Бюлетэнь Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, 2007, №9-11 резюме



страница3/4
Дата22.04.2016
Размер0.66 Mb.
1   2   3   4

Moser, Michael. “Ruthenische” (ukrainische) Sprach- und Vorstellungswelten in den galizischen Volkschullesebüchern der Jahre 1871 und 1872. Wien: LiT. (Slavische Sprachgeschichte, Bd. 2)
Мозэр, Міхаэль. “Русінская” (украінская) мова і моўная карціна свету ў галіцкіх чытанках для народных школ 1871 і 1872 гг. (Slavische Sprachgeschichte, Bd. 2)
Прэзентуемая праца – працяг даследаванняў аўстрыйскага славіста М.Мозэра, прысвечаных пытанням гісторыі ўкраінскай мовы, дакладней –моўнай сітуацыі ў Галіцыі ў часы ўваходжання яе ў Аўстра-Венгерскую імперыю. Як адзначае сам аўтар, гэтай праблемай ён займаецца ўжо некалькі гадоў і мае шэраг прац, прысвечаных галіцка-ўкраінскім і карпацка-ўкраінскім букварам другой паловы ХІХ ст. Гэтыя ж аспекты М.Мозэр закранаў і ў сваіх працах, прысвечаных ролі ўкраінскай мовы ў царкве ў Галіцыі паміж 1772 і 1859 гг. Акрамя таго, ім ужо прааналізаваны найважнейшыя буквары 50-х гг. ХІХ ст., а менавіта працы Венскага службоўца Васыля Кавальскага. Ужо падчас гэтых даследаванняў вучоны зацікавіўся роляй народнікаў (“народовці”) у станаўленні галіцка-ўкраінскіх школьных падручнікаў (с. 7–8).

У названай працы М.Мозэр цікавіцца перадусім, у якой ступені школьныя падручнікі паўтаралі старыя традыцыі і якія інавацыі яны прапаноўвалі, як спалучаліся ў іх элементы царкоўнаславянскай, рускай, русінскай і ўкраінскай моў, у якой ступені мова гэтых падручнікаў адпавядала праграме галіцкіх народнікаў, ці прысутнічалі ў іх спецыфічныя галіцкія элементы, як суадносілася паміж сабой мова асобных выданняў і, урэшце, ці атрымала галіцка-ўкраінскія вучні, якія наведвалі чатыры класы і навучаліся па падручніках на мове, блізкай да сваёй роднай, уяўленне аб лінгвістычнай норме, аб кадыфікаванай мове?

Большасць экземпляраў галіцка-ўкраінскіх буквароў знаходзіцца ў Аўстрыйскай нацыянальнай бібліятэцы, частка – у бібліятэцы Венскага універсітэта і ў Бібліятэцы Міністэрства адукацыі. Да сённяшняга часу гэтыя і шматлікія іншыя выданні падобнага кшталту па некалькіх прычынах яшчэ не даследаваліся. Гэтае пытанне тычыцца гісторыі ўкраінскай мовы, аднак паколькі сучасная мова не грунтуецца на галіцкіх дыялектах, то ўкраінскія дыяхраністы засяроджваліся толькі на развіцці ўкраінскай мовы ў рамках Расійскай імперыі. Па-другое, даследаванне школьных чытанак, падручнікаў і буквароў, зразумела, не дае такой выразнай карціны, як, напрыклад, даследаванне белетрыстыкі. Па-трэцяе, у савецкі час увогуле было непапулярна ўздымаць “галіцкую тэму”, якая разглядалася як адлюстраванне ўкраінскага нацыяналізму.

Узнікненне школьных чытанак у 1871 і 1872 гг. М.Мозэр звязвае з Венскай сусветнай выставай (1873 г.), на якой Міністэрства адукацыі павінна было прад’явіць пэўную друкаваную прадукцыю. У 1869 г. быў зацверджаны Закон аб народных школах, згодна з якім у Імперыі ствараліся “надканфесійныя агульнаадукацыйныя школы”. Цяжкай прызнавалася сітуацыя са школьнымі падручнікамі, асабліва ў русінскіх школах, аб чым дакладваў Васыль Ільніцкі, дырэктар Львоўскай акадэмічнай гімназіі.

Аўтар не выказвае сумневу ў тым, што галіцкія падручнікі адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні ўкраінскай мовы ў Галіцыі (с. 17), яны моцна паўплывалі на станаўленне ўкраінскай моўнай свядомасці школьнікаў, навучэнцы першых двух класаў (у некаторых выпадках чатырох) вучыліся чытаць і пісаць на роднай мове і ўсведамлялі, што іх дыялект мае ўсе прыкметы пісьмовай мовы (с. 18).

У прэзентуемай працы падрабязна разглядаюцца наступныя выданні: першая чытанка для народных школ 1872 г., чытанка для другога класа народных школ 1872 г., чытанка для трэцяга класа народных школ 1871 г., чытанка для чацвёртага класа народных школ 1872 г., складзеная Астапам Лявіцкім. Акрамя таго, аўтар прысвяціў асобны раздзел першаму галіцка-ўкраінскаму настаўніцкаму календару. Праца заканчваецца сінхронным аглядам ролі ўсіх гэтых падручнікаў у русінскай адукацыйнай сістэме.

У раздзеле, прысвечаным методыцы працы, аўтар разглядае праблемы, звязаныя з кадыфікацыяй мовы, выкарыстанай у чытанках. У якасці зыходнага пункту М.Мозэр разглядае выданне 1857 г. “Книжка вспомогательная къ оупотребленïю букваря и первои языкоuчебнои читанки школъ народныхъ каfолическихъ въ державе аустрійской. Для учителей и препарандовъ” – выданне, якое на працягу 15 гадоў выкарыстоўвалася ў якасці першага буквара і першай чытанкі. У лінгвістычных адносінах гэтае выданне ўтрымлівае шмат русізмаў і царкоўнаславянізмаў, як і іншыя выданні сярэдзіны ХІХ ст. У якасці лексікаграфічных крыніц аўтар выкарыстоўвае два ўкраінскія слоўнікі: шасцітомны ўкраінска-рускі слоўнік (1953–1963 гг.), аднатомны “Украінска-нямецкі слоўнік” Зянона Кузелія і Яраслава Рудніцкага (створаны нацыянальна свядомымі галіцкімі ўкраінцамі), якія з’яўляюцца як бы дзвюма палавінкамі аднаго медаля і дазваляюць запоўніць лакуны. Акрамя таго, некаторыя лексемы былі спраўджаны па працах Юрыя Шавялёва “Украінская пісьмовая мова 1798–1965. Яе развіццё пад уплывам дыялектаў” (Вісбадэн, 1966). У выпадку адсутнасці некаторых лексем у названых слоўніках аўтарам выкарыстоўваўся і двухтомны ўкраінска-нямецкі слоўнік Яўгена Жэлехіўскага (1886 г.). Акрамя таго быў задзейнічаны і Этымалагічны слоўнік украінскай мовы, а таксама Этымалагічны слоўнік рускай мовы М.Фасмера, Гістарычны слоўнік украінскай мовы Я. Цімчанкі (2002–2003). У якасці крыніцы дыялектнага матэрыялу М.Мозэр звяртаўся да другога тома ўкраінскага лінгвістычнага атласа (1988), а таксама да манаграфіі Ф.Жылко “Гаворкі ўкраінскай мовы” (1958 г.), да дыялектнага слоўніка ўкраінскай мовы пад рэдакцыяй Я.Іванова і Я.Рыгера і некаторых іншых сучасных прац украінскіх дыялектолагаў. У якасці ўкраінскіх – а дакладней галіцкіх – аўтар разглядае лексемы – запазычанні з польскай мовы, якія і сёння шырока ўжываюцца ў галіцкім варыянце ўкраінскай мовы, і толькі там. У рэцэнзуемай працы М.Мозэра таксама цікавіла праблема адштурхоўвання народнікаў ад царкоўнаславянскай і рускай (расійскай) пісьмовай традыцыі. Па словах М.Мозэра, “пераапрацоўшчыкі і аўтары даследуемых чытанак 1871 і 1872 гг. належалі да першай генерацыі асоб, якія хацелі пачаць цалкам незалежную ад папярэднікаў традыцыю, што стала для галіцкіх украінцаў зручным вырашэннем праблемы пісьмовай мовы” (с. 31).

Чацвёрты раздзел аналізуемай працы прысвечаны даследаванню толькі тытульных старонак і заўваг Міністэрства адукацыі, якія адзначаны ў аналізуемых чытанках і падручніках. Аўтар канстатуе, што арфаграфія большасці выданняў пабудавана на этымалагічным прынцыпе, фанетычнае пісьмо стала ўжывацца толькі пачынаючы з 1893–94 гг. Шляхам пакрокавага аналізу Мозэр дасканала аналізуе арфаграфію і лексіку тытульных старонак, адзначаючы царкоўнаславянскія формы, варыянты напісання (у т.л. марфалагічныя). Падсумоўваючы, аўтар адзначае, што пераважна тытульныя старонкі ўсіх выданняў, у т.л. настаўніцкага календара, адлюстроўваюць народную мову, нягледзячы на некаторы царкоўнаславянскі ўплыў.

Што датычыцца заўваг Міністэрства адукацыі, то і тут прэвалюе народны моўны субстрат, асабліва кансеквентнымі аказаліся чытанка для трэцяга класа народных школ і чытанка Астапа Лявіцкага для чацвёртага класа народных школ.

Пяты раздзел манаграфічнага даследавання прысвечаны лінгвістычнаму аналізу чытанак у параўнальным тэксталагічным аспекце з папярэднімі аналагічнымі выданнямі. Буквар 1872 г. з’яўляецца класічным выданнем, у якім практычна паслядоўна вытрымліваюцца нормы ўкраінскай мовы, практычна пазбаўленай ад царкоўнаславянскага ўплыву. У параўнанні з папярэднімі выданнямі: Букваром 1870 г. і першай чытанкай Васыля Кавальскага 1855 г. тэксты аналізуемага выдання даволі значна перапрацаваныя і ўкраінізаваныя, у некаторых выпадках нават фанетызаваныя: напр., кнежилъ (1870) – кнеживъ (1872). Аднак некаторыя напісанні непаслядоўныя: традыцыйнай выглядае фіналь лексем волосье, въ Замостью (с. 47). У параўнанні з выданнем 1855 г. даволі значную перапрацоўку зазналі і выслоўі на арфаграфічным і марфалагічным узроўнях. Аналагічныя назіранні аўтар робіць і ў дачыненні да правілаў вучням, якія размяшчаліся на старонках першых чытанак: мова выдання 1855 г. больш славянізаваная ў параўнанні з познімі перавыданнямі. А вось што тычыцца біблійных тэкстаў (с. 59–60), то і новыя выданні не пазбеглі царкоўнаславянскага ўплыву, аўтар называе мову малітваў, размешчаных на старонках чытанак, “мяшанай”.

Тэндэнцыя да пазбаўлення ад царкоўнаславянізмаў бачная і ў разнастайных рэмарках і заўвагах: оупражненïе замененыя на вправы, содержанïе на содержанье і г.д. Аўтар дасканала аналізуе і заўвагі для настаўнікаў (с. 62–68), у якіх нягледзячы на “кніжнасць” мовы таксама адчувальны народны ўкраінскі струмень. У першых чытанках у якасці невялікага тэксту для чытання размяшчалася невялікая гістарычная даведка, якая давала ўяўленне аб геаграфіі і гісторыі Галіцыі (пачынаючы ад Рурыкаў, які княжыў у Кіеве (на Русі) і заканчваючы Ужгарадам). Тэкст змяшчае шмат тапонімаў, што дазваляла вучням уключыць знаёмыя ім мясціны ў больш шырокі геаграфічны дыяпазон Старажытнай Русі. Акрамя таго, распавядаючы пра гісторыю, настаўнік павінен быў звярнуць увагу на тое, што Русь і русіны жывуць побач і карыстаюцца практычна адной мовай.

Аналіз чытанак для другога класа народных школ пачынаецца з ранішняй малітвы, аўтар заўважыў шмат зменаў у выданні 1872 г. у параўнанні з выданнем 1870 г. таксама на карысць украінскай мовы. Чытанкі для другога класа змяшчалі шмат разнастайных тэкстаў рэлігійнага і маралістычнага зместу, прэзентуючы хрысціянізаваную і манархічную карціну тагачаснай школы. Асабліва цікавай падалася нам інфармацыя аб тым, што ў адным тэксце выкарыстаная простая мова і аўстрыйскі імператар гаворыць па-русінску (с. 82–83): бuвъ то певно дuже uбогïй чоловекъ, коли на похороне его не ма некого; "отцемъ убогихъ и богатыхъ (с. 83). Змешчаныя біблійныя тэксты ўжо не маюць такога моцнага ўплыву царкоўнаславянскіх моўных сродкаў, можна сказаць, што яны выглядаюць цалкам па-народнаму.

Чытанка для другога класа змяшчае таксама і граматычныя практыкаванні, арфаграфія яе заснаваная на этымалагічным прынцыпе. Тут сустракаецца і лінгвістычная тэрміналогія. Часта аўтары звярталі ўвагу на розніцу ў арфаграфіі, якая ўжывалася ў “царкоўных кніжках” і ў школьных падручніках, з чаго можна зрабіць выснову аб тым, што першыя былі вядомы вучням і настаўнікам. У падраздзеле “На шляху да новай пісьмовай мовы” Мозэр робіць выснову, што чытанка для другога класа народных школ давала вучням элементарныя веды з галіны прыродазнаўства, хрысціянскай маралі, гісторыі Аўстра-Венгрыі, у той час як русіны і іх гісторыя не былі прадметам тэкстаў для чытання.

Аналіз чытанкі для трэцяга класа народнай школы (1871 г.) пачынаецца з назірання, што дадзенае выданне змяшчае ў сябе шэраг інавацый, невядомых чытанкам для першага і другога класа. У параўнанні з выданнем 1859 г. гэтая чытанка падверглася значнай перапрацоўцы зноў-такі ў бок пазбаўлення ад царкоўнаславянізмаў на карысць народных элементаў: так, фіналь дзеясловаў 3-й ас. адз. л. прошлага часу паслядоўна перадаецца як в (падавъ), паслядоўна перадаецца таксама звужаны о ў новых закрытых складах (догадuвавъ се). Толькі ў новай версіі сустракаюцца фанетызаваныя формы тыпу зо мною, зъ вотцемъ. Царкоўнаславянізмы і русізмы сустракаюцца ў дадзеным выданні спарадычна, у стылізаваным вершы “Залаты крыжык”, які практычна без змен трапіў з выдання 1859 г. у выданне 1871 г. У чытанцы для трэцяга класа змешчана таксама прытча пра блуднага сына, мова якой у папярэднім выданні насычана царкоўнаславянізмамі, а ўжо ў выданнў 1871 г. вельмі набліжана да народнай. Выданне чытанкі для трэцяга класа насычана тэкстамі рознай тэматычнай накіраванасці: тэксты, якія вучаць сумленна працаваць, вучаць любіць радзіму, распавядаюць пра свет і яго жыхароў, пра Амерыку, Аўстрыю, яе народы і гарады, невялічкі тэкст з гісторыі Русі, тэкст пра Галічыну, якая намінуецца як каралеўства (а не княства), змешчаны таксама гімн кайзеру, мова якога дарэчы набліжана да кніжнай, відаць, з-за наяўнасці шматлікіх абстрактных намінацый (покровитель, устроитель, судьба, вера) і інш. Асобны параграф прысвечаны моўным інавацыям, якія адзначаны ў чытанцы для трэцяга класа. Так, аўтар пералічае формы тыпу хто, суфікс -ува- ў дзеясловах прошлага часу, фанетызаваныя формы тыпу мовчки, фіналь -ть у 3-й ас. адз. л. прэзенса і інш. Такім чынам, чытанка для трэцяга класа – гэта яшчэ адзін крок да ўдасканальвання народнай мовы, якая выкарыстоўвалася ў русінскіх школах.

Вялікі раздзел манаграфічнага даследавання аўстрыйскага славіста прысвечаны чытанцы для чацвёртага класа 1872 г., аўтарам якой быў Астап Лявіцкі. Спачатку даследчык знаёміць нас з жыццёвым шляхам Лявіцкага, які належаў да кола народнікаў і працаваў у рэчышчы стварэння ўкраінскай літаратурнай мовы на аснове народнай размоўнай мовы. Лявіцкі працаваў у газетах рэдактарам, быў блізка знаёмы з народнікамі (Амельянам Партыцкім і Александрам Барвінскім), якія ў той час, калі Лявіцкі працаваў над сваёй чытанкай для чацвёртага класа, стваралі падручнікі для старэйшых класаў гімназіі, аднак не ў якасці арыгінальных твораў, а ў якасці анталогій.

Чытанка Лявіцкага налічвае каля 370 старонак, у ёй змешчаны вершы, тэксты (напрыклад, “Моц малітвы”), біблійныя фрагменты (урыўкі з псалмоў, прытчаў Саламона). Мова тэкстаў максімальна набліжаная да народнай. Даследчык аналізуе практычна кожную лексему і кожную словаформу з выбраных тэкстаў, супастаўляе іх з дыялектнымі галіцкімі адпаведнікамі і прыходзіць да высновы, што Лявіцкі зрабіў значны крок наперад у выпрацоўцы літаратурнага стандарту на базе народнай мовы.

У чытанцы для чацвёртага класа змешчаны вершаваны тэкст пад назвай “Родная мова” з буквара Ізідора Варабкевіча, у эмацыянальных сказах адчуваецца клопат пра захаванне і развіццё дыялектнай мовы. З гэтай чытанкі вучні даведваюцца таксама, дзе знаходзіцца Русь, атрымліваюць элементарныя веды па прыродазнаўству (напрыклад, як утварылася зямля), кім з’яўляюцца славяне і на якіх мовах яны гавораць, тэксты адміністрацыйнага кшталту паведамляюць пра будову Аўстра-Венгрыі, асобны тэкст прысвечаны Галічыне, а таксама амерыканскай гісторыі. М.Мозэр адзначае, што чытанка Лявіцкага – гэта дакумент свайго часу. У параўнанні з выданнямі, прысвечанымі першым тром класам, у чытанцы для чацвёртага класа практычна адсутнічаюць недакладнасці і слабыя месцы, мова чытанкі вельмі падобная да сучаснай украінскай літаратурнай мовы. Невялікая колькасць русізмаў і царкоўнаславянізмаў, непазбежная для таго часу і такога выдання, не ўплывае на цэльнасць тэксту.

Асобны раздзел манаграфіі прысвечаны настаўніцкаму календару 1873 г. Гэтае выданне дае ўяўленне аб мове, якой карысталіся настаўнікі народных школ, аб іх літаратурным стандарце. У календары змешчаны пералік дзён, святаў, заўвагі метэрэалагічнага характару, статуты і распараджэнні для школ і настаўнікаў. Нечаканай для аўтара стала вялікая колькасць варыянтаў, асабліва арфаграфічных і марфалагічных, якія сустракаюцца на старонках календара, варыянтнасць назіраецца і ў выбары шрыфтоў.

У якасці высновы даследчык адзначае, што галіцкія русіны ў моўным аспекце ў 70-я гг. ХІХ ст. мелі свой адметны шлях развіцця ў галіне выпрацоўкі літаратурнага стандарту. Галіцкія ўкраінцы, якія працавалі над стварэннем літаратурнай мовы на народнай аснове і дзейнічалі ў рэчышчы моўных традыцый, закладзеных Іванам Катлярэўскім, Тарасам Шаўчэнкам і інш. “дняпроўскіх” украінцаў, уносячы ў літаратурны стандарт шмат галіцкіх элементаў, усё ж не да канца дасягнулі сваёй мэты, што ніяк не прыніжае вартасці моўнай дзейнасці народнікаў (с. 215).

Апошні раздзел манаграфічнага даследавання “Сінхронны агляд”– гэта абагульненне высноў, зробленых аўтарам у папярэдніх раздзелах. М.Мозэр адзначае, што прааналізаваныя выданні ўзніклі ў рэчышчы стварэння новай літаратурнай украінскай мовы на базе народнай мовы. Параўнанне выданняў 1871 і 1872 гг. з папярэднімі сведчыць аб тым, што на працягу менш чым двух дзесяцігоддзяў гэтыя працы падвергліся ў моўным аспекце істотным зменам. Інавацыйны характар маюць і выданні, якія выйшлі толькі праз два гады пасля аналагічных. Папярэднія выданні былі яшчэ даволі моцна насычаны русізмамі і царкоўнаславянізмамі, у новых выданнях выразна адзначаны крок наперад па ўдасканаленні літаратурнай мовы і набліжэнні яе да народнай мовы. М.Мозэр па пунктах пералічвае моўныя асаблівасці на ўзроўні арфаграфіі, марфалогіі, лексікі, характэрныя для аналізуемых выданняў. Найбольшай ступенню інавацыйнасці і кансеквентнасці вылучаецца праца Астапа Лявіцкага, якога аўстрыйскі даследчык лічыць прыхільнікам народнікаў. Адзначаныя выданні былі прызначаны канкрэтна для народных русінскіх школ, таму ў іх шмат “русінскай” тэматыкі, акрамя таго шмат звестак пра Украіну, Аўстра-Венгрыю і больш далёкія краіны.

У падсумаванні аўтар адзначае, што менавіта такі дэталёвы (“пакрокавы”) аналіз дазволіў паказаць інтэнсіўнасць моўнай дзейнасці ў Галіцыі ў 70-я гг. ХІХ ст. З аналізуемых выданняў для гісторыі ўкраінскай мовы асабліва каштоўнай з’яўляецца праца Лявіцкага, паколькі яна мае цалкам аўтэнтычны характар.

Апошні параграф манаграфіі – гэта погляд у сучаснасць, рэфлексія над моўнымі рэформамі, якія перажыла ўкраінская мова (як і беларуская) у другой палове ХХ ст. Мозэр пералічвае тыя лексемы, якія кваліфікаваліся як “варожыя” і забараняліся ўладамі (лексемы выбраныя з працы “Украïнська мова ў ХХ сторіччі: історія лінгвоціду. Документи і матеріали”, 2005 г.). Частка з іх – галіцкія.

Праца М.Мозэра – выразны крок наперад у славістыцы ў галіне сацыялінгвістычных і лінгватэксталагічных даследаванняў. Яна паказвае, якім чынам лінгватэксталагічную методыку можна выкарыстоўваць у сацыялінгвістычных даследаваннях, каб канстатаваць не толькі моўныя змены, якія адбываліся ў розных выданнях у розныя перыяды, але і выявіць пэўную моўную “свядомасць” і мэтанакіраваны характар гэтых зменаў.

Ірына Будзько


Вугорска-беларускі слоўнік / Пад рэд. Атылы Голаша і Ларысы Станкевіч. Нірэдзьгаза 2007. – 280 с. // Magyar-fehérorosz szótár / Szerk. Hollós Attila és Larisza Sztankevics. Nyíregyháza 2007. – 280 p.
Год таму, у 2006 г., у Будапешцкім універсітэце імя Лоранда Этвеша быў выдадзены першы венгерскі падручнік па беларускай мове – Ларыса Станкевіч, Жужа Каткіч. Дваццаць сустрэч з Беларуссю: Падручнік па беларускай мове для пачаткоўцаў. Пад агульн. рэд. Андраша Золтана. Будапешт 2006 (http://nti.btk.pte.hu/dogitamas/BHF_FILES/?id=nez&mapid=72&tip=pdf), – які засведчыў глыбокую цікавасць венграў да культуры і мовы нашай краіны. Гэтая цікавасць не падаецца выпадковай, яна падмацавана вельмі даўнімі гістарычнымі стасункамі: славянскае насельніцтва паўночна-ўсходняй Венгрыі ў XIV стагоддзі атрымлівала рукапісныя і друкаваныя літургічныя кнігі ва ўкраінскай і беларускай рэдакцыях. Нельга забывацца і на тое, што венгерскі кароль Стэфан Баторый на працягу дзесяці гадоў быў таксама і літоўскім князем. Менавіта ў перыяд яго княжання, у XVІ стагоддзі, словы венгерскага паходжання пачалі праз польскае пасярэдніцтва ўваходзіць у беларускую мову. Да таго ж, невыпадковае і з’яўленне ў гэты час аднаго з помнікаў рэнесанснай літаратуры – першага беларускага рукапіснага перакладного сачынення на венгерскую тэму “Гісторыя пра Атылу, караля Вугорскага” Міклаша Олаха. У наш час пытанні венгерска-беларускіх моўных сувязей асветлены ў працах Лаяша Сёке, Андраша Золтана, Гергея Коша, Эстэр Смолінкі, М. Аляхновіча, Л. Станкевіч і многіх іншых навукоўцаў.

У працяг венгерска-беларускай лінгвістычнай літаратуры ў чэрвені 2007 г. быў выдадзены “Вугорска-беларускі слоўнік”. Гэтае лексікаграфічнае выданне, якое пачыналася з невялікага слоўніка ва ўжо згаданым падручніку Л. Станкевіч і Ж. Каткіч (каля 4500 слоў), змяшчае ўжо каля 13000 слоў і прызначана для студэнтаў ВНУ Венгрыі, аднак самі складальнікі ў Прадмове да слоўніка дадаюць, што ён можа быць цікавы і турыстам (с. IV). Сапраўды, у слоўнік уключана значная колькасць геаграфічных назваў, напісанне і вымаўленне якіх можа стацца незразумелым для іншаземных турыстаў, напрыклад, Czehország – Чэхія (с. 26), Duna – Дунай (с. 31), Észtország – Эстонія (с. 53), Görögország – Грэцыя (с. 75), Lettország – Латвія (с. 145), Németoszág – Германія (с. 181) і інш. У гэтым аспекце надзвычай важным з’яўляецца і падача ў слоўніку пэўнай колькасці слоў, якія можна лічыць венгерска-іншамоўнымі экзатызмамі і якія перадаюць асаблівасці культуры, побыту і гісторыі венгерскага народа: kiegyezés 1. здзелка; кампраміс; az 1867-es ~ кампраміс 1867 г. 2. пагадненне (с. 116); KRESz правілы дарожнага руху (с. 134); málnaszörp вада з малінавым сіропам (с. 149); naturszelet адбіўная смажаніна (с. 180).

Як жыхарам былой сацыялістычнай садружнасці беларусам будзе цікава заўважыць і адваротную з’яву – некаторыя словы вельмі лёгка пазнаюцца: kolhoz калгас, kolhozparaszt калгаснік (с. 125), kulak tört кулак (с. 134, памета tört тлумачыцца як történelem – гісторыя).

Увогуле безэквівалентнасць (эндэмічнасць) венгерскіх лексічных адзінак – з’ява надзвычай частотная ў слоўніку з прычыны аглютынатыўнага характару венгерскай граматыкі і надзвычай пашыранага словаскладання: divat мода; a legutóbbi ~ szerint па апошняй модзе; divatárunáz галантарэйны магазін; divatbemutató дэманстрацыя мод; divatlap часопіс мод; divatos модны; divatszalon атэлье мод (с. 30).

Сінтэтызм венгерскай мовы аб’ядноўвае ў адно словаўтваральнае гняздо такія лексемы, якія ў беларускай мове не з’яўляюцца аднакаранёвымі, напрыклад, ház дом, хата; haza радзіма, айчына; házas жанаты; házaspár жанатая пара; házastársak муж і жонка; házigazda гаспадар (с. 85). Гэта дазваляе беларускім чытачам cлоўніка ацаніць нацыянальную спецыфіку светабачання мадзьяраў, іх скіраванасць на сям’ю, гаспадарку, бацькаўшчыну (як гэта падобна да нас, беларусаў!).

Граматычны апарат слоўніка разнастайны, ахоплівае розныя бакі структуры мовы: кіраванне і трывальныя пары дзеясловаў, стылістычнае словаўжыванне, варыянтныя канчаткі і канчаткі роднага і меснага склонаў назоўнікаў, прыстаўныя галосныя, змены месца націску пры словазмяненні. Сістэма беларускай мовы ў слоўніку выражана шляхам падачы ў тлумачальнай частцы слоўнікавых артыкулаў полісемічных адзінак (sereg 1. войска; армія; 2. натоўп; гурт; маса; мноства (с. 218)), а таксама шляхам адлюстравання сучаснай беларускай лексічнай і граматычнай варыянтнасці (Magyarország Венгрыя; Вугоршчына (с. 149); májusi майскі, маёвы (с. 149); marhashús ялавічына; гавядзіна (с. 150)).

Варта, аднак, заўважыць, што, хоць слоўнік прызначаны выклікаць цікавасць да нашай мовы і да Беларусі ўвогуле, беларускія рэаліі не знайшлі ў ім паўнавартаснага адлюстравання, нават і на “турыстычным” узроўні. Сустракаюцца толькі адзінкавыя выпадкі фіксацыі урбаністычных і антрапанімічных назваў, у прыватнасці, Grodno Гродна (с. 75); mellett каля, пад чым; Breszt ~ пад Брэстам (с. 169); mellől ад каго-чаго; з-пад чаго; Minszk ~ з-пад Мінска (с. 169); Vazul Васіль (Базыль) (с. 267).

На жаль, у структуру слоўнікавага артыкула не ўвайшлі фраземы, хоць, згодна з агульнапрынятай лексікаграфічнай практыкай, пададзены ўстойлівыя словаспалучэнні. Зразумела, што гэта першая спроба лексікаграфічнага апісання такіх розных моў і, напэўна, праца ў гэтым напрамку будзе працягвацца. Хочацца спадзявацца, што пры далейшай дапрацоўцы ў слоўнік будуць дабаўлены адзінкі з беларускага фразеалагічнага фонду, паколькі яны, як ніякія іншыя моўныя сродкі, здольныя наблізіць замежнага чытача да побыту і светаўспрымання беларусаў. Знайшлі ж венгры агульную мову з палякамі, як відаць з польскай прыказкі Polak z Węgrem dwa bratanki, i do szabli, i do szklanki (Buttler D. Frazeologia polska. 1980. S. 9)! Так і беларускі лад жыцця і асаблівасці светаўспрымання пададуцца венграм блізкімі і зразумелымі, калі будуць увасоблены ў выразных узорах нацыянальнай парэміялогіі.

У якасці падсумавання неабходна падкрэсліць безумоўную актуальнасць і высокую навучальную вартасць “Вугорска-беларускага слоўніка” і пажадаць яго складальнікам вялікага плёну ў далейшай працы на карысць нашых дзяржаў, а навучэнцам венгерскіх ВНУ – цікавасці да беларускай мовы і культуры і ўвогуле да месца Беларусі ў свеце.
Ірына Савіцкая

Гл. таксама: http://nn.by/index.php?c=ar&i=12265

1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница