Рэцэнзент ы



страница4/10
Дата04.05.2016
Размер1.29 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10

Пытанні і заданні: 1)Вызначце, якім памерам напісаны кожны з прыведзеных вершаў. 2)Як уплывае на рытм верша розная колькасць стопаў у радках? 3)Адшукайце ў творчасці іншых паэтаў разнастопныя вершы.
2.1.1.4. Вольны верш

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

Ад казак вечароў,

Ад песень дудароў,

Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,

Ад шолаху начэй,

Ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыццё

І злучана быццё і небыццё, —

Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,

І выхаду шукаў

Адбітак родных з’яў

У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.

І гэты скарб, пазычаны, адбіты,

У сэрцы перажыты

І росамі абмыты

Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,

Для вас, душою чулых,

Як доўг, як дар,

Дае пясняр.

(Якуб Колас. Сымон-музыка)

Чала я не хіліў прад сілай

і не качаўся полазам у порсці;

глумлівай і тупой таўпе

не біў паклонаў я;

пратораны дарожкі

з пагардай абмінаў,

ламаючы шчырэц навіны.

Вось гэта ўсе мае грахі,

вось гэта ўсе мае правіны…



(Вацлаў Ластоўскі. “…Чала я не хіліў прад сілай”)

Якімсьці чынам, невядома,

З вар’яцкага шпіталя ці то з дома

Ды збегла раз няшчасная кабета,

Якая з малых год

Была паклонніцаю моды

І розум страціла праз гэта.

Было, між іншым, лета.

Яна тут зараз цераз плот

І скокнула ў гарод

Ды, завязаўшы нейк па-свойму хустку,

Давай тут прыбіраць старанна галаву:

Лісцё ўтыкае морквы ды капусту,

І кроп, і іншую траву.



(Какдрат Крапіва. Мода)

Плача сірочая ў лесе жалейка…

Сціхла ты,

Змоўкла, наша Надзейка.

Хто ж гэта думаў, як давялося:

Вочы закрыла хмурая восень,

Выцвілі косы,

Шчокі запалі,

Рукі завялі.

(Пятрусь Броўка. Надзя-Надзейка)

Гэта быў адзін з майстроў вялікіх,

Звалі яго Люцыян Таполя,

А па клічцы проста Багароб.

Гэта ён

Уздоўж Віллі і Нёмна



І па ўсіх шляхах і скрыжаваннях

Будаваў капліцы і крыжы,

Выразаў апосталаў, прарокаў,

Больш падобных да сялян смаргонскіх,

Да вілейскіх лесарубаў, рыбакоў.

Гэта ён ў батлейцы навагодняй

Пана свайго Ірадам зрабіў,

Твар і постаць прасвятой —

З дзяўчыны Тэклі,

Да якой дарэмна сватаўся калісьці,

А двух п’яніц мядзельскіх —

Сцяпана з Харытонам —

Выразаў з чачоткавай бярозы.

З дрэва моцнага,

Як дружба іх,

Выразаў у постаці анёлаў.



(Максім Танк. Люцыян Таполя)

Пытанні і заданні: 1)Які верш мы называем вольным? 2)Падумайце, якое структурнае вызначэнне можна даць кожнаму з прыведзеных вольных вершаў. 3)Як можна назваць верш, якім напісана паэма Максіма Танка “Люцыян Таполя”?
2.1.1.5. Лагаэды

Спачатку яно шалясцела

Вельмі нясмела,

А потым лізнула аконца

Ціха, як сонца.

Назаўтра ўзняло галасочак,

Нібы званочак,

Ды ў час празвінела так далей

Збуджанай хваляй…

Во як пачалося ў нас ціха

Тое ўсё ліха,

Што нат беларускія межы

Ўсталі з залежы.

(Янка Купала. Безназоўна)

Рушымся, брацця, хутчэй

Ў бой з жыццём, пакідаючы жах,

Крыкі пужлівых людзей

Не стрымаюць хай бітвы размах…

Проці цячэння вады

Зможа толькі жывое паплыць,

Хвалі ж ракі заўсягды

Тое цягнуць, што скончыла жыць.

(Максім Багдановіч. “…Рушымся, брацця, хутчэй”)

Мілая! О, колькі радасці даеш

Майму ты сэрцу маладому!

Нават ты сама таго не спазнаеш,

Які ты скарб у маім дому!

Мілая, сагрэй мяне сваймі грудзьмі!

К маім грудзям прыліпні шчыра;

Богамі хай станем мы паміж людзьмі,

Нябеснага князямі міру!

(Янка Купала. Яна і я)

Сонца штораз больш у жылах кроў агніць,

Калені штораз больш ласкоча нам трава,

Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сніць,

Жаданнем забыцця п’янее галава.

Ногі падкасіліся і мне, і ёй,

Зліліся вусны з вуснамі самі сабой,

Полымем прыпалі грудзі да грудзей,

Змяшаліся мы з сонцам, з кветкамі, з травой.

(Янка Купала. Яна і я)

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці…

Помніць кожнай маснічыны спеў,

Кожны кут у прыціхлай хаце.

Лёсу дзякаваць, што паспеў

Ты пачуць блаславенне маці.

(Рыгор Барадулін. Трэба дома бываць часцей)

Яны даспадобы мне,

хоць і старыя,

Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.

Як многа гавораць мне назвы такія —

Мінск,


Пінск,

Брэст…


Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,

Каб звонка звінела, была, як агонь.

У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, —

Блонь,


Струнь,

Звонь!


(Пятрусь Броўка. Родныя словы)

Пытанні і заданні: 1)Скажыце, у якіх вершах мы сустракаемся тут з лагаэдамі а)радковымі, б)строфнымі, в)стопнымі. 2)Пакажыце своеасаблівасць гэтых лагаэдаў, апішыце іх.
2.1.2. Рытміка

Паняцці і тэрміны для самакантроля



РЫТМ /ад грэч. rhytmós — узгоджанасць, суразмернасць,/ — раўнамернае чаргаванне якіх-небудзь з’яў у часе ці прасторы. Па тым, як чаргуюцца гэтыя з’явы (праз роўныя прамежкі часу або роўныя адлегласці), адрозніваюць Р. чaсавы (ход нябесных свяціл, марскія прылівы і адлівы, біццё сэрца) і прасторавы (размяшчэнне архітэктурных ансамбляў, дарожных прысадаў, тэлефонных слупоў). Выключна важнае значэнне мае Р. у працы чалавека: аблягчае яе, робіць больш прадуктыўнай. Р. — самая істотная прыкмета верша. Прыйшоў ён сюды з Р. працоўнай дзейнасці чалавека праз пасрэдніцтва працоўнай песні, музыкі. Вершаваны Р. выяўляецца ў раўнамерным чаргаванні якіх-небудзь аднатыпных моўных з’яў — т.зв. рытмастваральных кампанентаў (ненаціскных і націскных або доўгіх і кароткіх складоў, аднолькавай колькасці складоў ці моцных (апорных) націскаў у вершаваных радках, аднолькавых слоў, гукаспалучэнняў і г.д.). Адзінкай Р. верша з’яўляецца вершаваны радок, выдзелены не толькі графічна, але і міжрадковай паўзай, падкрэслены рыфмай або клаўзулай (заключныя склады вершаванага радка пасля апошняга націскнога склада; па іх колькасці клаўзулы бываць аднаскладовымі, двухскладовымі, трохскладовымі). Вершаваны Р. — гэта “тэмперамент радка” (М.Святлоў), яго своеасаблівы “пульс” (С.Маршак). Яго нельга атаясамліваць, як гэта робіцца, з метрам або памерам. Вершаваныя радкі аднаго метра (харэічнага, дактылічнага і г.д.) або нават аднаго памеру (чатырохстопнага ямба, трохстопнага дактыля і г.д.) дзякуючы багаццю розных рытмастваральных кампанентаў амаль ніколі не будуць ідэнтычнымі па свайму рытмічнаму малюнку. Р. у вершы мае вялікае значэнне. Як слушна даводзіў М.Багдановіч, “галоўным фарміруючым пачаткам усялякага верша, безумоўна, з’яўляецца Р.; застыўшы ў сваім найбольш правільным, закончаным выглядзе, ён ператвараецца ў метр. Усе астатнія элементы верша адыгрываюць у адносінах да таго і другога ролю другарадную, іншым разам — чыста службовую, успамагальную і ва ўсякім выпадку могуць быць зразуметыя і ацэненыя толькі ў цеснай сувязі з імі абодвума”. Вершаваны Р. выконвае цэлы шэраг функцый. Ён дае жыццё вершу як цэласнай і самастойнай моўна-эстэтычнай з’яве (генетычная функцыя). Ён валодае эмоцыястваральнымі здольнасцямі. Моўны Р., як і Р. увогуле, ужо сам па сабе здольны выклікаць тыя ці іншыя эмоцыі, пачуцці. У.Маякоўскі прыгадваў бесславесны рытмічны гул, які прыходзіў да яго на самым пачатку творчага натхнення, яшчэ да таго, як гэты гул “пакрываўся” словамі. Калі ж у сілавое поле моўнага Р. трапляюць словы, за якімі стаяць асобныя паняцці (думкі), — эмоцыястваральная здольнасць Р. яшчэ больш узрастае. Гэтак і музычны Р., “накладваючыся” на мелодыку і гукавы тэмбр, у дзесяткі разоў узмацняе эмацыянальнае ўздзеянне музычнага твора. Хаця па сутнасці ён можа выступаць без таго і другога, так сказаць, у чыстым выглядзе (нашы ўдарныя інструменты, іспанскія кастаньеты, афрыканскія там-тамы). Адна з самых галоўных функцый вершаванага Р. — сэнсавыяўленчая. Даўно тэарэтыкамі і практыкамі верша было заўважана, што асобныя метры (напрыклад, харэічныя) дапамагаюць лепшаму выяўленню радаснага, вясёлага настрою, у той час як іншыя (напрыклад, дактылічныя) — настрою роздуму, развагі, суму. Трэба падкрэсліць, аднак, што гаворка тут ідзе не пра жорсткае правіла, а толькі пра рытмічную тэндэнцыю, бо некаторыя надзвычай “ёмістыя” памеры, у прыватнасці чатырохстопны ямб, з аднолькавым поспехам могуць перадаваць самыя розныя эмоцыі і думкі (прыгадаем “Новую зямлю” і “Рыбакову хату” Я.Коласа, напісаныя гэтым памерам). Разам з тым, не выпадкова тое, што вольны верш найчасцей ужываецца ў байках, драматычных творах (калі яны толькі напісаны вершам), пяцістопны ямб — у санетах, свабодны верш (велібр) вельмі добра даносіць філасофскую развагу, роздум і г.д. Р. цесна звязаны з канкрэтным сэнсам паэтычнага твора. Менавіта таму многія буйныя паэтычныя творы полірытмічныя — іх асобныя раздзелы пішуцца рознымі вершаванымі памерамі, відамі верша. А.Твардоўскі раіў маладым паэтам развіваць “слых на верш”, дасягаць адпаведнасці сэнсу і Р. Вершаваны Р. мае яшчэ мнеманічнае значэнне, г.зн. дапамагае лепшаму запамінанню вершаванага твора. На гэтай уласцівасці Р. заснаваны мнеманічныя вершы. Дзякуючы мнеманічнай моцы да нас дайшлі шэдэўры старажытнай літаратуры (“Махабхарата”, “Іліяда”, “Адысея” і інш.), беларускія ананімныя творы XVIII — XIX ст. (паэмы, вершы, гутаркі). Раздзел вершазнаўства, які вывучае рытмічныя асаблівасці верша ўвогуле ці вершаў якога-небудзь паэта, называецца рытмікай. У беларускім вершазнаўстве ўпершыню канкрэтным аналізам рытмікі заняўся М.Багдановіч. У 70-я г.г. пашырэнне набыў статыстычны метад даследавання Р. беларускага верша. Статыстычныя табліцы наяўнасці вершаваных памераў у асобных зборніках Я.Купалы, Я.Коласа і М.Багдановіча прывёў М.Грынчык у сваім даследванні “Шляхі беларускага вершаскладання”/1973/. І.Ралько ўпершыню склаў “Метрычны даведнік да вершаў Максіма Багдановіча” (у кн.: “Вершаскладанне: Даследаванні і матэрыялы”, 1977). Аднак грунтоўнае даследванне Р. беларускага верша, па сутнасці, толькі пачынаецца.

ПАЎЗА /лац. pausa, ад грэч. pauo — спыняю, стрымліваю/ — адзін з элементаў інтанацыі, большы ці меншы па працягласці прыпынак голасу ў час чытання літаратурнага твора. П. — надзвычай важны сродак мастацкай выразнасці, дзейсны рытмастваральны кампанент. У творы існуюць сэнсавыя, або лагічныя, псіхалагічныя і рытмічныя П. Сэнсавая П. — гэта словападзел, які падзяляе мову мастацкай літаратуры на лагічна звязаныя часткі (сінтагмы), вызначае характар яе інтанацыі — пытальны, апавядальны ці клічны. Вершаваная мова выкарыстоўвае рытмічныя П., з якіх варта назваць цэзуру (працяглая ўнутрырадковая П., якая знаходзіцца на адным і тым жа месцы ў вершаваных радках) і міжрадковую паўзу. І тая і другая дапамагаюць стварэнню вершаванага рытму, уплываюць на яго канкрэтны характар. Але ў яшчэ большай ступені на канкрэтны рытмічны малюнак вершаванага радка і ўсяго верша ўздзейнічаюць так званыя псіхалагічныя П., якія ўзнікаюць у месцах сцяжэння асобных стопаў — як своеасаблівая часавая кампенсацыя за адсутнасць у той ці іншай стапе ненаціскнога склада. Такія П. асабліва характэрныя для дольнікаў і тактавікоў. Звычайна сэнсавыя П. у канцы вершаваных радкоў супадаюць з міжрадковымі, але падчас такога супадзення няма. Узнікае т.зв. перанос, які надзвычай узмацняе эмацыянальнасць паэтычнай мовы, набывае сэнсавыяўленчае значэнне.

РЫТМАСТВАРАЛЬНЫЯ КАМПАНЕНТЫ — сукупнасць моўных з'яў, што ўдзельнiчаюць у стварэннi вершаванага рытму. Характар i колькасць гэтых з'яў залежыць ад сiстэмы вершавання, вiду верша, творчай iндывiдуальнасцi паэта. Так, галоўнымi Р.к. сiлабiчнага верша з'яўляюцца чаргаванне аднолькавай колькасцi складоў у вершаваных радках, а таксама рыфмы, клаўзулы, цэзуры. Сiлаба-танiчны верш ведае мноства галоўных i дапаможных Р.к., асобныя з якiх уласцiвы для сiлабiчнага i танiчнага вершаў. Перш за ўсё рытм сiлаба-танiчнага верша ствараецца раўнамерным чаргаваннем у вершаваных радках: 1) нацiскных i ненацiскных складоў; 2) аднолькавай колькасцi складоў; 3) аднолькавых стопаў (выключэнне — лагаэды); 4) аднолькавай колькасцi стопаў (выключаючы вольныя вершы); 5) аднолькавай (прыблiзна аднолькавай) колькасцi нацiскных складоў; 6) аднолькавай (прыблiзна аднолькавай) колькасцi ненацiскных складоў; 7) аднатыпных клаўзулаў; 8) сугуччаў у канцы вершаваных радкоў (рыфма; за выключэннем белых вершаў); 9) аднатыпных строфаў (за выключэннем астрафiчных i аднастрофных твораў); 10) мiжрадковых i мiжстрофных паўз. Дапаможныя Р.к. ў вершы не абавязковыя. Да такiх Р.к. адносiцца паўтарэнне адных i тых жа радкоў, строфаў (рэфрэн, прыпеў), аднолькавых слоў у пачатку (анафара) цi ў канцы (эпiфара) вершаваных радкоў, пастаянных унутрырадковых паўз, аднатыпных сiнтаксiчных канструкцый, марфалагiчных форм i г.д. Для выяўлення пэўнай думкi, падкрэслення асобных слоў i словазлучэнняў паэт звяртаецца i да iншых сродкаў рытмiчнай выразнасцi, такiх, як усячэнне радка (змяншэнне ў нейкiм радку колькасцi стопаў), расцяжэнне радка (з'ява, супрацьлеглая ўсячэнню), сцяжэнне або расцяжэнне стопаў (выпадзенне ў стапе аднаго цi двух ненацiскных складоў, з'яўленне "лiшняга" склада), пiрыхii, спандэi, перанос (анжамбеман) i iнш. Усё гэта разам узятае стварае непаўторны рытм асобных вершаваных радкоў i цэлых вершаваных твораў.

АНАКРУЗА (ад грэч. anakrusis — адштурхоўванне, ход назад) — ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым метрычным націскам. У сілаба-танічным вершы ў залежнасці ад характару метра бывае нулявой (харэй, дактыль), аднаскладовай (ямб, амфібрахій) і двухскладовай (анапест). А. у вершы мае вялікае рытмічнае значэнне. Паколькі ўнутраная структура роднасных памераў (двухскладовых, з аднаго боку, і трохскладовых, з другога) аднолькавая, то яны адрозніваюцца па сутнасці толькі А. На гэтым засноўваецца існаванне радковых лагаэдаў — двухскладовых і трохскладовых памераў з раўнамерным чаргаваннем А. Часам А. дапамагае вылучыць пэўнае слова ў пачатку вершаванага радка. Гэта здараецца тады, калі сярод аднатыпных А. з’яўляецца А. іншага віду. Найбольш відазмяняе рытмічны малюнак верша нераўнамернае паўтарэнне А. у трохскладовых метрах — дактылічным, амфібрахічным і анапестычным; памер такіх вершаў вызначаем як трохскладовікі з пераменнай А. Рэдка, але сустракаюцца ў паэзіі і двухскладовікі з пераменнай А. Б.Тамашэўскі, праўда, сцвярджаў, што “ніводзін рускі паэт не пісаў вершаў, у якіх ямбы і харэі знаходзяцца ў вольным спалучэнні”. Але М.Гаспараў знайшоў такія вершы ў Б.Пастэрнака, У.Лугаўскога, С.Міхалкова і А.Барто. Сустракаюцца яны і ў беларускай паэзіі (напрыклад, у Я.Купалы, Я.Коласа). Некаторыя даследчыкі тэрмін “анакруза” ўжываюць толькі ў дачыненні да звышсхемных ненаціскных складоў у пачатку радкоў.

КЛАЎЗУЛА (ад лац. clausula - заключэнне) - заключныя склады вершаванага радка пасля апошняга нацiскнога склада. У залежнасцi ад колькасцi складоў пасля нацiску К. бываюць мужчынскiя (пасля нацiску складоў няма), жаночыя (адзiн склад), дактылiчныя (два склады) i гiпердактылiчныя (тры i больш складоў). Сугучныя К. утвараюць рыфму. К. з'яўляюцца адным з асноўных рытмастваральных кампанентаў сiлабiчнага, сiлаба-танiчнага i танiчнага вершаў. Ад характару К. залежыць рытмiчны малюнак вершаваных радкоў. Як i iншыя рытмiчныя адзiнкi (пiрыхii, спандэi, лагiчныя нацiскi i iнш.), К. надаюць рытмiчнаму малюнку верша своеасаблiвасць, адметнасць. У белым вершы пэўнае чаргаванне К., або клаўзацыя, дапамагае спалучэнню вершаваных радкоў у строфы.

ПIРЫХIЙ (грэч. pyrrichios, ад pyrriche — ваенны танец) — стапа ў антычнай (метрычнай) сiстэме вершавання з двух кароткiх складоў (- -). У сiлаба-тонiцы П. называюць пропуск у якой-небудзь двухскладовай стапе (ямбе цi харэi) аднага рытмiчнага нацiску. П. ў

адрозненне ад спандэяў сустракаюцца ў вершах вельмi часта. Па сутнасцi ў вершы нялёгка знайсцi "чысты" двухскладовы памер без П., якiя могуць быць на самых розных месцах у радку (апрача апошняй стапы). Дзякуючы П. адзiн вершаваны памер (напрыклад, чатырохстопны ямб) можа даць дзесяткi, а то i сотнi рытмiчных варыяцый.

СПАНДЭЙ (грэч. spondeios) — стапа ў антычнай (метрычнай) сiстэме вершавання, у якую ўваходзяць два доўгiя склады (II). У сiлаба-тонiцы С. называюць з'яву, калi ў стапе ямба цi харэя (значна радзей — у трохскладовых стопах) становяцца побач два нацiскныя склады. Злоўжыванне С. робiць верш грувасткiм, няўклюдным. Разам з тым дзякуючы С. паэт можа вылучыць тое цi iншае слова ў вершаваным радку, звярнуць на яго ўвагу.

ПЕРААКЦЭНТУАЦЫЯ, рытмiчная iнверсiя, — несупадзенне ў асобных стопах вершаванага радка акцэнтаў граматычных i рытмiчных. Дзеля захавання рытмiчнай iнерцыi i рыфмы некаторыя словы ў канцы вершаваных радкоў часам набываюць неўласцiвы iм нацiск. У iншых выпадках можа браць верх акцэнт граматычны, што прадвызначае выразнае рытмiчнае падкрэсленне таго цi iншага слова (паняцця). Мастацка непрадвызначанае карыстанне П., злоўжыванне ёю (у гэтым выпадку гавораць пра збой рытму) сведчыць пра недастатковую вершавую культуру паэта. Некаторыя вершазнаўцы П. называюць сiнкапiраваннем (сiнкопа - перанос у музычным творы нацiску з моцнай долi такта на слабую).

ДЫЯРЭЗА (ад грэч. diairеsis — раздзеленасць) — у антычным вершаваннi замена ў стапе доўгага склада двума кароткiмi. У сiлаба-танiчнай сiстэме вершавання гэты тэрмiн ужываецца для азначэння такой рытмiчнай з'явы, калi дзеля захавання вершаванага памеру некалькi парушаецца граматычная форма слова, напрыклад, з'яўляецца лiшнi складовы галосны (замест зайграў — заiграў, пройгрыш — проiгрыш), пачатковае “у” пасля галоснага не скарачаецца i iнш.

СIНЯРЭЗА (ад грэч.synаirэsis — з'яднанне, сцiсканне) — у антычнай

сiстэме вершавання злiццё двух кароткiх складоў у адзiн доўгi. У беларускай сiлаба-тонiцы гэты тэрмiн абазначае з'яву, калi, дзеля захавання вершаванага памеру, два галосныя, што стаяць побач, вымаўляюцца як адзiн або злучнiк “i” ператвараецца ў “й” цi прыназоўнiк “у” скарачаецца нават пасля зычнага i ў пачатку радкоў. Злоўжыванне С. (гэта, у прыватнасцi, заўважаецца ў паэзii Я.Пушчы апошняга перыяду) шкодзiць мастацкай дасканаласцi паэтычных твораў. Як С. трэба ўспрымаць ужыванне ў вершаванай мове некаторых скарочаных словаформ (“мо” — замест “можа”, “шчэ” — замест “яшчэ” i г.д.).


2.1.2.1. Анакрузы, клаўзулы

Энцыклапедыя!

Гэта не жарт —

Мець сцежку да нашых патомкаў.

А як перадаць ім душы нашай жар

І сэрца кіпучую звонкасць?

Разбегліся думкі ў маёй галаве,

Іду я па ржэўніку босы,

Мне месца знайшлося пад літарай “В”

Ў адным з тых тамоў шматгалосых.

(Алесь Вечар. Каментарый да артыкула)

І я б не ўспомніў нават пра ракеты,

Пра грозны і галоўны наш калібр,

Калі б для ўсіх,

Для ўсіх людзей харошых

У мірным небе сонца узышло,

Калі б на Волзе і ў маім Замошшы

Брацкае магілы не было.

(Уладзімір Паўлаў. “…Не танцаваць “Лявоніху” ў Замошшы)

За далячынню бору,

За галасамі жанок —

Светлая музыка мора,

Жоўты пяшчотны пясок.

(Яўгенія Янішчыц. “…За далячынню бору”)

Узяў сякеру, клін дубовы,

Прынёс абруч ён, праўда, новы —

На абруч —абруч ён садзіць,

Каб потым дно дастаць смялей.

Абруч узгоніць — дна не выне,

Дно дастане— абруч скіне,

Ну, як мыш, ўспацеў Андрэй.



(Якуб Колас. Мужык і клёпкі)
Не адна, як струна,

Сасонка расла

У бязмежным

Бары-гушчары.

А сягоння яна,

Пачарнеўшы, лягла

На аснежным

Фабрычным двары.



(Андрэй Александровіч. Сасна)

Беларусь, прачынайся!

Я цябе абуджаю!

Ты павінна прачнуцца,

Не праспі сваё шчасце ўначы,

Я гукаю цябе,

Дарагая, святая!

Адкажы ж, мая родная,

Не маўчы!..

Паміраю і веру:

Калісьці над светлымі водамі,

Над свабоднай зямлёю

І над Белаю Руссю маёй

Шчасце сонцам заззяе

І слова нашчадка свабоднага

Мае раны загоіць

Гаючай жывою вадой.

(Уладзімір Караткевіч. Паўлюк Багрым)

Ёсць пад Стараю Русаю

руская вёска Лажыны.

Там, нібы ў Беларусі,

і вербы растуць, і рабіны.

Там жаўцеюць

Прыгожыя

Краскі


За вёскай у лузе,

Там ржавеюць

Варожыя каскі,

Нібы ў Беларусі.

Там магіла ёсць брацкая ў лузе

за вёскай Лажыны,

Там хлапцы беларускія чэсна галовы злажылі.

(Аркадзь Куляшоў. Над брацкай магілай)

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Паміж сваіх і чужакоў

Яна мне ласкай матчынай…

Жыве з ёй дум маіх сям’я

І сніць з ёй сны нязводныя.

Завецца ж спадчына мая

Ўсяго Старонкай Роднаю.

(Янка Купала. Спадчына)

І засумуецца патомак,

Калі дазнаецца аб нас,

Што нейкі з нас, хоць быў не зломак,

А плечы гнуў у крук не раз.

Не йшоў з адкрытымі вачыма

У свет і сцежкі не прастаў,

А ўсёй магчымасці магчымай

Таптаў сляды, сябе таптаў.

(Янка Купала. І прыйдзе)

Жывеш не вечна, чалавек,

Перажыві ж умомант век!

Каб хвалявалася жыццё,

Каб больш разгону ў ім было,

Каб цераз край душы чуццё

Не раз, не два пайшло.

Жыві і цэльнасці шукай,

Аб шыраце духоўнай дбай.

(Максім Багдановіч. “…Жывеш не вечна, чалавек”)

Там пачынаецца паэзія

І там яна канчаецца,

Дзе ты ўсміхаешся гарэзліва

І цэлы свет гайдаецца.

Спяшай зрабіць са сцежкі крок,

Дзе цішыня густая,

Каб прачытаць адзін радок,

Які ніхто не знае.

(Анатоль Сербантовіч. “…Там пачынаецца паэзія”)

О, электроны! Ў мікрасвеце

Вам суджан Праметэя лёс —

Вандруючы ў зялёным вецці,

Вы бераце агонь з нябёс

І даяце ўсяму жывому,

Каб нарастала сіла ў ім.

Хай будзе кропля сілы ў слове

Аб зерні хларафілавым!

(Алесь Вечар. Ад цудоўным)

Пытанні і заданні: 1)Падумайце, чаму ў вершах, у якіх усюды ўжыты аднаскладовыя анакрузы, асобныя радкі пачынаюцца словамі з нулявой анакрузай (яны выдзелены курсівам). 2)Якая анакруза ўжыта ў вершы Я.Янішчыц? Ці можна было б пачаць верш тым самым першым радком, але з аднаскладовай анакрузай? Калі так, то прыдумайце такі чатырохрадковік. 3)Якія з прыведзеных прыкладаў можна аднесці да двухскладовікаў з пераменнай анакрузай (Па2), да трохскладовікаў з пераменнай анакрузай (Па3)? Падумайце, якія стопы вылучаюцца ў гэтых вершах. 4)Вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, А.Сербантовіча і А.Вечара напісаны адным памерам, але ў іх ужыты розныя клаўзулы, што, несумненна, уплывае на канкрэтны рытм гэтых вершаў. Дакажыце гэта.
2.1.2.2. Цэзура, цэзураваныя ўсячэнні і нарашчэнні

Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, —

На чужое неба ўжо гляджу сягоння.

Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,

Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.

І няма на свеце так вялікай меры,

І няма на свеце так каваных дзвераў,

Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —

Беларусь са мною разлучыць пасмелі!

(Янка Купала. Я ад вас далёка…)

Пан ды пану слаў гасцінец — поўну торбу ракаў.

Даў пры гэтым ліст і кажа: — Не пазніся ж, Якаў!

—Добра, пане! — Во назаўтра, толькі днець зачала,

Якаў торбу ўспёр на плечы, барзджэй, як папала.

Ліст укінуў за кашулю, глынуў квасу з жбана

І папёрся з тым гасцінцам пасланцом да пана.

Дзень пагодны, сонца з поўдня і пячэ і смаліць;

Якаў з ракамі па шляху без аддышкі смаліць…

(Альберт Паўловіч. Ракі)

Слоўца адно, а часам другое,

Сказана мудра, у пору,

Душу адсвежыць, мысль заспакое,

Як бы адверне з плеч гору.

(Стары Улас. “…Слоўца адно, а часам другое”)

Звон кафедральны кліча на Ave.

З цесных завулкаў злева і справа

Гуртам манашкі ў чорным адзенні

Цягнуцца, быццам сумныя цені.

Тут і старыя, і маладыя, —

Ave Maria…

Я не звярнуў бы і ўвагі, можа,

Каб не пабачыў між імі прыгожай

Адной манашкі, якая мае

Не больш, хіба, як семнаццаць маяў;

Чорныя вочы, бровы густыя, —

Ave Maria!

(Максім Танк. Ave Maria)

Мой свет пяшчотны, мой свет суровы,

Як спеў жалейкі.

Ты, як слязіна, што ўжо гатова

Сарвацца з вейкі…

Свае трывогі, людское шчасце

Цаніць умейце.

Яшчэ не позна, не дайце ўпасці

Слязе на вейцы.

(Уладзімір Паўлаў. Сляза на вейцы)

Магутны Божа! Ўладар сусветаў,

вялізных сонцаў і сэрц малых,

над Беларусяй ціхой і ветлай

рассып праменні свае хвалы.

Дай спор у працы будзённай, шэрай,

на хлеб штодзённы, на родны край,

павагу, сілу і веліч веры

у нашу праўду, у прышласць — дай!

Дай урадлівасць жытнёвым нівам,

учынкам нашым пашлі ўмалот.

Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай

краіну нашу і наш народ!

(Наталля Арсеннева. Малітва)

Снуецца з песнямі льняное прадзіва,

Пасаг бы з кужалю танчэй саткаць.

Жартоўна кросенцы мае разладзілі,

Уток заблыталі, не разблытаць.

(Ларыса Геніюш. На чаборы настоена)

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница