Алесь дуброўскі-сарочанкаў гефсіманскае галлё



Скачать 61.76 Kb.
Дата01.05.2016
Размер61.76 Kb.
Алесь ДУБРОЎСКІ-САРОЧАНКАЎ

ГЕФСІМАНСКАЕ ГАЛЛЁ

Нізка вершаў

***
Госпад, Бог твой, ёсць агонь, які паядае.

З Бібліі
Мы жылі ў гэтым свеце, не верачы

ані ў бездань, ані ў вышыню…

Знікла ўсё. Я стаю перад веліччу

і жыццё сваё сню.


Знікла ўсё, і крыштальнымі кроплямі

час дрыжыць на струне небыцця.

Пан Агонь сівым прысакам-попелам

перасыпаў прасцяг,


бо ў сусвеце з яго “непахіснасцю”

падуладна ўсё Пану Агню…

Знікла ўсё. Я стаю перад існасцю

і бясконцае сню.

* * *
Хвіліны ёсць, калі маўчаць нябёсы,

самота ліжа сэрца берагі.

Ты нёс піялу слёз і неданёс, і…

І на падлозе – лужына тугі.


Ты просіш голасам напоўніць твае вушы,

ды стуленыя вусны цішыні,

і вочы неба снежань зацярушыў,

і лёс твой зацярушыў твае дні.


І без натхнення памірае вечар,

і б’ецца ноч у вокнаў берагі…

Ты нёс бакал самоты чалавечай…
І на падлозе лужына тугі.

* * *
Benedictus, Qui venit in nomine Domini…1

Блаславёны, хто грае патрэбную ролю.

Расцякаецца ноч легкаважкімі промнямі,

што народжаны ціхай тугой жырандоляў.
Мы праменне. Наш шлях анікім не акрэслены.

Лёс наш – цемру ўлагоджваць, бы жонку ліхую.

………………………………………………………

Божа, будзь маёй зоркаю, будзь маім крэсівам:

benedictus, qui venit in nomine Tui.2

* * *
Я не ведаю, як разумець гэты свет,

я не ведаю, як мне вяртацца адгэтуль

да Цябе, да Таго, Хто аддаў мне планету –

найтаемнейшую сярод іншых планет.
Я не ведаю, як мне змываць гэты бруд,

гэты чорны куродым спатнелых стагоддзяў.

Сярод гэтай зімы я зусім не па модзе

апрануты ў старых абгавораў сурдут.


Бо ў маім гардэробе – ганебнае тло,

а ў гасцёўні маёй нават згнілі шпалеры.

“І па водах ступіць не хапае ўжо веры.”

Значыць, трэба мяняць неадкладна жытло.


Значыць, трэба спыніць гэты моташны сон,

трэба вырвацца з гэтых ліпучых абдымкаў.

Спадзяюся, не знойдзе ніхто чорнай скрынкі,

толькі скажа той слуп на рагу: “And so on”1.

* * *
Вазьмі мой голас, працягні руку мне,

святло ў вакне мне запалі ярчэй.

Ты бачыш: сёння я чамусьці сумны;

хоць Ты са мной – я не з табой яшчэ.


Я не з Табой, я ад Цябе далёка.

Ты – ля дзвярэй, я ж не знайду ключэй.

Ды бачыш Ты праз мураванне змроку

агонь лампады – крык маіх вачэй.

* * *
Ты разгарні маю тугу,

як доўгі ліст з-за акіяна,

і сярод зорнага туману

параскідай, нібы лузгу.


Ты прачытай маё жыццё,

маю адвечную самоту

і на маё пытанне: “Хто Ты?” –

адказ шапні, як адкрыццё.


Мой голас велічнай рукой

вазьмі і распусці ў сусвеце.

Няхай прысніцца ўночы дзецям

пяшчотных зорак малако.


Даруй, я не магу спыніць

сваю бязглуздую малітву:

так многа смешных і нязбытных

патрэбна мар Табе адкрыць.


Сустрэнь нястрога гэту плынь,

“славес” маіх прабач кашчавасць.

Ды сярод вечнасці глыбінь

маю гранічную цікавасць1

Ты без увагі не пакінь.

* * *
Веру. І гэтая ноч

расціскае пяшчотныя пальцы.

Памяць плыве ў вышыню.

Я забываю свой сон пра жыццё.

Пачынаюцца танцы

дзіўных стварэнняў агню.
Што гэта? Чый гэта позірк?

Вар’яцтва – цудоўнае слова.

Здані да свечкі ляцяць.

Вусцішна тут. Я спрабую

прабрацца ў будову

ісціны.


Цяжка пісаць.
Цяжка пісаць і не ведаць,

ці знойдзецца нехта з вачыма

ў гэтым сусвеце сляпых.

Дайце душы маёй крыку

і больш не пытайце прычыны.

Што вам з прычынаў маіх?


Веру. І гэты давер

да спрадвечнага Госпада-Слова

цвік мой, і крыж мой, і трон.

Так, sola fide1, магчыма, спасцігну будову

багны й нябёсаў закон.

* * *
Цесныя вароты і вузкі той шлях,

што вядуць у жыццё…

З Бібліі
Разальецца сонца ў небе полымем,

і забудзе мора берагі.

Каралямі, безнадзейна голымі,

разбягуцца ў сораме шляхі.

Ды ў хаосе велічы і роспачы,

асвятліўшы ўсіх вар’ятняў жах,

як прамень у непрагляднай поўначы

бедзе ўсё ж той найвузейшы шлях.

* * *
Цень гефсіманскага галля

згушчаў самоту страшнай ночы,

і Ён маліўся: “Ава Ойча,

хай будзе воля не Мая.
Хай будзе воля не Мая:

хай страшны келіх, што прарочыў

Мне выпіць лёс, – як Ты захочаш –

ці вып’ю, ці не вып’ю я”.


І Ён згадзіўся з Божай воляй…

Нам келіх той не выпіць болей,

ды гефсіманскае галлё
і зараз нас, бывае, страшыць,

і шэпчам мы: “Згінь, насланнё!

Хай воля здзейсніцца не наша”.

З Эклесіяста

1
І мовіў Саламон: усё пустая марнасць.

Як плёну паспытаць ад працы сваіх рук?

Сыходзіць род людскі, зямля ж заўжды ўладарыць,

малюе сонца свой бясконцы круг.
Ад поўначы да поўдня кружыць вецер.

нясуць даніну мору рэкі ўсе,

ды як напоўніць мора?.. Дзён суквецце

знікае ў смецці пакрысе.


І як напоўніць вока зрокам,

як вуха слуханнем заліць,

як не пакінуць шанц сурокам,

што тчэ стагоддзяў ніць?

2
Што рабілася, тое й будзе рабіцца,

што было калісь, тое вернецца зноў.

Нам не суджана ў гэтым свеце здзівіцца,

бо старое ўсё ад пачатку часоў.


Кола коціцца па старой каляіне,

і што дзеецца – дык не ў першы ўсё раз.

Няма памяці пра былыя часіны,

і ў нашчадкаў не будзе – пра нас.

3
І быў я пастырам. Ізраіль быў мой статак.

Я свет хацеў змясціць у розума палон.

(Даў людзям Бог цяжкі гэты занятак –

практыкавацца ў ім да скону сваіх дзён.)


Я бачыў справы ўсе, што робяцца пад сонцам.

І вось усё – плён марнасці благі.

Не выпрастаў крывых, не падлічыў бясконцасць,

астатняе зрабіў, ды толькі сэнс які?


І кінуў мудрасць я – сумніўную навуку,

і вырашыў спазнаць вар’яцтва хараство.

Але і гэта – горкае пітво:

хто веды множыць – памнажае скруху…

Усюды марнасць і тамленне духу.

4
Для кожнай рэчы ёсць свой час пад небам:

выходзіць з глебы і вяртацца ў глебу;

час насаджаць і выдзіраць з зямлі;

забіў учора – сёння ацалі;

час разбураць і будаваць палацы;

для плачу час і час, каб пасмяяцца;

час скардзіцца на лёс і час скакаць,

раскідваць камяні і іх збіраць;

час абдымаць і бегчы ад абдымкаў,

збіраць у скрынку, выкідаць са скрынкі;

час, каб знайсці ўсё, час – усё згубіць;

час раздзіраць, сшываць; час, каб любіць,

і час, каб ненавідзець усім сэрцам,

балакаць аб жыцці, маўчаць аб смерці;

ёсць змрочны час вайны, ёсць міру час…

5
Я бачыў пад сонцам: на месцы суда – беззаконне,

дзе праўда павінна ўладарыць – хлусоў панаванне.

І ў сэрцы сваім я прамовіў: о цемры прадонне!

Распусныя суддзі, адбудзецца суд і над вамі.


І ў сэрцы сваім я сказаў пра сыноў чалавечых,

што гэта жывёліны, розніцы тут аніякай;

як тыя сыходзяць у смертухны злую пустэчу,

таксама і гэтыя: што чалавек, што вужака…


Бо ўсё гэта марнасць, ідзе ўсё ў адзінае месца.

Дзе дух наш набудзе спакой – толькі Богу вядома,

а цела – а цела ва ўсіх з аднаго, пэўна, цеста:

мы з глебы прыйшлі і нам трэба вяртацца дадому.


І ўбачыў я: самае лепшае ў гэтым сусвеце –

піць келіх жыццёвы і піць той напой з асалодай,

бо ўрэшце адыдзем, і хто прывядзе паглядзець нас,

што будзе пасля адыходу?



1 Блаславёны, Хто ідзе ў імя Госпада (лац.).

2 Блаславёны, хто ідзе ў імя Тваё (лац.).

1 І гэтак далей (англ.).

1 Гранічная цікавасць – так тэолаг XX стагоддзя П. Ціліх называў веру.

1 Толькі верай (лац.).


База данных защищена авторским правом ©bezogr.ru 2016
обратиться к администрации

    Главная страница