Рэцэнзент ы



страница5/10
Дата04.05.2016
Размер1.29 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10

Пытанні і заданні: 1)У вершаваных прыкладах пазначце месца цэзуры. Вызначце, пасля якіх стопаў і складоў яна стаіць, на якія сэнсава важкія словы — дзякуючы ёй — пaдае лагічны націск. 2)У якіх вершах ужыты цэзураваныя ўсячэнні (Цу)? Вызначце памер гэтых вершаў. 3)У якіх вершах ужыты цэзураваныя нарашчэнні (Цн). Вызначце памер гэтых вершаў. 4)Паразважайце над своеасаблівасцю вершаў з Цу і Цн.
2.1.2.3. Разбіўка вершарадоў на радкі

Падаюць сняжынкі —

дыяменты-росы,

Падаюць бялюткі

за маім акном…
Расчасалі вішні

шоўкавыя косы

І ўранілі долу

снегавы вянок.


Дзесьці у прасторах

празвінелі бомы.

Дацвілі пялёсткі

нечае тугі…


І здаецца зноўку —

еду я дадому

Пераведаць родных,

блізкіх, дарагіх.



(Паўлюк Трус. Дзесяты падмурак)

Вы шуміце, шуміце

Нада мною, бярозы,

Калышыце, люляйце

Свой напеў векавы.

А я лягу-прылягу

Край гасцінца старога

На духмяным пракосе

Недаспелай травы.

(Ніл Гілевіч. Вы шуміце, бярозы)

Ты — наш край. Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты — наш сцяг, што нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,


Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.



(Уладзімір Караткевіч.Беларуская песня)

Прагінае вецер кроквы.

Мёртвы снег пластае дах.

Пуста. Гулка.

Крыкі. Крокі

У завеяных палях.




  • Мама, хто там?

  • Спі… Нікога…

Вецер… Снег…




  • Зірні ў акно:

Ваўкалак!

  • Пабойся Бога!

  • Нехта ёсць усё адно.

Крык.


  • Ты чула?

  • Падалося…

Стрэл.


  • Ты чуеш?

  • Гром…

  • Зімой?

Мама, мама, ён галосіць!

  • Гэта сцюжа, хлопчык мой.

(Уладзімір Някляеў. Леснічоўка)

Табой сам самадзержац цар

Пісаў ланцужны свой закон,

Што маці Русь есі жандар

Усёй Еўропы!..
І свой сон

Сніць далей гэты царадвор,

Калі надыдзе яму дзень

Ізноў пад лёзгат царскіх шпор

Свой распасцерці чорны цень.

(Янка Купала. Акоў паломаных жандар)

Пытанні і заданні: 1)Вызначце памер вершаў. Адшукайце ў вершах раўнастопную і разнастопную разбіўку вершарадоў на радкі. Ці ўплывае такая разбіўка (калі ўплывае, то як) на канкрэтны рытм і вершавую інтанацыю, а тым самым — на сэнс паэтычнага выказвання? 2)Параўнайце ў “Беларускай песні” У.Караткевіча паўнастопныя вершарады пяцістопнага дактыля (Д5) з такімі ж па колькасці стопаў вершарадамі, але разбітымі на 3—4 радкі. Ці адрозніваюцца паміж сабой інтанацыйна гэтыя вершарады, і як? 3)Звярніце ўвагу ў вершы Я.Купалы на міжстрофны перанос, падумайце, чым ён выкліканы і як уплывае на рытма-інтанацыйную плынь твора.


2.1.2.4. Сцяжэнне і расцяжэнне вершарадоў

Я ў бяссмертных хадзіў на вайне:

За чатыры гады не кранулі

Ні асколкі мяне,

Ні кулі…

Смерць, відаць, разгубілася ў тыя гады

І мой адрас згубіла:

Ты ж мяне так чакала тады,

Так любіла!..

Пад уладаю весняю сноў

Да мяне прыхініся пакорна,

Пакахай так, як некалі, зноў,

І бяссмертным я стану паўторна.

(Аляксей Зарыцкі. Маё бяссмерце)

Дом збудаваў і сына нарадзіў,

і каля дома дрэва пасадзіў.

Усё зрабіў!

Але душа баліць,

бо могуць дом вар’яты падпаліць,

бо могуць сына нелюдзі забіць,

бо могуць дрэва дурні паваліць,

каб мне ні ўнука, ні пладоў не дачакацца…

(Валянцін Тарас. Дзеяслоў)

“Не я, сінод, кашчунствую, а ты,

калі цалуеш напаказ іконы,

калі прытворна б’еш свае паклоны.

Я ж веру сэрцам, веру сапраўды.

Не выгадзе служу я, а дабру,

хоць і ў мяне ёсць дом, сям’я і дзеці.

Шаную ісціну я больш за ўсё на свеце

і з ёй спакойна, радасна памру…”

(Анатоль Вярцінскі. Адлучэнне Талстога ад царквы)

Жывучы на чужыне, быць можа, няслушна,

Недарэчна, але не адгоніш, хоць плач —

Набіваецца дзіўная песенька ў вушы,

Ўспамінаецца мне невялікая птушка —

Драч.


(Максім Лужанін. Драч)

Няма туды дарогі…

Сон ірвецца…

Каменнае, халоднае здранцвенне…

І — мегатонным выбухам —

Удар


Сэрца.

(Васіль Зуёнак. Сон)

Дзесь голуб хукае на полымя зары,

Пакуль яна расою не скрапілася,

Савой сярод гушчару не зашылася

Ў бары.

Завуць, каб адпачыў пасля дарог.



І я з трывогай сына марнатраўнага

Пераступаю зноў дзяцінства даўняга

Парог.

О, каб сустрэць мне тых,



хто б дараваў

Мае грахі нявольныя і вольныя !

Апала зорка на пагоркі польныя

Ў дым траў.



(Максім Танк. Вяртанне)

Пытанні і заданні: 1)Учытайцеся ў вершы, вызначце, дзе ўжыты расцяжэнне радка, а дзе звужэнне, пастаяннае і спарадычнае. 2)Прааналізуйце кожны канкрэтны выпадак расцяжэння і звужэння радкоў, задумайцеся над іх сэнсавыяўленчымі магчымасцямі. 3)Знайдзіце аналагічныя рытмічныя прыёмы ў іншых паэтаў.
2.1.2.5. Рытмастваральныя магчымасці стопаў (пірыхіі, спандэі, пераакцэнтуацыя, сінярэзы, дыярэзы)

Бэз! Бэз! Бэз!

Ах ты, стары знаёмы!

Пах, шэпт — увесь

Мроя далёкага дому.

Бэз! Бэз! Бэз!

Мчыцца на хвалі светлай

Плёс, луг, лес,

Юнае даўняе лета.

Бэз! Бэз! Бэз!

Тварам тану ў суквеццях.

Сінь, высь — спрэс

Звонам паўнюткі вецер.

(Людміла Паўлікава. Бэз)

Вырак ног абыякава босых.

Марны ўздых у глухім палыне.

Послух шляху ахвярнага —

Посах

Горкі пыл аддае меліне.



Як апірышча мары і веры,

Ўсе шляхі абышоўшы ў жыцці,

Посах грукне ў нябесныя дзверы,

Ціха ў хату збаіцца зайсці.



(Рыгор Барадулін. Міласэрнасць плахі)

Суровы, маўклівы, як хорам спрадвечны,

Скалістыя вежы раскінуў Чымган,

Дзе непатрывожаны беркут-крылан

Адзін аглядае прастор бесканечны.

(Якуб Колас. Чымган)

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець…

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся,

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

(Аркадзь Куляшоў. Бывай…)

Калі гора сагне,

Запалоніць тугой,

Не лякуй ты мяне

Больш спагадай сваёй,

А травой баравой

Святаянскай расой,

Ранішняй сінявой,

Песняй маці маёй.



(Максім Танк. “…Калі гора сагне”)

Быў сцверджан мукай пастулат быцця:

матэрыя

вакол віруе



вечна,

як у яе, гэтак няма ў жыцця

пачатку і канца ў бязмежжы Млечным.

(Аляксей Русецкі. Маналог Зямлі)

Ёсць жа яшчэ ў мяне сіла

Крыўдзе не дацца, змагацца,

Над спячых продкаў магілай

Вольна маланкай мігацца.

Ёсць жа яшчэ ў мяне сэрца

Поўнае шчырых жаданняў,

Якое перш разарвецца,

Чымся любіць перастане.

(Янка Купала. Ёсць жа яшчэ… )

Нясмелы быў з начальствам,

Зусім не прабіўны.

Над кнігамі начамі



Праседжваў, дурны.

(Пімен Панчанка. Няўдачнік)

Збор няпоўны Бахуса

Ў звонкім пераплёце.

Коракі бабахаюць

Стынуць у палёце.



(Рыгор Барадулін. На імянінах у Белавежы)

Там кроў ліецца, там за волю

Барцы на вісельню ідуць,

А вы, вы мучаны найболей,

Спіцё, хоць вас даўно там ждуць.

Скажыце мне, а за каго йны

Пайшлі на смерць, пайшлі вайной?

Хто ёсць на свеце так дастойны,

Што трэ ахвяры аж такой?

(Янка Купала. Там)

Пытанні і заданні: 1)Знайдзіце ў вершах Л.Паўлікавай, Р.Барадуліна, Я.Коласа і А.Куляшова спандэі і пірыхіі, пакажыце, як яны ўплываюць на вершаваны рытм. 2)Дзе ў вершах М.Танка, А.Русецкага і Я.Купалы сустракаецца пераакцэнтуацыя і што гэтым дасягаецца? 3)У вершах П.Панчанкі, Р.Барадуліна і Я.Купалы курсівам вылучаны дыярэзы і сінярэзы. Растлумачце гэтыя з’явы з пункту гледжання семантыкі і рытмікі твораў.

2.2. ТАНІЧНАЯ СІСТЭМА ВЕРШАВАННЯ

Паняцці і тэрміны для самакантроля



ТАНІЧНАЕ ВЕРШАВАННЕ /ад грэч. tónos — націск/ — сістэма вершавання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. У той час , калі колькасць такіх націскаў у радках Т.в. адна і тая ж (ці прыблізна адна і тая ж), колькасць ненаціскных складоў паміж імі — самая розная. Літаратурнае Т.в. склалася ў XIX — пачатку ХХ стст. на аснове народнага вершавання, танічнага па сваёй прыродзе. Прычым, адразу вызначылася некалькі відаў яго: акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік, акцэнтны. У кожным з іх маецца тое асноўнае, што вызначае Т.в. увогуле — чаргаванне пэўнай колькасці моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым, кожны з іх валодае сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж моцнымі націскамі. Так, у акцэнтна-складовым вершы, апрача аднолькавай колькасці акцэнтаў, аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках (“Cмык” Ф.Багушэвіча, “Спакойнай ночы!” М.Танка і інш.). Тры іншыя віды Т.в. адрозніваюцца паміж сабой колькасцю міжнаціскных інтэрвалаў: у дольніку — 1-2 склады пры спарадычных пропусках апорных (моцных) націскаў (“Права на верш” М.Лужаніна), у тактавіку — 0-1-2 ці (часцей) 1-2-3 (“Да зямлі прадзедаў маіх” Я.Купалы), у акцэнтным вершы — ад 0 да 8 складоў (верш Маякоўскага). Танічны літаратурны і народны верш пры іх вялікім падабенстве (і там і тут — роўная колькасць моцных націскаў у радках), пры тым, што першы ўзнік пад уплывам другога, — усё ж значна розняцца паміж сабой. І галоўнае адрозненне — у функцыі моцных, або апорных, націскаў. Калі ў народным вершаванні націск выконваў толькі рытмічную ролю, мог пaдаць на малазначныя, нават дапаможныя словы, то ў літаратурным Т.в. ён абавязкова прыходзіцца на найбольш значнае па сэнсу слова. Калі ў першым выпадку ён уроўніваў усе словы (гэтаму дапамагала і мелодыя, музычнае суправаджэнне слоўнага тэксту), то цяпер ён, наадварот, падкрэслівае, рытмічна выдзяляе асобныя словы і словазлучэнні. Націскам у Т.в. дапамагаюць шматлікія паўзы, якія адыгрываюць рытмаарганізуючую ролю. Яны аддзялаюць адзін ад аднаго інтанацыйна самастойныя рытмічныя адрэзкі, у цэнтры якіх і знаходзяцца націскі. Першыя ўзоры літаратурнага Т.в. — гэта пераважна стылізацыя “пад народнае” (творы А.Кальцова, “Казка пра рыбака і рыбку” А.Пушкіна, “Песня пра купца Калашнікава” М.Лермантава і інш.). Т.Шаўчэнка на аснове ўкраінскага народнага верша стварыў свой т.зв. каламыйкавы верш. Т.в. атрымала ў яго творчасці аднолькавую колькасць складоў у радках (8+6). Шаўчэнкаўскі каламыйкавы верш аказаў моцны ўплыў на асобных украінскіх, рускіх і беларускіх паэтаў (П.Тычына, А.Малышка, М.Святлоў, Э.Багрыцкі, Я.Купала). Вялікую ролю ў развіцці Т.в. адыграла наватарская паэзія У.Маякоўскага, якая паўплывала на ўсю еўрапейскую вершатворчасць, у тым ліку беларускую. Т.в. выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Я.Купала (“Тарасова доля”, “Бандароўна”), М.Багдановіч (“Страцім-лебедзь”), М.Чарот (“Босыя на вогнішчы”), а таксама П.Панчанка, М.Танк. К.Кірэенка, Р.Барадулін і інш.

АКЦЭНТНА—СКЛАДОВЫ ВЕРШ /ад лац. accentus — націск/ — від танічнага верша, для якога характэрна, апрача аднолькавай колькасці акцэнтаў (моўных націскаў), аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках. Склад — гэта адрэзак гукавога патоку мовы, у аснове якога — адзін галосны гук. Часам колькасць акцэнтаў і складоў можа неістотна змяняцца (павялічвацца або змяншацца на адзін-два). У беларускай паэзіі А.-С.в. узнік у ХІХ ст. і паяднаў асноўныя прыкметы сілабічнага і народнага верша ў яго інтанацыйна-сказавай разнавіднасці (т. зв. былінны верш). Ён, як правіла, карыстаецца рыфмамі, мае страфічную арганізацыю, у ім нярэдка ўжываецца цэзура. Разнавіднасцю А.-С.в. з’яўляецца кала-

мыйкавы верш — 14-складовы трохакцэнтны верш з сумежнай рыфмоўкай, радкі якога разбіваюцца цэзурамі на тры групы з адной і той жа колькасцю складоў у іх: 4+4+6. Каламыйкавым вершам напісана “Бандароўна” Я.Купалы. Толькі тут кожны радок гэтага верша разбіты на два паўрадкоўі, што некалькі відазмяніла яго рытмічны малюнак.

АКЦЭНТНЫ /ад лац. accentus — націск/, або ЧЫСТА ТАНІЧНЫ, ВЕРШ — від танічнага верша, рытм якога заснаваны на аднолькавай (або прыблізна аднолькавай) колькасці акцэнтаў (апорных рытмічных націскаў) у вершаваных радках. Колькасць міжнаціскных складоў у ім неаднолькавая (звычайна ад 0 да 8 складоў). Калі іншыя віды танічнага верша (акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік) у пэўнай ступені захоўваюць сувязь з сілаба-тонікай ці сілабікай (аднолькавая колькасць складоў у радках — у акцэнтна-складовым вершы, пэўнае адчуванне метрычнай канвы, перш за ўсё трохскладовых метраў, — у дольніку і тактавіку), то А.в. з іншымі сістэмамі вершаскладання такой сувязі не мае. А.в. (літаратурны) узнік на аснове народнага інтанацыйна-сказавага верша, яго быліннага тыпу. Першыя спробы А.в. былі своеасаблівым перайманнем народнага быліннага верша (“Песні заходніх славян” А.Пушкіна, “Песня пра купца Калашнікава” М.Лермантава, “…А чалом, чалом” і “Страцім-лебедзь” М.Багдановіча і інш.). Аднак сапраўдным стваральнікам А.в. лічыцца У.Маякоўскі. Ён найбольш поўна раскрыў велізарныя выяўленчыя магчымасці як А.в., так і танічнай сістэмы вершаскладання ўвогуле. Менавіта таму часам гавораць нават пра “верш Маякоўскага” як пра своеасаблівы від верша. У беларускай сучаснай паэзіі А.в., у адрозненне ад каламыйкавага і дольніка, амаль не выкарыстоўваецца. Тлумачыцца гэта, відаць, перш за ўсё нацыянальнымі фальклорнымі традыцыямі. Пры ўвогуле шырокім бытаванні ў беларускай вуснай творчасці народнага верша адна яго разнавіднасць — музычна-моўны (песенны) верш — займае ў ёй выключнае становішча, другая — інтанацыйна-сказавы (рэчытатыўны) верш — не знайшла шырокага распаўсюджання. Акцэнтны ж літаратурны верш якраз і грунтуецца на другой разнавіднасці народнага танічнага верша. Аднак у беларускай паэзіі на ўзмежжы сілабікі і тонікі яшчэ ў ХІХ ст. узнікла арыгінальная форма А.в., які можна назваць акцэнтна-складовым вершам. Некаторыя даследчыкі тэрмінам “акцэнтны верш” акрэсліваюць танічную сістэму вершаскладання.

ДОЛЬНIК — вiд танiчнага верша, своеасаблiвая пераходная форма ад сiлаба-танiчнай да танiчнай сiстэм вершавання. У Д. звычайна ўрэгулявана колькасць моцных нацiскаў (iктаў) у радках, аднак мiжнацiскныя iнтэрвалы не аднолькавыя, як правiла, займаюць 1-2 склады. Часам могуць быць пропускi апорных (моцных) нацiскаў. У вынiку ў Д. выяўляецца чаргаванне не аднолькавых стопаў, як у сiлаба-танiчным вершы, а няроўнаскладовых рытмiчных доляў (адсюль i назва верша). Гэта павышае рытмастваральную моц апорных нацiскаў (iктаў), а таксама значэнне слоў, на якiх стаяць такiя нацiскi, i словазлучэнняў, аб'яднаных вакол гэтых слоў. У той жа час у Д. так цi iнакш адчуваецца метрычная аснова трохскладовых (радзей — двухскладовых) памераў, што не ўласцiва, напрыклад, чыста танiчнаму, або акцэнтнаму вершу. Калi колькасць т.зв. адступленняў ад памеру не асаблiва значная, Д. наблiжаецца да сiлаба-танiчнага верша. I наадварот, калi колькасць адступленняў павялiчваецца, ён далей адыходзiць ад сiлаба-тонiкi, наблiжаецца да танiчнага верша. Для адрознення Д. i сiлаба-танiчнага верша з т.зв. сцяжэннямi асобных стоп (выпадзенне аднаго цi двух ненацiскных складоў) звычайна карыстаюцца наступным правiлам: калi ў вершы з выразнай метрычнай канвой звыш чвэрцi "сцягнутых" стоп — гэта Д., калi чвэрць i менш — сiлаба-танiчны верш. Да Д. ў беларускай паэзii звярталiся Цётка, М.Багдановiч, М.Чарот, А.Куляшоў i iншыя паэты. Д. напiсана паэма В.Таўлая "Таварыш". Асаблiвае распаўсюджанне гэты вiд верша атрымаў у творчасцi М.Танка, П.Панчанкi, У.Караткевiча, Р.Барадулiна, Г.Бураўкiна, А.Наўроцкага i iншых аўтараў.

ТАКТАВIК — вiд танiчнага верша, колькасць складоў у якiм памiж моцнымi нацiскамi 0-1-2 цi (часцей) 1-2-3. Часам мiжнацiскны iнтэрвал аб'ядноўвае чатыры ненацiскныя склады. Пропускi нацiскаў на метрычна моцных месцах рэдкiя, затое ў трохскладовых iнтэрвалах часта сустракаюцца звышсхемныя нацiскi на сярэднiм складзе. Т., такiм чынам, яшчэ больш аддаляецца ад сiлаба-танiчнага верша, чым дольнiк, займае прамежкавае становiшча памiж дольнiкам i акцэнтным вершам. У беларускую паэзiю Т. увялi ў пачатку ХХ ст. Я.Купала i М.Багдановiч. М.Багдановiч пакiнуў узоры Т. трохiктнага ("Русалка") i чатырохiктнага ("... Хмурыя, цёмныя гудзяць i шэпчуць елi"). Арыгiнальны Т. ёсць у П.Панчанкi. Сучасныя беларускiя паэты да Т. звяртаюцца не часта. Арыгiнальны шасцiiктны Т. ёсць, напрыклад, у Р.Семашкевiча (“…Согца зайшло”).



2.2.1. Дольнік

Спачатку было тут вузка

і яму і яго вясне.

Краты гнуў, надрываючы мускулы, —

хлопец думаў, што краты сагне…

Дых спірала ў грудзях шырокіх —

наваліўся на грудзі мур,

а на лаце асфальту — і кроку

не было як ступіць яму.

(Валянцін Таўлай. Таварыш)

Гэта я з табой вечарую,

Туманамі цябе чарую.

Васількоў шапатліваю моваю

Зачароўваю, зачароўваю.

Роснай сцежкай, рэчкай ціхаю

Закалыхваю, закалыхваю.

(Генадзь Бураўкін. “…Патухаюць, цямнеюць высі”)

Не прашу я доўгага веку,

Не прашу асаблівай любві.

Я прашу цябе:

“Будзь чалавекам!”

Я прашу вас: “Будзьце людзьмі!”

Нельга ж вечна жыць, як некалі.

Час зусім другі — глядзі.

Людзі! Будзьце чалавекамі!

Чалавекі! Будзьце людзьмі!



(Анатоль Вярцінскі. Просьба)

Ёсць месца такое ў лесе,

з ім можа зраўняцца рай.

Там, на Палессі

жыве мая Лёрэляй…

Гадаючы ўсё аб нечым,

на бераг, дзе бору край,

самотная, кожны вечар

прыходзіць мая Лёрэляй.

(Масей Сяднёў. Мая Lorelej)

Злосна сказаў; “Уставай, пяхота!

Мы не на пляжы, а на вайне”.

І лёг на змяіныя скруткі дроту,

І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

Прайшлі па яго спіне.



(Пімен Панчанка. Герой)

Мне з былога свайго не смешна —

Нават крыўдна. Як ні кажы —

На ўсё я рашаўся паспешна.

Я паспешна на свеце жыў.

Я паспешна запісваў вершы,

Я паспешным у дружбе быў.

Я заўсёды паспешна верыў,

І паспешна дзяўчат любіў.

(Анатоль Сербантовіч. “…Мне з былога свайго не смешна)

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Там заблудзімся ў хмельных травах.

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява…

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Сто дарог за маімі плячыма.

Пачынаецца ўсё з любві.

А інакш і жыць немагчыма.

(Яўгенія Янішчыц. “…Ты пакліч мяне”)

Пытанні і заданні:1)Уважліва прачытайце вершы, параўнайце іх рытма-інтанацыйны малюнак, суаднясіце яго з жанрам кожнага твора. 2)Намалюйце рытмаграмы дольнікаў, суаднясіце іх з адпаведнымі метраграмамі. Пакажыце, у якіх стопах маюцца адступленні ад метра. 3)Паразважайце наконт таго, што дольнік — своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-тонікі да тонікі.
3.2. Акцэнтна-складовы верш

Стаў хлапчына ля дзяўчыны, каламыйку грае,

На дзяўчыніны істужкі нешта пазірае.

Ды не так ён на істужкі, як на тыя вочы,

Як на тыя, браце, вочы, што цямней ад ночы.

У каго ты, дзяўчынанька, тварам удалася?

Ці то ў бацьку, ці то ў матку, ці ў суседа Яся?

Слічна Галя Васілёва, слічна ды прыгожа:

Вочкі ясны,сама красна, як поўная рожа…

(Максім Багдановіч. “…Стаў хлапчына ля дзяўчыны”)

Хмаркі цёмныя, мае братанькі!

Вецер гоне вас без дарожанькі,

І нідзе для вас няма хатанькі…

Адпачынеце ж аж у божанькі…

Зямлі родненькай, знаць, няма у вас,

Ні вугольчыка, ні прытулачку.

А тут вецер дзьме горшы раз у раз,

Леціцё жа вы без прытулачку!..

(Францішак Багушэвіч. Хмаркі)

Сняжыначкі-пушыначкі

Ляцелі матылькамі.

Над хмызамі над шызымі

Дыміліся дымкамі.

Зіхцеліся, мігцеліся

У розныя калёры.

Драбнюткія, пякнюткія,

Як зоранькі, як зоры

Насіліся, кружыліся

Над ціхімі палямі,

Даліначкі сняжыначкі

Пакрылі дыванамі.

(Змітрок Бядуля. Сняжынкі)

Беларусь мая,

Зямля родная!

Ты вялікая

І прасторная.

Адно твой народ

Не праслаўлены

Жыць не мае дзе —

Зусюль здаўлены.

(Юзя Шчупак. Песня)

Усяночная

Велікодная

Непраглядная

Распасцёрлася…

Людзі грэшныя

Богу моляцца,

Паратуначку

Даглядаючы.

(Янка Купала. Усяночная)

Беларусь мая, бярозка белая,

Ад марозу ўся заінелая,

Зімы лютыя ўспамінаючы,

Рада сонейку ты вяснянаму,

Косы доўгія расплятаючы,

Рада ветрыку закаханаму,

Рада выраю ты птушынаму,

Спеву дзіўнаму салаўінаму, —

Беларусь мая, бярозка майская,

Абагрэтая сонца ласкаю.

(Ніна Тарас. “…Беларусь мая, бярозка белая”)

Дзе ты, шчасце маё, ступаеш?

Дзе сцяжыначкі выбіраеш?

Мо да кладачкі мне падбегчы,

Мо на вёсельцы падналегчы?

Мо хусціначкай павязацца,

А ці з коскамі лепш застацца?

А ці проста глядзець, ці з хітрынкаю,

Ці блінком частаваць, ці скарынкаю?

Апускаецца сонца нізка…

Дзе ж ты, шчасце маё, ці блізка?

(Еўдакія Лось. “…Дзе ты, шчасце маё, ступаеш?”)

Лісце алае засыпае роў,

Пушчу чорную апавіў туман,

Атачон з усіх чатырох старон

Золкай восенню мой лясны будан.

Стогнуць пад дажджом старчакі альхі,

І ў будан з дрыгвы плыве золь-зіма, —

Ў ім карэнні — столь, ложак — ліст сухі,

Ні агню няма, ні святла няма.

(Уладзімір Караткевіч. Машэка)

Пытанні і заданні: 1)Падумайце, чаму гэтыя вершы можна аднесці да акцэнтна-складовых. Вызначце іх віды. 2)Які від акцэнтна-складовага верша называецца каламыйкавым? Колькі ў ім апорных націскаў і складоў? Знайдзіце сярод прыкладаў каламыйкавыя вершы. 3)Ці ёсць сярод вершаў пяціскладовікі кальцоўскага тыпу? Калі так, то назавіце іх.
3.3. Тактавік

Я табе, зямля прадзедаў маіх,

Не патраплю нічога жалець на свеце,

На свет цэлы гатовы твой прыгон апеці

І ўзнясці пасад на магілішчах тваіх.
Я цябе душой рад бы сваёй сагрэці

І карону сплесці з сонца, зор залатых, —

На цябе карону ўзлажыць, каб хоць на міг

Заяснела ты ў цяжка дабытым цвеце.


За цябе загінуць гатоў я ў барацьбе

З крыўдай той, што цярпіш ад людзей і ад Бога,

Ад чужынца і ад сына свайго сляпога…
Буду ў вечнай мучыцца жальбе і кляцьбе…

І за гэта толькі прашу, малю цябе:

Не гані ты мяне ад свайго парога.

(Янка Купала. Для зямлі прадзедаў маіх… )

Як прыйшла я на ток малаціць —

Ў задуменні застаялася

Ды знянацку рассмяялася.

Нават сорам на хатніх зірнуць:

Ці не ўцямілі, хвароба на іх,

Ад чаго мой тварык смяецца,

Ад чаго маё сэрцайка б”ецца.



(Максім Багдановіч. “…Як прыйшла я на ток малаціць”)

Не магу нават бачыць,

як нехта моліцца,

Перад Богам капеечным паклоны б”е.

О, не дай мне, сумленне, стаць багамольцам,

Аддаваць на глумленне пачуцці свае.

Хто б ні быў і якім бы ўсявышнім Ісусам,

Хоць і з процьмай навечных святых прывілей, —

О, спыні мяне, сумленне, перад цяжкай спакусай —

Выліваць прад бажніцамі апошні ялей.

Перад адным толькі німбам заўжды ў захапленні

У паклоне хілюся сівой галавой.

І калі дзе забудуся — кінь мяне на калені,

О сумленне, кінь мяне на калені —

перад Радзімай маёй!

(Кастусь Кірэенка. Малітва)

Моляцца белыя, жоўтыя, чорныя,

Адпрасаваныя, самавітыя.

Усе такія вучоныя,

Усе такія хітрыя.

Маліцеся, дыпламаты, маліцеся

Хрысту, Алаху ці Будзе.

А потым Богу свайму пахваліцеся,

Што мір на планеце будзе.

(Пімен Панчанка. Маўклівая малітва)

Дождж рунь спаласкаў.

Вяз пакарабаціла.

Для мяне з Полацка

Ясь прывёз пацеркі.

Рыжанькі, кірпаценькі

Любы Ясенька.

Іскрынкі-пацеркі

Павязаў пад ясенем.

(Рыгор Барадулін. Пацеркі)

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница