Рэцэнзент ы



страница2/10
Дата04.05.2016
Размер1.29 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10

Арліным узмахам агняцветнай думкі аб нашай волі мы скінулі і патапталі даўгавечную брахню, — брахню, што Беларусі не было і няма. Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае на сонца, мы паказалі свету, што Беларусь была, ёсць і будзе.


Хай Вас, браты беларусы, не палохае цяперашні бурны крывавы час. Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля і воля народная. Праміне віхор, патухнуць пажары, замрэ свіст меча, і настане светлы радасны дзень змучанага аграбленага нашага народу.

Хай Вас не палохае, што рвуць нашу зямлю на часці, што хаты нашы спалосканы пажарам, што сяўбу нашу жне нехта іншы, — зямля, засеяная касцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх; спаленую хату беларускі мазоль адбудуе, а сваю сяўбу ён сам будзе жаць. Хай толькі асвеціць Вас адна вялікая думка, — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, нават жыццё, калі яна Вас да гэтага пакліча. (Янка Купада. З прамовы на 15-годдзі літаратурнай працы. 1920).



1.1.4. Навуковая проза

Для ўтварэння пладовых цел многім шапачкавым грыбам патрэбна адна важная ўмова. Неабходна, каб іх грыбніца расла па суседству з пэўнымі дрэвамі. Таму баравік можна сустрэць толькі па суседству з сасной, ёлкай, дубам, бярозай; падасінавік — з асінай; падбярозавік — з бярозай; рыжык — з сасной і ёлкай і г.д. З такога сумеснага жыцця і дрэва і грыб маюць узаемную карысць. Дрэва пастаўляе грыбу вугляводы, якіх грыб як арганізм, што не мае хралафілу, выпрацоўваць не можа. Грыб таксама не застаецца ў даўгу. Пры дапамозе разгалінаванай у глебе грыбніцы ён пастаўляе дрэву ваду, азоцістыя і другія спажыўныя рэчывы, якія бярэ з раслінных астаткаў, што гніюць у глебе. (Даведнік “Грыбы нашых лясоў”).


Пытанні і заданні: 1)У чым сутнаснае адрозненне прозы мастацкай і навуковай? 2)Якія метры выкарыстаны ў двух прыкладах метрызаванай прозы? 3)Супастаўце мастацкую прозу не метрызаваную і метрызаваную. Паразважайце, што ў іх агульнае і што рознае.

1.2. П РОЗА, ВЫКАЗАНАЯ НЕ ПРАЗАІЧНАЙ МОВАЙ

1.2.1. Вершапроза

Кто и шутя и скоро пожелаетъ

Пи узнать число, ужъ знаетъ.

(Калі паслядоўна запісаць колькасць літар кожнага слова гэтага мнеманічнага верша, улічваючы, згодна са старой арфаграфіяй, і цвёрдыя знакі, атрымаецца лік ?, што выражае адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра, з дакладнасцю да адной дзесяцімільярднай — 3,1415926536)

Энікі, бэнікі елі варэнікі.

Энікі, бэнікі клёц.

(Дзіцячая лічылка).

Раз, два, тры, чатыры —


Зайчык вушкі натапырыў.

Ідзе з лесу воўк, воўк

І зубамі шчоўк, шчоўк.

Мы схаваемся ў кусты:

Зайка, я, і ты, і ты,

Ты ж, ваўчына, пачакай,

Як схаваемся — шукай!

(Васіль Вітка. Лічылка)

Ішоў поп каля коп,

А капа каля папа.



(Народная скорагаворка).

— Ці лілі алей у рэдзьку,

Ці лілі?

— Ты не цілікай, Федзька, —

Сам налі.

(Васіль Вітка. Скорагаворка)

Кую, кую ножку,

Паеду ў дарожку.

Дарожка ліхая,

Кабылка сляпая.

(Забаўлянка)

Опа, А дзе


Опа, Наш край?

Опа, Ты


Амерыка, Пакліч —

Еўропа, І я

Азія, Знайдуся:

Афрыка, Я

Кітай, Завуся

Індыя… Беларуссю!

(Васіль Вітка. Лічылка-скакалка)

От бабуля важна села

І глядзіць навокал смела.

У зямлю схавала лапаць.

Як зачэпіш — будзеш плакаць.

Гэта злосная бабуля


Называецца …

(Рыгор Барадулін. Загадка “Цыбуля”)

Ідзе спаважнаю хадой,

Нясе бліны пад барадой.

(Ніл Гілевіч. Загадка “Певень”)
1.2.2. Рыфмаваная проза:

У нейкім краю жылі людзі, бы ў раю: гаравалі, працавалі дый бяды не зналі. Свет вялікі, зямлі многа, усюды вольна — працуй на хлеб, рабі… І жылі там людзі ў ласцы, у згодзе, увесь дзянёчак гаравалі, працавалі, а аб ночы аддыхалі. А прыйдзе бяда — у згодзе радаваліся ў прыгодзе: бедным, хворым памагалі, дык і ўсе бяды не зналі. Толькі вось аднекуль узяўся і пачаў сюды лятаць страшны Змей; пачаў лятаць, пачаў дабро цягаць, а нарэшце й людзей хватаць ды к сабе цягаць… (Народняй казка “Іванка Прастачок”)

Вот, мае браточкі, быў я ў пана Бараноўскага на куцці. Да як пад’еў куцці, дак не магу сапці. Што мая Улляна не рабіла! І гаршчок на пупе станавіла. Да і тое не памагло, да яшчэ горш прылягло. Парадзілі мне галасу, купервасу да бурачнага квасу, моху, чартапалоху і яшчэ нечага, забыўся, троху, — усё гэта зелле скалаціць да выпіць. Зрабіў я і гэся. Не памагло. Яшчэ горш прылягло. Вот каб нашоўся дактарочак да й палячыў мой жываточак, — аддаў бы я яму і торбачку і мяшочак. (Маналог Мацея. Сярэдневяковая ананімная інтэрмедыя “Мацей і доктар-шарлатан”)

Пытанні і заданні: 1)Дакажыце, чаму вершапроза адносіцца да верша, чаму яе нельга аднесці ні да мастацкай прозы, ні да паэзіі. 2)Паразважайце, чаму, на вашу думку, рыфмаваная проза не адносіцца да паэзіі, хаця ў ёй прысутнічае паўтор аднолькавых гукаспалучэнняў. Гэтаксама падумайце, чаму метрызаваную прозу нельга назваць вершам.

1.3. ПАЭЗІЯ, ВЫКАЗАНАЯ ПРАЗАІЧНАЙ МОВАЙ

1.3.1. Вусная народная творчасць

Лягу я, раба Божая, памалюся, устану я, благаслаўлюся, памыюся я расою, вытруся я прастольнаю пеляною, пайду я з дзвярэй у дзверы, з варот у вароты, выйду я ў чыстае поле, у зялёнае памора, стану я на сырую зямлю, пагляджу я на ўсходнюю старану. Як краснае сонейка ззяе, прыпякае мхі і балоты, чорныя гразі, так і ты прыбягай, ка мне прысыхай, раб Божы, ка мне, рабе Божай. Вочы ў вочы, сэрца ў сэрца, мыслі ў мыслі. Спаць бы ён не засыпаў, гуляць бы ён не гуляў, а ўсё б ка мне прыбягаў. (Любоўная замова-прысушка).



1.3.2. Версэты

Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя — гояцца, і па іх знаку няма. Большыя — гояцца, але па іх астаюцца рубцы.

Гэтак на целе.

Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя — гояцца; па іх астаюцца рубцы. Большыя — заўсёды крывавяцца.

Гэтак на сэрцы.

Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя заўсёды крывавяца. Большыя — залечвае толькі… смерць.

Гэтак на душы. (Ядвігін Ш. Раны: Памяці Сяргея Палуяна)

Калі яна цяжар — тады яна крылы,

калі яна вярэдзіць — тады яна гоіць,

Калі яна знясільвае — тады дае сілу…


— Аднак з гэткаю ношкаю ты не здолееш уступіць на неба, — перасцерагае мяне першы анёл.

— А без яе зноў упадзеш у мінулае, — перасцерагае другі.


Я іх абодвух разумею.

Пісягі і апёкі на маім целе.

Віхуры клічуць мяне падужацца.

Зямля — частка мяне.

І агністыя мечы анёлаў пільна ўзіраюцца ў маю душу.

(Алесь Разанаў. Спадчына).

У верасні, калі дацвітаюць апошнія кветкі, на лясных пагорках, выжарынах, расцяробах, усцілаючы дол каляровым ворсам, красуе верас.

Сярод астатніх распазнаных раслін верас нібы версэт сярод вершаў: у параўнанні з дрэвамі ён — трава, у параўнанні з травою — дрэва, і ў параўнанні з іхнімі “веравызнаннямі” яго “веравызнанне” — ерась.

Мінаючы распадзелы на вялікае і малое, на моцнае і слабое, верас расце як варыянт, як версія на тэму: якой мусіць быць расліна, аднак у гэтую версію верас укладаецца ўвесь.

(Алесь Разанаў. Верас).



1.3.3. Мастацкая проза

Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Не спяшаецца яна выносіць дабро палескіх балот. А яго так многа, што ўсё роўна, спяшайся не спяшайся, а гэтай работы ёй хопіць на доўгія гады. Можа і надзею страціла яна вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, над бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі ды голасна ўсхліпвае ў прыбярэжных чаротах, як маці ўскрай магілы, дзе пахаваны яе дзеці. (Якуб Колас. Дрыгва)



Пытанні і заданні: 1)Паразважайце, чаму прыведзеныя творы (ці ўрыўкі з твораў) мы адносім да паэзіі, хаця яны напісаны празаічнай мовай. 2)Ці ёсць падстава замову пры публікацыі запісаць вершам?


1.4. ПАЭЗІЯ, ВЫКАЗАНАЯ ВЕРШАВАНАЙ МОВАЙ (ВЕРШАМ)

1.4.1. Свабодны верш (верлібр)

Перш непакоіўся:

Як сваю думку ўпрыгожыць.

І, як дзікун той,

Стараўся абвешаць яе

Цацкамі,


Рознакалёрнымі стужкамі,

Пацеркамі —

Старым і аджыўшым

Свой час рэквізітам.

Быццам зары ці траве

Патрэбны хімічныя фарбы,

Грому — літаўры і труды.

Толькі шкада змарнаванага часу.


Сёння стараюся забыць

Вобразы каменнага веку,

У якім я радзіўся;

Словы бронзавага веку,

У якім я хрысціўся;

Забыць багоў жалезнага веку,

З якімі не раз я спрачаўся, —

Каб у наш час

Міжпланетных палётаў

І вершу даць строгую

Форму ракеты

І вывесці беспамылкова на трасу —

Да сэрца. (Максім Танк. “…Перш непакоіўся”)

1.4.2. Белы верш (нерыфмаваны)

Рэкі і смутку і радасці

Я пераходзіў не раз.

Хвалі іх бурныя вымылі

З сэрца нямала руды.
Толькі чамусьці пакінулі

Чуласць — нібыта яна

Самай была непадатлівай,

Самай цяжэйшай была.

(Максім Танк. “…Рэкі і смутку і радасці”)
1.4.3. Рыфмаваны верш

Рып калёсаў. Сёння сена звозім.

Крычу ёй: — Не стой!

Трэск варотаў. Эх, абярнуўся з возам —

І ў сене мы з ёй.
Чорт пабраў бы! Ну — адвучу ад жартаў!

Смех, гоман звініць,

Недзе ў сене бароніцца ўпарта,

Ніяк не злавіць.


Вось адбегла і стала ля аселіц,

Ажэвіны рве.

Есць, каб вусны яшчэ больш саладзелі, —

Я знаю яе!.. (Максім Танк. Я знаю яе)



Заданне: Супастаўце тры вершаваныя тэксты, дакажыце, што ўсе яны — творы паэзіі.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница