Рэцэнзент ы



страница3/10
Дата04.05.2016
Размер1.29 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10

1.5. ПРОЗА — ВЕРШ — ПАЭЗІЯ:

ТЫПАЛАГІЧНАЕ СУПАСТАЎЛЕННЕ

Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птицы, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люде, и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають.


(Францыск Скарына. З прадмовы да перакладу кнігі “Юдзіф”. 1519).

Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни,


знають ямы своя;

Птицы, летающие по возъдуху,

ведають гнезда своя;

Рибы, плывающие по морю и в реках,

чують виры своя;

Пчелы и тым подобная

Боронять ульев своих, —

Тако ж и люде,

и где зродилися

и ускормлены суть по Бозе,

к тому месту великую ласку имають.

(Францыск Скарына. Паводле трохтомнай “Анталогіі беларускай паэзіі”. Т. 1. Мн., 1993. С. 43)


Заданне: Супастаўце два тэксты ўрыўка з прадмовы Францыска Скарыны да перакладу кнігі “Юдзіф”. Падумайце, што набыў і, магчыма, што страціў скарынаўскі тэкст, перададзены ўкладальнікамі “Анталогіі беларускай паэзіі” вершам, у параўнанні з арыгінальным аўтарскім тэкстам, запісаным празаічнай моваю.

Вы, хто любіце натрапіць


Між страніц старых, пажоўклых

Кнігі, ўжо даўно забытай,

Блёклы, высахшы цвяток, —

Праглядзіце гэты томік:

Засушыў я на паеры

Краскі, свежыя калісьці,

Думак шчырых і чуцця.

(Максім Багдаовіч. “…Вы, хто любіце”)

Заданне: Параўнайце гэты верш з аналагічным тэкстам М.Багдановіча, напісаным метрызаванай прозай (гл. 1.1.2.). Зрабіце высновы адносна аформленасці зместу і змястоўнасці формы ў абодвух выпадках.


Я прынёс іх з дрымучага ляснога свету, дзе з ніцымі брусніцам — жар верасоў. Падасінавікаў у чырвоных берэтах знайшоў пад старою асвінай асінай.

А лісічак набраў каля вяртухі сцежкі, што да лісінай хаты вяла лагчынай; падбярозавікаў — пад шаптухай бярозай, дзе пела-гула чмяліная капэла.

Знайшоў сыраежак, дзе памежак-узгорак мураўі для сваіх паселішч занялі; а апёнак — ля сховішч вавёрак і ля пнёў, жоўтых махавікоў — між баравых імхоў.

А ваўнянак і рыжкоў нарэзаў багата там, дзе зязюля лічыць па вясне гады… А пра баравікі не скажу, каб ты адна без мяне не пабегла іх шукаць у лес. (Паводле Максіма Танка)



Заданне: Параўнайце гэты тэкст з тэкстам з навуковай прозы (гл. 1.1.4.) і дакажыце, што ён — мастацкі, паэтычны, у той час як другі адносіцца да навуковага стылю прозы. Паспрабуйце вершавана рэканструяваць дадзены тэкст, запісаць яго ў выглядзе чатырох чатырохрадкоўяў, кожнае з якіх — чатырохстопны анапест з перакрыжаванай рыфмоўкай: Ан4(АбАб). Супастаўце з арыгіналам — вершам Максіма Танка “Грыбы” (Танк Максім. Мне пару крыл дало юнацтва… Мн., 2003. С.201).
Апісаць Іматру, гэту велічыню і разгон бушуючай вады, трудна. Трэба яе бачыць сваімі вачыма, каб пераканацца, як тут усясільная прырода паказала сваю моц, выкапаўшы ў каменнай гары канаву-грамадзіну і кінуўшы па ёй расшалелыя хвалі ракі Вуоксы.

Рака гэта, падплываючы к таму месту, дзе б’е сам вадаспад, патроху звужаецца і, напатыкаючы пад сабой каменныя глыбы, пачынае грозна клакатаць, як бы глуха клясці, што ёй асмельваюцца спыніць разгон і прастор. Але ўсё-такі гэты прастор штораз вузее, спад штораз робіцца прытным, вадзе прыходзіцца прабіваць сабе дарогу ў каменнай скале, і тут гэта рака пачынае ўжо бяспамятна, апраметна кідаць свае буйныя хвалі, шумець, стагнаць дзіка, жутка. Прад сабой бачыш не звычайную ваду, а белую як снег кіпучую пену. Хваля ўскаквае на хвалю, гоніць, прэ, пераганяе; тая тую кідае ўверх цэлай пякельнай гарой, разаб’е ў пух, у пыл, скруціць, зверне; зноў тая тую кіне ўвысь, як бы грозячы самому сонцу; тая тую абмые шалёным абняццем, здавіць, скруціць, ізноў пусціць, ліне, ізноў так далей хваля за хваляй, а ўсё з грозным шумам, дзікім рогатам, жутка, магуча. Аж вось выбіўшыся зноў на большы прастор, Вуокса пачынае цішэць, як бы пераводзіць дух пасля такога шалёна-п’янага разгулу-барацьбы <…>.

Праз самы вадаспад перакінут вісячы жалезны мост, і мы па ім маглі пераходзіць на абодва бакі бушуючай Іматры і, чапляючыся па вострых засеках каменнай скалы, узірацца ўніз, услухоўвацца ў клакатанне вод. Глядзіш, слухаеў, і штосьці незразумела-зводнае прыкоўвае цябе да гэтай апраметнай вады. Забываешся на свет, на людзей, на жыццё, на долю, а ўсё глядзіш і слухаеш, слухаеш і глядзіш… (Янка Купала. З Фінляндыі)
На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай,

Ракой з вадаспадам заліўся пакат;

Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,

Іматрай завуць вадаспад.


Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі,

На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць,

Нем толечы каменны бераг, як з сталі,

І зараснік хвойны маўчыць.


Шалее Іматра між каменных глыбаў,

За хваляю хвалю імчыць к нізіне;

Як хмар недаступных махнатыя скібы,

Адна адну схопіць, піргне.


Адна з адной рынуцца ўглыб, як магілу,

Там скруцяцца, ўзнімуцца клубам, дугой,

Рассыплюцца пухам, рассеюцца пылам,

Зноў выскачаць к небу гарой.


Зірнуць, ззіхануцца, сыпнуцца на скалы,

Ўсім дантаўскім процьмам на здзіў,

І люнуць на волю, забыўшыся шалаў,

Плывуць паміж пустак і ніў.


Другія іх зменяць і пеняцца ў зломе,

Адвечністым шумам калышуць прастор;

Свабодай сваёю і роднай Суомі

Сягнуць быццам хочуць да зор.


Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды,

І сэрца лялеецца ў сцішнай жальбе,

Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай

Ды як бы ўсё клічуць цябе:


“Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на свеце,

Спачын векавечны дамо ў забыцці;

Нязведанай воляю будзем шумеці

І гутарку з сонцам вясці.


Хадзі ў нашы хвалі, спаўём твае грудзі

Вадзіцай сцюдзёнай, кіпучай, як вар;

Народ аб нас казку злажыць не забудзе,

І песню нам зложыць пясняр”.


Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай,

Ракой з вадаспадам заліўся пакат;

Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,

Іматрай завуць вадаспад.



(Янка Купала. Над Іматрай)

Заданне: Супастаўце два тэксты Янкі Купалы — урывак з нарыса “У Фінляндыі” і верш “Над Іматрай”, напісаныя ў выніку наведання паэтам вадаспада Іматра пад час яго паездкі ў Фінляндыю ў 1910 годзе. Знайдзіце агульнае і рознае як у прадметна-рэчыўным, так і ў мастацка-вобразным свеце гэтых двух твораў.


2. МЕТРЫКА. РЫТМІКА
2.1.СІЛАБА-ТАНІЧНАЯ СІСТЭМА ВЕРШАВАННЯ

2.1.1. МЕТРЫКА

Паняцці і тэрміны для самакантроля



МЕТР /ад гр. mētron — мера, адзінка вымярэння; вершаваны памер/ — ідэальная схема чаргавання ў вершаваных радках метрычнага верша пэўных рытмастваральных кампанентаў (доўгіх і кароткіх складоў — у антычным, націскных і ненаціскных — у сілаба-танічным вершаванні і г.д.). Так, у сілаба-танічнай сістэме вершавання папераменнае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў ( /—/—/…) стварае харэічны М., ненаціскных і націскных (—/—/—/…) — ямбічны. У адрозненне ад двухскладовых, трохскладовыя М. паміж націскнымі складамі маюць па два ненаціскныя. Іх вылучае характар анакрузы (ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым метрычным націскам). У дактылічным М. яна нулявая (/—/—/—…), у амфібрахічным — аднаскладовая(—/—/—/—…), у анапестычным — двухскладовая (—/—/—/…). Асноўнай метрычнай адзінкай верша з’яўляецца стапа, якая ў сілаба-танічным вершы бывае двухскладовай (з націскам на першым складзе — харэй, з націскам на другім складзе — ямб) або трохскладовай (з націскам на першым складзе — дыктыль, на другім, сярэднім, складзе — амфібрахій, на апошнім, трэцім, складзе — анапест). Чаргаванне пэўнай колькасці аднолькавых стопаў утварае памер вершаваны. “Прасодыя вучыць метрам, ці мераю колькасці, вершы складаць”, — пісаў М.Сматрыцкі ў “Граматыцы славянскай” /1618/, указваючы на значэнне М. у вершаванай мове. Жывая плынь вершаванага рытму далёка не заўсёды супадае з М. Напрыклад, у чатырохстопных ямбах А.Пушкіна толькі каля 27% радкоў маюць па чатыры націскі, як таго патрабуе ямбічны М. (64% — па тры, крыху больш 9% — па два.). Аднак нельга на гэтай падставе лічыць М. чымсьці неістотным, ілюзорным. У вялікай ступені дзякуючы менавіта М. ствараецца велізарнае багацце рытмічнай варыянтнасці метрычнага верша, у якім М. выступае “ў якасці зададзенага ўзору, што загадзя існуе ў свядомасці, будучы ў выглядзе ўсвядомленых правіл ці “рытмічнага гулу” (М.Харлап). М. вельмі адчувальна ўплывае на рытм метрычнага верша, з’яўляючыся адным з важнейшых яго стваральнікаў. Раздзел вершазнаўства, які вывучае сукупнасць правіл вершавання ў якой-небудзь літаратуры (сістэмы вершавання, памеры вершаваныя) называецца метрыкай. Тэрмін “метр” таксама ўжываецца і ў значэнні вершаванага памеру.

ВЕРШАВАННЕ — сістэма арганізацыі вершаванай мовы, у аснове якой — паўтарэнне пэўнага рытмастваральнага кампанента (вышыні гуку — у кітайскай паэзіі, працягласці вымаўлення галоснага — у антычнай, націскных або ненаціскных галосных — у сілабіка-тоніцы і г.д.). Мерай жа рытмічнай арганізацыі вершаванай мовы звычайна з’яўляецца вершаваны радок. На пэўным гістарычным этапе развіцця літаратуры выпрацоўваюцца асобныя сістэмы В. — тыпы рытмічнай арганізацыі вершаванай мовы, якія абумоўлены фанетычнымі асаблівасцямі нацыянальнай мовы, пануючымі ў ёй традыцыямі В. і залежаць ад сукупнасці структурных адзінак верша, іх будовы, функцый і ўзаемасувязі ў вершаваных радках. Сувязь паміж вершам і музыкай, напевам абумовіла асноўныя асаблівасці народнага В. Наяўнасць у старажытнагрэцскай мове доўгіх і кароткіх складоў прывяла да ўзнікнення антычнай (метрычнай) сістэмы В. У мовах з пастаянным (строга вызначаным) націскам пануе сілабічная сістэма В. Мовы з рухомым націскам карыстаюцца танічнай і сілаба-танічнай сістэмамі В. Надзвычайнае распаўсюджанне ў сусветнай паэзіі ў ХХ ст. набыў свабодны верш (велібр). Усе сістэмы В. так ці інакш звязаны паміж сабой, узаемна ўплываюць (ці ўплывалі) адна на адну. Напрыклад, антычная сістэма аказала ўплыў на развіццё сілабічнага і сілаба-танічнага верша ў еўрапейскай і ўсёй сусветнай паэзіі, народнае В. паўплывала на станаўленне сілаба-тонікі ва ўсходнеславянскай паэзіі, з’явілася асновай літаратурнага танічнага верша і г.д. Кожная з сістэм В. мае свае вершаваныя віды і формы. У прыватнасці, відамі танічнага верша з’яўляюцца акцэнтна-складовы і акцэнтны, або чыста танічны, верш, дольнік, тактавік. У сілаба-тоніцы суіснуюць разам вольны верш, вершы з цэзураванымі нарашчэннямі і ўсячэннямі і г.д. У адзін і той жа час у нацыянальнай паэзіі і нават у творчасці аднаго паэта могуць суіснаваць некалькі сістэм В. Так, у творчасці Ф.Багушэвіча сустракаюцца сілабічныя, сілаба-танічныя і танічныя вершы. М.Танк доўгі час пісаў сілаба-танічным і танічным вершам. У апошнія свае гады ён усё часцей аддаваў перавагу свабоднаму вершу. Гісторыя развіцця асобных сістэм В. у беларускай паэзіі пачынаецца з XVI ст., калі панаваў народны верш (народнае вершаванне) у дзвюх яго разнавіднасцях — музычна-моўнай (песеннай) і інтанацыйна-сказавай (рэчытатыўнай). Існаваў тады таксама і антычны (метрычны) верш (у творчасці беларускіх паэтаў-лаціністаў — Яна з Вісліцы, М.Гусоўскага, І.Іяўлевіча і інш.), але к канцу стагоддзя, разам са звужэннем функцыі старадаўняй латыні ў літаратурным жыцці Беларусі, ён знік. З таго ж XVI ст. вядзе сваю радаслоўную і беларуская сілабіка (Ф.Скарына, А.Рымша, Я.Пашкевіч, С.Полацкі і інш.), на аснове сілабічнага і народнага танічнага верша (асабліва яго сілаба-танічных форм), пад уздзеяннем рускай паэзіі ўзнікае беларуская сілаба-тоніка, якая неўзабаве (канец XIX ст.) поўнасцю выцясняе сілабіку. З сярэдзіны XIX — пачатку ХХ стст. да сілаба-танічнай сістэмы В. далучаецца літаратурны танічны верш ва ўсіх сваіх відах, а таксама свабодны верш. Абсяг ужывання народнага верша ў гэты час прыкметна звужаецца, ён працягвае выкарыстоўвацца, бадай, выключна ў вуснай народнай творчасці.

ПАМЕР ВЕРШАВАНЫ — паняцце, якое ўжываецца найчасцей для вызначэння рытмiчнай канвы метрычнага верша i паказвае колькасць i характар стопаў у вершаваных радках (трохстопны амфiбрахiй, пяцiстопны ямб i г.д.). Асобныя памеры ў антычнай i сiлаба-танiчнай сiстэмах вершавання маюць свае назвы — гекзаметр, пентаметр, александрыйскi верш i iнш. У сiлабiчнай сiстэме вершавання памер вызначаецца колькасцю складоў у вершаваных радках (дзесяцiскладовiк, трынаццацiскладовiк i г.д.). У сілаба-тоніцы адрозніваюць двухскладовыя памеры, у аснове якіх — пэўная колькасць ямбаў і харэяў, і трохскладовыя, што ўлічваюць колькасць дактыляў, амфібрахіяў і анапестаў. У апошнi час тэрмiн "памер верша" прымяняецца i для характарыстыкi асноўных рытмiчных асаблiвасцей дысметрычнага верша — акцэнтна-складовага, дольнiка, тактавiка, акцэнтнага, або чыста танiчнага (двухакцэнтны пяцiскладовiк, чатырохiктны дольнiк, трохiктны тактавiк, трохакцэнтны верш i г.д.). Некаторыя даследчыкi лiчаць, што "памеры ёсць i ў свабодным вершы, толькi мы iх не ведаем" (М.Гаспараў). Колькасць i характар памераў, якiмi карыстаецца паэт, дае пэўнае ўяўленне пра рытмiчнае багацце яго творчасцi. Па падлiках I.Ралько, М.Багдановiч карыстаўся 101 памерам, з якiх ямбiчных — 26, харэiчных — 22, анапестычных — 13, дактылiчных - 10 i амфiбрахiчных — 7. На сiлаба-танiчную сiстэму вершавання ў творчасцi аўтара "Вянка" прыпадае 78 памераў, а на ўсе астатнiя формы верша — 23 памеры. Такая шматлiкасць П.в. у вялiкай ступенi прадвызначыла рытмiчную разнастайнасць яго паэзii, паколькi П.в. i канкрэтны рытм верша цесна ўзаемазвязаны. Абумоўлены паэтычным зместам рытм увасабляецца ў П.в. У сваю чаргу П.в., як адзiн з дзейсных рытмастваральных кампанентаў метрычнага верша, актыўна ўплывае на рытм, а тым самым i на змест паэтычнага твора. Маючы ўсё гэта на ўвазе, А.Твардоўскi падкрэслiваў: "Я б нават так сказаў, што дакладна адгадаць, якiм памерам пра што пiсаць, — гэта ўсё роўна, што напiсаць рэч напалову".

СІЛАБА-ТАНІЧНАЕ ВЕРШАВАННЕ /ад гр. syllabē — склад і tónos — націск/ — сістэма вершавання, у аснове якой — раўнамернае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў у вершаваных радках. Ужываецца перш за ўсё ў мовах з пераменным месцам націску ў словах (рускай, украінскай, беларускай, англійскай, нямецкай і інш.). Апрача раўнамернасці чаргавання націскных і ненаціскных складоў, рытм С.-Т.в. ствараецца чаргаваннем у вершаваных радках аднолькавай колькасці складоў (як у сілабічным вершаванні). Адсюль і назва гэтай сістэмы. Ёсць у ёй і шэраг іншых рытмастваральных кампанентаў, па багацці якіх С.-Т.в. пераўзыходзіць усе іншыя сучасныя вершаваныя сістэмы. С.-Т.в. карыстаецца пяццю метрамі (ямбічным, харэічным, дактылічным, амфібрахічным і анапестычным) і вялікай колькасцю вершаваных памераў. У беларускім фальклоры першыя выпадкі ўжывання С.-Т.в. зафіксаваны ў XVI ст.. Але сілаба—танічныя формы народнага верша найбольш пашырыліся ў XVIII — XIX стст., што (разам з уплывам рускага С.-Т.в.) прывяло да ўзнікнення ў канцы XVIII ст. беларускага літаратурнага С.-Т.в. (“Уваскрэсенне Хрыстова”). Пераход на С.-Т.в. у беларускай паэзіі ажыцяўляўся ў XIX ст. (Я.Лучына, А.Гурыновіч, А.Абуховіч, Ф.Багушэвіч). Пануючым яно стала з пачатку ХХ ст. дзякуючы творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Гаруна, Ц.Гартнага, З.Бядулі і інш. Сёння С.-Т.в. — асноўная сістэма вершавання ва ўсёй усходнеславянскай, у тым ліку беларускай, вершатворчасці.

ВОЛЬНЫ ВЕРШ — від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім у адвольнай паслядоўнасці спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стопаў. Не датрымліваецца страфічнай будовы. Амаль не прыбягае да сінтаксічных пераносаў: фраза ўкладваецца ў вершаваны радок, “расцягваючы” або “звужаючы” яго. Інтанацыя В.в. блізкая да звычайнай гутаркі, яна добра перадае развагу, дыялог. Таму найбольш арганічна В.в. прыжыўся ў байках, жанравая своеасаблівасць якіх патрабуе нявымушанай гутаркі, інтанацыі жывога чалавечага голасу. Байкі звычайна пішуцца ямбамі, таму В.в. часамі называюць байкавым вершам, або вольным ямбам. Колькасць стопаў у В.в. хістаецца ад адной да шасці.Апрача К.Крапівы, да В.в.

у беларускай паэзіі звярталіся ўсе астатнія байкапісцы: У.Корбан, Э.Валасевіч, М.Скрыпка і інш. Арыгінальным В.в. (нерыфмаваны харэй) напісана паэма М.Танка “Люцыян Таполя”.

ЛАГАЭД /ад гр. lógos — слова і aoidē — песня/ — 1) від антычнага верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя па характару стопы (двух-, трох- і чатырохскладовыя); 2) від сілаба-танічнага верша, у якім не вытрымліваецца да канца патрабаванне метрычнай аднароднасці вершаваных радкоў, аднак выразна праяўляецца рытмічная аднароднасць. Вылучаюцца тры тыпы Л.: стопны, радковы і страфічны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы ў вершаваных радках (часцей за ўсё — у трохскладовых стопах) “выпадаюць” адзін ці два ненаціскныя склады, назіраецца т.зв. сцяжэнне стопаў. У выніку ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі. Л. стопны ўжываецца амаль выключна ў перакладах з антычнай паэзіі або ў імітацыях антычных памераў. У Л. радковым у пэўным парадку чаргуюцца радкі розных метраў. Л. радковыя рэдка сустракаюцца ў паэзіі, асабліва спалучэнні ямба з харэем. Імі, у прыватнасці, напісаны два раздзелы паэмы Я.Купалы “Яна і я” — “Яблыні цвітуць” (шасцістопны харэй — чатырохстопны ямб) і “На сенежаці” (шасцістопны харэй — шасцістопны ямб). У Л. строфным (сустракаецца ён, бадай, яшчэ радзей, чым радковы) у пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам. Так, у вершы П.Панчанкі “Пры святле маланак” праз кожныя дзве страфы, напісаныя чатырохстопным ямбам, тройчы паўтараюцца строфы, напісаныя трохстопным анапестам. У вершы М.Танка “На палігоне” першыя чатыры радкі — пяцістопны ямб, другія чатыры — пяцістопны харэй. Л. дапамагаюць зрабіць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, а тым самым — паўней выявіць паэтычную форму твора.


2.1.1.1. Якасць стопаў аднолькавая, колькасць — розная

Быў я ў агні

І пад агнём,

І на кані,

І пад канём.

Ляцеў да хмар,

Бываў на дне.

І смерць у твар

Глядзела мне.

(Аляксей Зарыцкі. “…Быў я ў агні”)

За ўсё, што сёння маю,

Што даў мне мой народ:

За кут уродным краю,

За хлеб-соль без клапот, —

Я адплаціў народу,

Чым моц мая магла:

Зваў з путаў на свабоду,

Зваў з цемры да святла.

(Янка Купала. За ўсё…)

Люблю наш край — старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

Люблю народ наш беларускі,

Хаціны ў зелені садоў,

Залочаныя збожжам нівы,

Шум нашых гаяў і лясоў.

(Канстанцыя Буйло. Люблю)
Адзінай мэты не зракуся,

і сэрца мне не задрыжыць:

як жыць — дык жыць для Беларусі.

А без яе — зусім не жыць.



(Ларыса Геніюш. “…Адзінай мэты не зракуся”)

Кладзе спалоханы сланечнік

Пануры голаў на платы.

Павольна чорныя плыты

На рэках раяцца аб нечым.

І лета згрэбена на сена.

І сцежка ўночы не відна.

Губамі грэю давідна

Твае радзімкі, як насенне.

(Юрка Голуб. “…А словы сумныя ўвосень”)

Жывым, нам трэба пазнаваць сябе,

Ісці глыбей да цяжкае разгадкі:

Хто мы былі? І хто нашы нашчадкі?

Які наш лёс далейшы ў барацьбе?

Мы — на сваёй зямлі… Заўсёды дома!

Нязрушна, так!.. Хоць ёсць, вядома, рух:

Даўно нас вучыць твой, Купала, дух

Ісці праз слова — у самасвядомасць!

(Мікола Арочка. Слова да Купады)

Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах

Свой век канчае ён у манастырскіх мурах.

Тут ціша, тут спакой — ні шуму, ні клапот.

Ён пільна летапіс чацвёрты піша год

І спісвае усё ад слова і да слова

З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.

(Максім Багдановіч. Летапісец)

Нас цешыў песняй-казкаю крывавы бог вайны,

для нас служылі цацкамі былыя кайданы…

Гулялі не на жарты мы. Мы той гульнёй жылі,

паставілі на карту мы жыццё у той гульні.

Мы выйгралі. У полымі палаючага дня

чырвонай перамогаю спынілася вайна.

(Алесь Дудар. Паэты рэвалюцыі)

Пытанні і заданні: 1)Вызначце, якімі стопамі і якім метрам напісаны ўсе гэтыя вершы. 2)Які вершаваны памер ужыты ў кожным з іх? 3)Ці гарманіруе вершаваны памер з тым настроем, які імкнуўся выявіць паэт у вершы?
2.1.1.2. Якасць стопаў розная, колькасць — аднолькавая

О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цвет!

У ветры дзікім не загінеш,

чарнобылем не зарасцеш.

Пялёсткамі тваімі стану,

на дзіды сэрца накалю.

Тваіх вачэй, пад колер сталі,

праменне яснае люблю.

(Уладзімір Дубоўка. О Беларусь, мая шыпшына)

Край мой родны! Дзе ж у свеце

Край другі такі знайсці,

Дзе б магла так, поруч з смеццем,

Гожасць пышная ўзрасці?

Дзе бы вобруку з галечай

Расквітнеў багацтва цуд,

І дзе б з долі чалавечай

Насмяяліся, як тут?..

(Якуб Колас. Сымон-музыка)

Хіба на вечар той можна забыцца?

…Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,

Штосьці спявае пяшчотнае бор.

Пахне чабор.

Пахне чабор.

Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы.

Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,

Быцам абсыпана промнямі зор.

Пахне чабор.

Паъхне чабор.

(Пятрусь Броўка. Пахне чабор…)

Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці,

Мой бацька не мог даць раскошаў такіх —

Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці

І дум беларускіх без школы і кніг.

Ад самай красы маіх дзён невясёлых

Настаўнікам быў беларускі абшар;

Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах

Навуку сваю мне прыносілі ў дар.

(Янка Купала. Мая навука)

Мой махнаты Дунай б’е хвастом ля парога,

На прыганку завіўся пукаты гарох…

За парканам удаль пралягае дарога,

А за даллю ёсць многа прыгожых дарог.

З тых дарог ёсць адна — вілаватай хадою

Мне з дзяцінства блукаць па ёй вырашыў лёс…

Буду доўга хадзіць я сцяжынкаю тою

Пад прывабным і чыстым люстэркам нябёс.

(Юлій Таўбін. “…Мой махнаты Дунай”)

Пытанні і заданні: 1) У чым своеасаблівасць метрычнай будовы гэтых вершаў? 2)Назавіце якасць і колькасць стопаў у кожным з іх. 3)Якія рытмастваральныя кампаненты, апрача якасці і колькасці стопаў, можна вылучыць у вершах?
2.1.1.3. Розныя вершаваныя памеры аднаго метра

Плады апалых ісцін —

Мізэрны плён.

Яны цяпер — не выйсце,

Яны — палон.

Няма граніц адкрыццям

Крынічных жыл.

Нам нельга паўтарыцца

У тых, хто жыў.

(Леанід Якубовіч. “…Кроў, кажуць, не дыміцца”)

Не трэба жыць, як набяжыць.

Так жыць на свеце трэба,

Каб да апошніх дзён любіць

Людзей, зямлю і неба.

Не падаць у сляпы адчай,

Як затрашчаць падпоркі,

Знаць, што жыццёвы каравай

Бывае часам горкі.

(Анатоль Грачанікаў. “…Не трэба жыць, як набяжыць”)

Даўно ўжо целам я хварэю

І хвор душой, —

І толькі на цябе надзея,

Край родны мой!..

Там хоць у гліне, хоць у брудзе,

Там, пад зямлёй,

Найдуць мае слабыя грудзі

Сабе спакой.

(Максім Багдановіч. “…Даўно ўжо целам я хварэю”)

На усходзе неба грае

Пераліўным блескам,

Сыпле золата над гаем

І над пералескам.

Чуць-чуць дрогне, праліецца

Чырвань на усходзе —

Гэта неба усміхнецца

Людзям і прыродзе.

(Якуб Колас. Усход сонца)
Толькі з табою мне хочацца быць,

Толькі з табою.

Радасць, і гора, і шчасце дзяліць

Толькі з табою.

Ранняй часінай к табе я лячу,

Позняй парою,

Толькі к табе прыхіліцца хачу

Сэрцам, душою.



(Адам Русак. Толькі з табою)

Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі,

Мы знаем, што трэба рабіць:

Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,

Што трэба зладзеяў пабіць…

Смяюцца над намі багатыя людзі,

Здаецца, панамі іх зваць,

Мы доўга цярпелі, цярпець больш не можам,

І пойдзем мы долі шукаць.

(Уладзіслаў Галубок. Беларуская марсельеза)

Вайсковыя могілкі Мінска

Не будуць варот зачыняць.

Спыніся — далёкі ці блізкі —

Тут маршалы нашыі спяць.

Купала і Колас…

Раптоўна

Адчуеш свабодна зусім —

Не толькі радком загалоўным —

Ты ўсім абавязаны ім.



(Рыгор Семашкевіч. “…Вайсковыя могілкі Мінска”)

Вольны вецер напеў вольных песень табе,

Бор зялёны узняў дружным гоманам.

Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,

Зоры веру ўлілі сілам зломаным…

Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,

Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між народамі!..

(Янка Купала. Маладая Беларусь)

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница