie.


Panno święta, co Jasnej bronisz Częstochowy

I w Ostrej świecisz Bramie! Ty, co gród zamkowy

Nowogródzki ochraniasz z jego wiernym ludem!

Jak mnie dziecko do zdrowia powróciłaś cudem…



(Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш)

Літва! — родна зямелька, ты маўляў здароўе!

Той цябе ашанцуе, каму безгалоўе,

Хто быў калісь на ніўцы тваёй, як у раі,

І вось крывавы роніць слёзкі ў чужым краі.

Цяпер-то, як ты красна, я чую, я бачу —

І апішу, бо ўсцяж па табе плачу!

Ты, панна, што сцеражэш яснай Чанстаховы,

Што свеціш ў Вострай браме, што горад замковы

Навагродзкі бароніш, яго народ жылы,

Як мяне ты падняла, маўляў, із магілы…

(З перакладу Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. 1858)

Літва! Мая Айчына! Ты здароўю роўна,

Таквеле той цябе ацэніць, хто, пажыўшы поўна,

Цябе ўтраціў! Цяпер красу тваю я лепей знаю

І апішу, бо цяжка па табе скучаю.

Найсвентша панна, што бароніш Чанстаховы яснай,

Свеціш у вострай браме ўласнай

І сцеражэш Навагрудак, стары наш горад жылы, —

Ты помніш, як ратавала мяне ад магілы?..

(З перакладу Аляксандра Ельскага паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. 1892)

Пытанні і заданні: 1)Параўнайце пераклады В.Дуніна-Марцінкевіча і А.Ельскага пачатку паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш” з польскім тэкстам. Ці перакладчыкі захавалі памер арыгінала? 2)Які з перакладаў больш набліжаны да першакрыніцы паводле свайго рытмічнага малюнку і эстэтычных якасцей?
Дзе глянеш, людзі брашчаць ланцугамі,

Дзе кінеш — слёзы, аж жыці няміла,

Бо з чалавека высысаюць сілы…

Ліцвін, валынец, падайце ж мне рукі,

Так — прысягаем на Госпада-Бога,

Царам — на згубу, панам — для навукі,

Што на той зямлі не паўстане і нога —

Ані гэта паганска, ані гэта тыранска,

Хоць ўкараніцца, як сіла шатанска!

А хто няшчыры, хто несправядлівы,

Няхай прападзе з родам і насеннем,

Няхай чорт зрэжа з чадам, з пакаленнем!



(Францішак Савіч. Дзе ж тое шчасце падзелася?)

Заходзіць сонца пагодняга лета,

Вее вецер з заходніх нябёс.

Здароў будзь, вецер з далёкага света:

Добрыя ж весці да нас ты прынёс!

Здаровыя ж будзьце, эй, добрыя весці!

Там, на Заходзе, праліваюць кроў,

Б”юцца для славы, свабоды і чэсці

І робяць вольных людзей з мужыкоў.

Гудзяць вясёла і песні, і танцы

У добрым жніве на шчаслівы год.

Годзе ж вам, годзе, царыкі-паганцы,

Таптаць з балотам хрышчоны народ!

(Уладзіслаў Сыракомля. Добрыя весці)

Раз у дзень задушны, якраз апаўночы,

Іду я дадому… а цёмна і ўюга —

Не каб заліўшы саўсім ужо вочы,

Але так, у меру падвыпіўшы туга;

Іду і мяркую: ці то цяпер шчасце,

Як паноў не стала, ці то была доля?

І лічу на пальцах: паншчызны дванасце,

А гадоў да трыццаць, як настала воля…

Там быў аконам, камісар і цівун,

Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны.

І кожан меў права узяць за бізун,

І кожан меў права да нашай спіны…

А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,

Цяпер ці не болей настала паноў?!

Не надта свабодна у гэтай свабодзе,

І давай я лічыць паноў новых ізноў…

(Францішак Багушэвіч. Быў у чысцы)

З песенькамі, чытацелі, нясмела прад вамі

З добрай волі станаўлюся… Жартамі, слязамі

Складалася яно тое, што тут на паперы

Пісалася у час думкі і у добрай веры.

Чы забавы з гэтых песень хоць бы крышку будзе?..

Няхай судзяць братні людзі ды на братнім судзе.

Назбіралась вязаначка на дар маёй браці

Сярэдзь нашых палей, лясоў, сярэдзь сенажаці.

Не для зыску збіралася і не дзеля хвалы,

Так — папросту, як збіраем зелле ў дзень Купалы,

Не завадзіць па мазолі мінутка вяселля.

Я стараўся асцерагчысь паганага зелля,

А чы гэта удалося?.. чы то зелле знаю?

Чы прыгодзен дар малы братам ў родным краі?..

Думкі гэты мучаць душу у вашага брата,

Калі вінен — выбачайце!.. Чым хата багата!..

(Янка Лучына. Пагудка)

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница