Бюлетэнь Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, 2007, №9-11 резюме



страница4/4
Дата22.04.2016
Размер0.66 Mb.
1   2   3   4

Навіны членаў камітэта МАБ
27 кастрычніка на канферэнцыі аўстрыйскіх лінгвістаў у Інсбруку Герман Бідэр выступіў з дакладам “Моўная палітыка і моўнае заканадаўства ва Украіне і Беларусі”.

У Мікалая Прыгодзіча выйшла кніга “Беларускае мовазнаўства” (выдавецтва БДУ, 2006).

У часопісе “Полымя” (2007, № 8) да юбілею Адама Мальдзіса надрукаваны артыкул Алеся Карлюкевіча “Інстытут Мальдзіса”, у “Беларускім гістарычным часопісе” (2007, № 9, с. 34–39) – артыкул Уладзіміра Конана “Руплівец на ніве беларусістыкі. Да 75-годдзя з дня нараджэння Адама Восіпавіча Мальдзіса”.

У часопісе “Роднае слова” (2007, № 9, с. 26) да юбілею Карла Гутшміта надрукаваны артыкул М.Прыгодзіча “Карл Гутшміт – даўні сябра беларускай мовы” (падаецца ніжэй)

У Захара Шыбекі выйшла кніга “Минскъ сто гадоў таму” (выдавецтва “Беларусь”, 2007). 24 кастрычніка ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры адбылася прэзентацыя кнігі, гл. http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=12504

У газеце “Наша ніва” (2007, № 40) надрукавана інтэрв’ю з Захарам Шыбекам пад назвай “Беларусь трымаецца на ўзаемадапаўненьні «русінаў» ды «ліцьвінаў»” http://nn.by/index.php?c=ar&i=12724



Юбілеі
7 жніўня 2007 г. Адаму Мальдзісу споўнілася 75 гадоў.

13 жніўня Францішцы Сокалавай споўнілася 70 гадоў.

12 верасня 2007 г. Карлу Гутшміту споўнілася 70 гадоў.

20 верасня 2007 г. Аляксею Каўку споўнілася 70 гадоў.




ВІНШУЕМ!

ДАЎНІ СЯБРА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Сёлетні год − звышюбілейны для нямецкага лінгвіста Карла Гутшміта (Karl Gutschmidt), які нарадзіўся 12 верасня 1937 г. у горадзе Фербелін. Пасля заканчэння ў 1960 г. Берлінскага універсітэта імя братоў Гумбальтаў, ён з 1967 г. выкладаў там беларускую філалогію. У гэтым жа годзе з’явілася і яго першая беларусазнаўчая праца − рэцэнзія на “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (часопіс “Zeitschrift für Slawistik”). Дарэчы, у гэтым папулярным на Захадзе славістычным выданні Карлам Гутшмітам былі апублікаваны і іншыя шматлікія рэцэнзіі і агляды навуковых прац беларускіх лінгвістаў. Гэта: бібліяграфічны паказальнік “Беларускае мовазнаўства”, першыя штогоднікі “Беларуская лінгвістыка”, асобныя нумары “Весніка Беларускага дзяржаўнага універсітэта”, “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” (т.2) І.І.Крамко, А.К.Юрэвіч, А.І.Яновіч, “Дыялектны слоўнік” П.У.Сцяцко, “Беларуская фразеалогія” Ф.М.Янкоўскага. Як ніхто іншы, Карл Гутшміт імкнуўся як мага шырэй і паўней прадствіць для нямецкамоўнай лінгвістычнай грамадскасці набыткі беларускіх моваведаў. Дзякуючы яго публікацыям па лексікаграфіі, фразеалогіі, дыялeкталогіі, стылістыцы, анамастыцы, гісторыі беларускага мовазнаўства ў Заходняй Еўропе сталі вядомы імёны А.І.Жураўскага, М.А.Жыдовіч, Я.М.Рамановіч, А.Я.Супруна, Л.М.Шакуна, М.Г.Булахава, П.П.Шубы і інш.

У 1976 годзе вучоны абараніў доктарскую дысертацыю “Нарысы па гісторыі славянскіх нацыянальных літаратурных моў”, у якой знайшлі асэнсаванне і грунтоўныя манаграфічныя даследаванні гісторыкаў беларускай літаратурнай мовы. К.Гутшміт фактычна ўпершыню даследаваў найважнейшыя напрамкі развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў параўнанні з такімі славянскімі мовамі, як руская, польская, балгарская і сербскахарвацкая. Тут жа звяртаецца ўвага на ролю ўкраінскай мовы ў станаўленні слоўнікавага складу беларускай мовы, на шляхі і спосабы пранікнення балтызмаў у беларускую мову. Пры гэтым увага звяртаецца не толькі на часавыя межы дзеяння гэтых працэсаў, але і на выкарыстанне адпаведнай лексікі ў мастацкіх творах пісьменнікаў другой паловы ХІХ – першай трэці ХХ ст. (Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі, Якуба Коласа, М.Гарэцкага, Бядулі, Кузьмы Чорнага і інш.).

Працуючы загадчыкам кафедры славянскіх моў Берлінскага універсітэта, Карл Гутшміт шмат намаганняў прыклаў для арганізацыі міжнародных сустрэч беларускіх лінгвістаў і філолагаў з заходнееўрапейскімі калегамі, садзейнічаў беларускаму прадстаўніцтву на міжнародных навуковых канферэнцыях, славістычных кангрэсах. Дарэчы, на большасці Міжнародных з’ездаў славістаў, пачынаючы з Варшаўскага ў 1973 годзе, ён нязменна выступаў з дакладамі па беларусазнаўчай праблематыцы.

Працуючы над доктарскай дысертацыяй, Карл Гутшміт трымаў у полі зроку не толькі пытанні, звязаныя са станам функцыянавання беларускай літаратурнай мовы ў другой палове ХХ стагоддзя. Важнае значэнне ён надае праблемам сінхроннага і дыяхроннага даследавання беларускай мовы, аб чым сведчаць такія яго артыкулы, як “Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР”, “Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным аспекце”, “Балтыйскія даследаванн ў Беларускай ССР” і інш.

Нямецкі славіст быў адным з тых, хто на канферэнцыі летам 1990 года ў Варшаве падтрымаў ідэю аб стварэнні Міжнароднага згуртавання беларусістаў. Як успамінае Адам Мальдзіс, “у выніку кансультацый з вучонымі розных краін было склікана арганізацыйнае пасяджэнне..., пасля доўгіх і часта напружаных спрэчак была прынята “Дэкларацыі аб утварэнні Міжнароднага згуртавання беларусістаў” і выбраны яго арганізацыйны камітэт”. У спісе тых, хто стаяў ля вытокаў сённяшняй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, ёсць і імя Карла Гутшміта.

З распадам СССР, утварэннем суверэннай беларускай дзяржавы паступова сталі мяняцца напрамкі навуковых зацікаўленняў славіста з Берліна. Усё часцей і часцей у яго навуковых публікацыях адчуваецца непрыхаваная трывога за лёс асобных еўрапейскіх моў, у тым ліку і беларускай.

Роздум аб далейшым развіцці ўсходнееўрапейскіх моў стаў стрыжнем зборніка навуковых прац “Моўная палітыка і літаратурныя мовы ва Усходняй Еўропе ў другой палове ХІХ − пачатку ХХ ст.” (1989), артыкула “Славянскія мовы ў аб’яднанай Еўропе” (1999). У названым артыкуле Карл Гутшміт адзначае, што “беларуская мова – адзіная ў славянскай прасторы, якая ўжываецца як дзяржаўная яшчэ з адной мовай − рускай..., што выразна сведчыць пра тэндэнцыю ў кірунку да мовы, якая абслугоўвае толькі пэўныя сферы камунікацыі”. Тым не менш, нягледзячы на англамоўнае еўрапейскае асяроддзе ва ўмовах так званай глабалізацыі, нацыянальныя мовы Еўропы (у тым ліку і славянскія), на думку лінгвіста, не павінны абмежоўвацца роллю другасных моў, таму што мовы з’яўляюцца не толькі сродкамі камунікацыі, але і выканаўцамі сімвалічнай функцыі. Аналіз посткамуністычнай эпохі сведчыць пра паступовае пераадоленне моўна-ідэалагічнага расколу Еўропы, і ў сённяшняй шматмоўнай Еўропе значна большую ролю, чым дагэтуль, будуць выконваць славянскія мовы. Як лічыць Карл Гутшміт, “вывучэнне і ўжыванне славянскіх моў неабходнае і карыснае як у агульнаеўрапейскім кантэкстце, так і ў сувязі з кантактамі асобных краін, цэлых рэгіёнаў Еўропы і іх жыхароў”.

Аптыміст па натуры, удумлівы і грунтоўны як даследчык славяншчыны, шчыры і адначасова патрабавальны да працы беларускіх і іншых мовазнаўцаў, заклапочаны лёсам асобных славянскіх моў − такім уступае Карл Гутшміт у восьмы дзясятак свайго жыцця. Сябры і калегі жадаюць яму найперш моцнага здароўя, бадзёрасці, новых сустрэч на лінгвістычных славістычных форумах.



Мікалай Прыгодзіч

Новыя паступленні бібліятэкі МАБ
Няговские поучения. A Nygovai Posztilla. The Niagovo Postilla. Факсимильное воспроизведение текста по изданию А.Л.Петрова с вводной статьей Ласло Дэже. Предисловие Андраша Золтана. Ньиредьхаза – Nyíregyháza 2006. 226 c.

Obrębski, Józef. Polesie / Redakcja naukowa i wstęp Anna Engelking. Warszawa: Oficyna Naukowa, 2007. 574 s.

Sawaniewska-Mochowa, Zofia; Zielińska, Anna. Dziedzictwo kultury szlacheckiej na byłych Kresach północno-wschodnich Pzeczypospolitej. Ginąca część kultury europejskiej. Warszawa, 2007. 473 s.

Ziemczonok, Józef. Konstanty Tyzenhauz 1786-1853. Uczony. Mecenas. Warszawa, 2007. 138 s.

Ziemczonok, Józef. Trzej Tyzenhauzowie. Szkice biograficzne. Warszawa, 2007. 149 s.

Апублікавана за межамі Беларусі
Золтан, А. О технике перевода с польского на старобелорусский в XVI в. (на материале «Исторыи о Атыли короли угорском») // Этнокультурные и этноязыковые контакты на территории Великого княжества Литовского. Материалы международной научной конференции. Ред. Ю.Будрайтис, М.В.Завьялова, Е.Л.Назарова. Москва: Новое издательство, 2006. С. 165–174.

Липатов, А.В. Великое княжество Литовское: исторический феномен симбиоза этнических культур (К вопросу о национальных путях возвращения в наднациональную Европу) // Этнокультурные и этноязыковые контакты на территории Великого княжества Литовского. Материалы международной научной конференции. Ред. Ю.Будрайтис, М.В.Завьялова, Е.Л.Назарова. Москва: Новое издательство, 2006. С. 6—19.

Мозер, М. О «простой мове» // Этнокультурные и этноязыковые контакты на территории Великого княжества Литовского. Материалы международной научной конференции. Ред. Ю.Будрайтис, М.В.Завьялова, Е.Л.Назарова. Москва: Новое издательство, 2006. С. 112—130.

Мойсиенко, В.М. Этноязыковая принадлежность «руськой мовы» во времена Великого княжества Литовского и Речи Посполитой // Славяноведение. 2007. № 5. С. 45—64. (Артыкул можна разглядаць як дапрацаваную версію працы «Про національний статус “руської мови” в часи Великого Князівства Литовського та Речі Посполитої», якая друкавалася ў часопісе “Мовознавство” (2005. № 1) і анансавалася ў Бюлетэні МАБ 2006, № 3)

Украïнські письменники. Біо-бібліографічний словник у п’яті томах. 1 том. Давня украïнська література (ХІ—ХVIII). Харків, 2005. (ёсць даведкі пра П.Бярынду, С.Буднага, Г.Каніскага, К.Астрожскага, С.Полацкага, І.Пацея, А.Рымшу, Ф. Скарыну і інш.)

Чернявская, Юлия. Белорус о себе. Этнический образ белоруса в сказках // Die Welt der Slaven. LII. 2007. 2. S. 312–333.

Чернявская, Ю.В. На rendez-vous с эпохой: Советский интеллигент в поисках идентичности // Человек. 2007. № 5. С. 25—43.

Этнокультурные и этноязыковые контакты на территории Великого княжества Литовского. Материалы международной научной конференции. Ред. Ю.Будрайтис, М.В.Завьялова, Е.Л.Назарова. Москва: Новое издательство, 2006. 224 с.

Bieder, Hermann. Sprachwissenschaftliche Weißrussistik in Österreich-Ungarn // Germanoslavica. Jahrgang 17. 2006. Nr. 1 – 2. S. 65 – 84.

Bieder, Hermann. Białorutenistyka językoznawcza w Austro-Węgrach // Studia wschodniosłowiańskie. Tom 7. Białystok, 2007. S. 217–237.

Curilla, Wolfgang. Die deutsche Ordnungpolizei und der Holocaust im Baltikum und in Weissrussland 1941—1944. Padeborn – München – Wien – Zürich 2006. 1041 S.

Frick, David. (Christophe v. Werdt. Stadt und Gemeindebildung in Ruthenien. Okzidentalisierung der Ukraine und Weißrusslands im Spätmittelalter und in der frühen Neuzeit. Wiesbaden: Harrassowitz, 2006. VII, 326 pp.) // Canadian Slavonic Papers. Vol. XLIX. 2007. Nos. 1-2. P. 164—166.

Grędzik-Radziak, Agnieszka. Szkolnictwo polskie na Białorusi w latach 1944—1948 // Wrocławskie Studia Wschodnie. 10 (2006). S. 205—217.

Jankowiak, M. Białorusini na Łotwie – współczesna sytuacja socjolingwistyczna na przykładzie rejonu krasławskiego // Acta Baltico-Slavica. XXX. Warszawa 2006. P. 541—556.

Lizisowa, M.T. Konfrontacja pojęć prawnych w słowniku Konstantego Szyrwida i w Statutach Litewskich // Acta Baltico-Slavica. XXX. Warszawa 2006. P. 145—164.

Lizisowa, M.T. Językowe mechanizmy perswazji w Statutach Litewskich // Acta Baltico-Slavica. XXXI. Warszawa 2007. S. 141—147.

Smułkowa, Е. Spentany jenzyk, czyli o substytucji i kalkach na pograniczu językowym. Na materiale z rejonu brasławskiego na Białorusi // Acta Baltico-Slavica XXXI. Warszawа, 2007. S. 283-289.

Stanley, John (Valentyna Pashkevich, comp. Siarhei Shupa and Thomas Bird, eds. English-Belarusian Dictionary. Minsk: Z’mitser [Zmicier] Kołas, 2006. XVI, 1010 pp.) // Canadian Slavonic Papers. Vol. XLIX. 2007. Nos. 1-2. P. 158—159.

Šmigelskytė-Stukienė, R. Abiejų Tautų Respublikos sienos su Rusija demarkavimo problemos 1774—1775 metais // Lietuvos istorijos metratis. 2005 metai. 2. Vilnius 2006. P. 53—68. (Праблема дэмаркацыі мяжы Садружнасці двух народаў з Расіяй 1774—1775)

Trunte, N. Рэц. на: Suter, Paul. Alfurkan tatarski. Der litauisch-tatarische Koran-Tefsir. Bausteine zur slavischen Philologie und Kulturgeschichte. Neue Folge. Reihe A: Slavistische Forschungen. Band 43. Böglau, Cologne, Weimar, Vienna, 2004. XXI + 555 pp. // Zeitschrift für slavische Philologie 64. 2005/06. 2. S. 416—420.

Vakareliyska, Cynthia H. (Daniel Bunčić and Helmut Keipert, eds. Rozmova. Beseda. Das ruthenische und kirchenslavische Berlaimont-Gesprächsbuch des Ivan Uzevyc. Mit lateinischem und polnischem Paralleltext. Sagners Slavistische Sammlung, 29. Munich: Verlag Otto Sagner, 2005. 287 pp.) // Canadian Slavonic Papers. Vol. XLIX. 2007. Nos. 1-2. P. 136—137.

Zinkevičius, Zigmas. Lietuvių etnogenezė ir Gudija // Acta Baltico-Slavica. XXX. Warszawa 2006. P. 19—30.

Працы замежных навукоўцаў

адрэцэнзаваны ў Беларусі


Клімаў, І. (Daniel Bunčić and Helmut Keipert, eds. Rozmova. Beseda. Das ruthenische und kirchenslavische Berlaimont-Gesprächsbuch des Ivan Uzevyc. Mit lateinischem und polnischem Paralleltext. Sagners Slavistische Sammlung, 29. Munich: Verlag Otto Sagner, 2005. 287 pp.) // Веснік. 2007. № 1.

Новік, Марыя. “Дзесяць сустрэч з Беларуссю” для вугорцаў // Веснік Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта. Серыя філалагічных навук. 2007. № 1 (7). С. 153—154.




Некралог


Васіль ЛЩЬВІНКА (1941—2007)
12 ліпеня 2007 г. раптоўна пайшоў з жыцця знаны беларускі фалькларыст, нястомны збіральнік і апантаны прапагандыст народнай творчасці, энергічны арганізатар яе фіксацыі, архівавання, вывучэння, а таксама папулярызацыі ў розных сферах грамадскага жыцця краіны Васіль Ліцьвінка.

Ён нарадзіўся 7 снежня 1941 г. ў сяле Верхні Церабяжоў Столінскага р-на Брэсцкай вобл. і з маленства ўвабраў у сябе (пераважна ад маці Лідзіі Андрэеўны і дзядзькі Аляксандра Андрэевіча – знакамітага мясцовага выканаўцы палескіх песень) ўсё багацце традыцыйнай культуры гэтага кутка Заходняга Палесся, але асабліва яе песеннай плыні. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўчарашні вучань быў накіраваны на педагагічную працу ў сямігодку столінскай вёскі Лука, дзе ў 1958–60 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру, а сярод шэрагу іншых прадметаў таксама спевы.

Наступныя чатыры гады служыў у ваенна-марскім флоце, прычым падчас Карыбскага крызісу 1962 г. знаходзіўся на крэйсеры “Дзяржынскі” ля берагоў Кубы. Пасля заканчэння тэрміну службы ў 1964 г. паступіў на філалагічны факультэт БДУ і скончыў яго ў 1970 г. Літаральна з першага курса навучання ён пачынае збіральніцкую дзейнасць, якую спачатку накіроўвае Вера Захарава, якая ў тыя часы была на чале фалькларыстыкі БДУ.

З 1966 па 1971 год Васіль Ліцьвінка ўзначальвае універсітэцкі студэнцкі клуб, арганізуе рэпетыцыйны перыяд і канцэртную дзейнасць нешматлікіх у той час, але добра вядомых у рэспубліцы самадзейных калектываў універсітэта, большасць з якіх, у значнай ступені дзякуючы яго руплівасці і спрыту, якраз у той час атрымалі ганаровыя званні народных. Віравала ва універсітэце і гастрольная канцэртная дзейнасць. Дастаткова ўзгадаць, што адзін з першых канцэртаў тут далі славутыя ў хуткім часе “Песняры”. Былыя студэнты – аматары народнай творчасці, тыя, хто памятаюць маладога Васіля ў тыя далёкія гады, сведчаць, што папулярнасць яго як кіраўніка студэнцкай самадзейнасці была, безумоўна, параўнальная з папулярнасцю тагачаснага рэктара універсітэта акадэміка А. Сеўчанкі.

У 1971 г. В. Ліцьвінка вяртаецца на родны факультэт, дзе стварае першую ва універсітэце лінгафонную лабараторыю і амаль пяць год ёю кіруе. З верасня 1975 г. пераходзіць на выкладчыцкую работу на кафедру рускай савецкай літаратуры філфака, пачынае выкладаць фальклор. Забягаючы крыху наперад, варта адзначыць, што ў розныя гады ён чытаў лекцыі па фальклору таксама ў Беларускім педагагічным універсітэце, Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэце культуры, шэрагу інстытутаў удасканалення кваліфікацыі, вёў спецкурс па методыцы збірання фальклору ў Гродзенскім універсітэце.

З 1981 г. наступае найбольш плённы перыяд арганізацыйнай і творчай дзейнасці Васіля Ліцьвінкі. Менавіта з гэтага года на філфаку пачынае працаваць створаная яго і тагачаснага дэкана Аляксея Воўка намаганнямі спачатку група па даследаванню беларускага фальклора і дыялекталогіі, а неўзабаве – адпаведная навукова-даследчая лабараторыя, загадчыкам якой Ліцьвінка быў прызначаны. Якраз тут знаходзіць поле для прыкладання неўтаймаваная энергія збіральніка фальклору і фалькларыстаў, пільнага даследчыка і нястомнага папулярызатара народнай творчасці, разгортваецца мэтанакіраваная фалькларыстычная праца. Не будзе перабольшаннем зазначыць, што на працягу двух дзесяцігоддзяў навукова-даследчая лабараторыя фальклору універсітэта была сапраўдным цэнтрам беларускай практычнай фалькларыстыкі, з якога ў свой час, у 1991 г., выйшаў Беларускі саюз фалькларыстаў, які таксама адразу быў ўзначалены Васілём Ліцьвінкам.

Перш за ўсё, у лабараторыі была разгорнута праца па фіксацыі сучаснай фальклорнай традыцыі і звестак па традыцыйнай духоўнай культуры ў межах тэмы па этналінгвістычнаму даследаванню Палесся. Пры гэтым адным з самых актыўных збіральнікаў быў сам загадчык. Наогул за часы сваёй палявой работы ён кіраваў прыблізна 30 навуковымі экспедыцыямі студэнтаў і адмыслоўцаў, зрабіў (часткова разам са студэнтамі) каля 200 тысяч тэкставых і 50 тысяч аўдыёзапісаў фальклору. Разам са спецыялістамі-тэлевізійнікамі запісаў і пракаментаваў у кадры 246 відэафільмаў пра абрады і святы, сярод якіх – найважнейшыя самабытныя фальклорна-этнаграфічныя з’явы айчыннай традыцыйнай культуры. Улічваючы аб’ём ім зробленага, трэба канстатаваць, што Васіль Ліцьвінка быў адным з самых буйных збіральнікаў беларускай народнай творчасці ў мінулым стагоддзі. Назапашаныя за гэты час матэрыялы стварылі аснову фальклорнага архіва навукова-даследчай лабараторыі, які ўваходзіць у адпаведны мемарыяльны спіс ЮНЕСКА. Запісы збіральніка ўвайшлі ў шэраг тамоў акадэмічнай серыі “Беларуская народная творчасць”.

На працягу 1987–2003 гг. Васіль Ліцьвінка вёў тэлепраграму Беларускага тэлебачання “Запрашаем на вячоркі”, якая ў гэтыя часы была, відаць, самай рэйтынгавай і пазнаванай у Беларусі. За гады існавання праграмы ў ёй выступілі амаль усе вядомыя ў краіне самадзейныя калектывы і асобныя выканаўцы, а сам вядучы аб’ездзіў з групай, якая стварала перадачу, фактычна ўсю краіну.

З 1972 г. Васіль Ліцьвінка актыўна друкуецца. За творчае жыццё ён апублікаваў некалькі манаграфій, сярод якіх прысвечаныя каляндарным святам і абрадам “Зімовыя святкі”, “Веснавыя святы і абрады” (абедзве ў 1995 г.), тры выданні (1997, 1998, 2001) “Святаў і абрадаў беларусаў”; зборнікі фальклору: Гомельскай і Мінскай абласцей серыі “Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры” (1989, 1995; аўтарскія раздзелы, рэдагаванне), “Песні партызанскай славы” (1984; 2-е выд. 1988), “Калыханкі і забаўлянкі” (1992), “Спадчына маёй маці” (1993) і інш. Асобнае месца належыць двум апошнім кнігам: «“Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года Яна Чачота” 1842–1844 гадоў – гістарычны эпас беларусаў» (2004), у якой аўтар пераканаўча абгрунтоўвае сваё бачанне няпростага пытання аб беларускім гістарычным эпасе, і “Фальклор і этнакультура Чарнобыля. З нагоды 20-годдзя сусветнай катастрофы” (2006), дзе абагульнены шматгадовы вопыт, у тым ліку асабісты, даследавання палескай традыцыйнай культуры.

Васіль Ліцьвінка з’яўляўся найбольш дасведчаным знаўцам творчасці Рыгора Шырмы, з якім яго звязвалі сяброўскія адносіны. Плёнам гэтай сферы цікаўнасці з’явіўся падрыхтаваны ім зборнік артыкулаў Р.Р. Шырмы “Песня – душа народа” (1976; 2-е выд. 1993) з каментарыямі, бібліяграфіяй, летапісам жыцця і творчай дзейнасці Шырмы, а таксама кандыдацкая дысертацыя “Р.Р. Шырма – фалькларыст”, паспяхова абароненая ў 1984 г. у акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы.

Пяру даследчыка належыць таксама каля 380 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных друкаваных прац, сярод якіх варта вылучыць вялікую колькасць артыкулаў, напісаных для энцыклапедычных даведнікаў “Беларуская этнаграфія” (12) і “Беларускі фальклор” (21), дзевяці тамоў гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць” (фальклорная спадчына Астравецкага, Баранавіцкага, Валожынскага, Горацкага, Дзятлаўскага, Докшыцкага, Любаньскага, Ляхавіцкага і Столінскага раёнаў). Нельга тут не згадаць і серыю з 13 артыкулаў, апублікаваных у 80-90 гады мінулага стагоддзя ў часопісе “Мастацтва Беларусі”/“Мастацтва”, створаных разам з этнамузыказнаўцамі, сярод якіх былі такія абазнаныя адмыслоўцы, як Генадзь Цітовіч і Уладзімір Раговіч, прысвечаных паслядоўнаму і дбайнаму аналізу варыятыўных структур, тэкставых і музычных, асобных беларускіх песень. Дарэчы, да 85-годдзя з дня нараджэння Г.І. Цітовіча, старэйшага шчырага сябра і аднадумцы, Васіль Ліцьвінка таксама надрукаваў некалькі артыкулаў у газеце “Голас Радзімы” (май–жнівень 1995 г.). На працягу 13 год з 1994 па 2006 прыстойным накладам выходзіў яго добра вядомы насценны “Каляндар свят і абрадаў беларусаў”.

У 2003 і 2005 гг. ён арганізаваў і правёў дзве буйныя міжнародныя фальклорна-этналінгвістычныя канферэнцыі: першая была прысвечана памяці і 80-годдзю з дня нараджэння буйнога расійскага даследчыка духоўнай культуры Палесся акадэміка РАН М.І. Талстога, а другая – з нагоды 220-годдзя Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага. Выдадзеныя матэрыялы абедзвюх канферэнцый рэдагаваліся Васілём Ліцьвінкам.

Пасля канчатковага выхаду на пенсію ў 2006 г. В.Ліцьвінка захапіўся ідэяй стварэння ў сваіх мясцінах на Століншчыне фальлорна-этнаграфічнага цэнтра заходнепалескай традыцыйнай культуры з наладжанай сістэмай турыстычных экскурсій, маладзёжных вандровак і да т.п. і зрабіў ужо пэўныя захады для здзяйснення задуманага, прычым раённыя ўлады вельмі яго ў гэтым падтрымалі. Няма сумнення, што і гэту справу ён наладзіў бы. На жаль, заўчасная смерць перашкодзіла працягу яго плённай фалькларыстычнай і этнакультурнай дзейнасці.

Пахавалі Васіля Ліцьвінку на сціплых могілках роднага сяла.



Мікола Антропаў

Miscellanea
Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 9 лістапада 2007 г. прыняў пастанову аб далучэнні Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы да Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і стварэнні адзінага Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы.

http://svaboda.org/articlesfeatures/culture/2007/11/BBE2916A-162B-42C3-A4E3-E1D7FD29EC9D.html


Калі Вы не хочаце атрымліваць падобнай інфармацыі, калі ласка, паведаміце на адрас mabinfo@gmail.com
If you wish to have your address removed from mailing list, please, send a message to mabinfo@gmail.com
1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница